Dec 16, 2007

Правілы дарожнага руху для раварыстаў

Ровар, як вядома, дорыць пачуцьцё палёту, свабоды і радасьці.
На жаль, хто-ніхто пераносіць гэтую летуценнасьць на сур’ёзныя рэчы: ня ставіць сьвятла, едзе насустрач руху, чым даводзіць сустрэчных да шаленства, ня ведае правілаў дарожнага руху.

Гэты тэкст набіраўся для роварных нэафітаў, для пачаткоўцаў, у тым ліку злосных і хранічных :). У ім з новых беларускіх правілаў дарожнага руху выдраныя рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненьне да раварыстаў. Канцылярска-бюракратычны тэкст я дапоўніў сваімі неабавязковымі камэнтарамі з прэтэнзіяй на карыснасьць. У выніку атрымалася невялічкая хрэстаматыя для раварыстаў, што не вызваляе, вядома, ад чытаньня ПДР цалкам.

2.15. дарога — комплекс інжынэрных збудаваньняў альбо паласа зямлі, якая прызначана і выкарыстоўваецца для руху ва ўсталяваным парадку транспартных сродкаў і пешаходаў;
[інакш кажучы, дарога — гэта і ходнік, і веладарожка, і ўзбочына; далей у правілах табе забароняць езьдзіць па дарогах у сьнегапад і галалёд, якія б шыпы не вытыркаліся з тваёй пакрышкі, дык вось ведай: гэта значыць — па ходніках таксама нельга, сядзі дома і не пантуйся]


2.21. жылая зона — тэрыторыя, уезды на якую і выезды зь якой абазначаныя дарожнымі знакамі «Жылая зона» і «Канец жылой зоны», а таксама дваравая тэрыторыя, якая прылягае да жылой забудовы;
[Далей, у п. 136, скажуць, што аўтамабілісты мусяць прапускаць цябе, калі яны выяжджаюць з жылой зоны, але практыка паказвае, што некаторыя аўтамабілісты лічаць выезд з жылой зоны скрыжаваньнем, асабліва, калі там няма згаданага знаку (а яго амаль ніколі няма), дзе яны раварыста безь веладарожкі прапускаць ня мусяць. Так што будзь асьцярожны, карыстайся перавагай настойліва, але абачліва. Увага, п. 100 насуперак Вэнскай канвэнцыі дазваляе аўтамабілістам не прапускаць цябе пры павароце ў двары, калі там няма велапераезду!]


2.45. скрыжаваньне — месца перасячэньня, межаваньня альбо разгалінаваньня дарог на адным узроўні. Мяжа скрыжаваньня вызначаецца ўяўнымі лініямі, якія злучаюць адпаведна процілеглыя, найбольш аддаленыя ад цэнтру скрыжаваньня пачаткі закругленьняў праезных частак дарог. Ня ёсьць скрыжаваньнямі перакрыжаваньні з роварнымі, пешаходнымі дарожкамі й дарожкамі для вершнікаў;
[калі веладарожка выяжджае на аўтадарогу, трэба прапускаць машыны, застаецца дробязь: знайсьці такую веладарожку, заезд у двор — таксама скрыжаваньне.]


2.46. пешаход — фізычная асоба, якая ўдзельнічае ў дарожным руху па-за транспартным сродкам, у тым ліку ў інвалідным вазку, на ролікавых каньках, лыжах, на іншым спартовым рыштунку, вядзе ровар, мапэд альбо матацыкл, вязе санкі альбо вазок, і не выконвае ва ўсталяваным парадку на дарозе рамонтныя ды іншыя работы;
[калі саскочыў з ровара — ужо пешаход]


2.49 пешаходны пераход —участак праезнай часткі, прызначаны для руху пешаходаў цераз праезную частку дарогі і пазначаны дарожнымі знакамі «Пешаходны пераход» і (або) гарызантальнай дарожнай разьметкай;
[Па гэтым участку дарогі паводле правілаў, ехаць на ровары няможна. Паводле літары ПДР, пераход бяз знакаў і разьметкі — ня ёсьць пешаходным пераходам, і сьпешвацца там ня трэба, але застаецца пытаньне, як гэтая норма трактуецца. Процьма аўтамабілістаў сьвята верыць, што на даварых выездах раварысты таксама мусяць сьпешвацца]. 


2.5. ровар, веламабіль (далей — ровар) — транспартны сродак, за выключэньнем інвалідных вазкоў, які прыводзіцца ў рух мускульнай сілай чалавека (людзей), якія знаходзяцца на (у) ім;

2.6. роварная дарожка — вылучаны канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разьметкі элемэнт дарогі, прызначаны для руху кіроўцаў ровараў (далей — раварысты), пазначаны дарожным знакам «Роварная дарожка»;

2.48. пешаходная зона — тэрыторыя, прызначаная для руху пешаходаў і раварыстаў, уезды на якую і выезды пазначаныя дарожнымі знакамі «Пешаходная зона» і «Канец пешаходнай зоны»;
[пачытай п.137]


2.72. ходнік — элемэнт дарогі, які мяжуе з праезнай часткай альбо аддзелены ад яе газонам, прызначаны для руху пешаходаў і раварыстаў у адпаведнасьці з гэтымі Правіламі;
[і тут нам можна]


2.8. кіроўца — фізычная асоба, якая кіруе транспартным сродкам
[вось так, усё, што будзе сказана ў дачыненьні да кіроўцаў, можа быць скарыстанае супраць нас]


7. Удзельнікі дарожнага руху абавязаныя:
7.1. ведаць і выконваць датычныя іх вымогі гэтых Правілаў і кіравацца:
7.1.1. сыгналамі (указаньнямі) рэгуліроўніка (далей — сыгналы рэгуліроўніка);
7.1.2. сыгналамі дарожных сьвятлафораў (калі ня вызначана іншае, далей — сьвятлафоры), віды якіх прыведзеныя ў дадатку 1 да гэтых Правілаў;
7.1.3. дарожнымі знакамі згодна з дадаткам 2 да гэтых Правілаў;
7.1.4. гарызантальнай і вэртыкальнай дарожнай разьметкай згодна з дадаткам 3 да гэтых Правілаў;
7.1.5. пералікам няспраўнасьцяў транспартных сродкаў і ўмоў, пры якіх забараняецца іх удзел у дарожным руху, згодна з дадаткам 4 да гэтых Правілаў;
7.1.6. апазнавальнымі знакамі транспартных сродкаў згодна з дадаткам 5 да гэтых Правілаў;
[інакш кажучы, калі ты думаў, што чытаць ПДР цалкам не давядзецца, абламіся]


7.2. не ствараць перашкод і небясьпекі для дарожнага руху, дзейнічаць добрасумленна, карэктна, быць уважлівымі і ўзаемна ветлівымі. Кожны ўдзельнік дарожнага руху, які выконвае гэтыя Правілы, мае права разьлічваць на тое, што й іншыя ўдзельнікі дарожнага руху будуць выконваць пададзеныя ў іх патрабаваньні.
[то бо калі ты прэш на чырвоны сыгнал і лётаеш па 2-й паласе, маеш права чакаць, што цябе абмацюкаюць і сьпіхнуць на ўзбочыну]


9. Кіроўца абавязаны:
9.9. прымаць ва ўзьніклай сытуацыі захады па зьніжэньні хуткасьці, аж да спыненьня транспартнага сродку, каб яны гарантавалі бясьпечныя ўмовы для дарожнага руху пешаходаў (у тым ліку дзяцей, інвалідаў, людзей сталага веку, а таксама раварыстаў, якія знаходзяцца на дарозе), саступаць дарогу пешаходам на нерэгуляваных пешаходных пераходах пры адначасовым для кіроўцаў і пешаходаў дазваляльным сыгнале рэгуліроўніка альбо сьвятлафора;
[о, пачынаецца, раварыстаў уключылі ў дужкі як падвід пешаходаў, ці гэта ім бясьпечныя ўмовы належацца толькі калі яны вядуць ровар пешшу? лепей дбаць самім пра бясьпеку пешаходаў дый пра сваю не забываць]


10. Кіроўцу забараняецца:

10.1. кіраваць транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня альбо ў стане, выкліканым ужываньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных, таксычных альбо іншых ачмуральных рэчываў;
[або на ровары, або «на піва»]

10.2. кіраваць транспартным сродкам у хваравітым ці стомленым стане, які ставіць пад пагрозу бясьпеку дарожнага руху, пад узьдзеяньнем лекавых сродкаў, якія зьніжаюць увагу і хуткасьць рэакцыі;
10.4. карыстацца ў часе руху транспартнага сродку апаратам радыё- і тэлефоннай сувязі, не абсталяваным тэхнічным прыстасаваньнем для размоваў без выкарыстаньня рук;
[а ёсьць жа фокусьнікі, якія размаўляюць па мабіле на ровары; і 5 капеек пра навушнікі: на ўпакоўках да іх пішуць, што затыкаць імі вушы пад час язды на ровары ня варта, асабліва ў горадзе ]


17. Пешаход абавязаны:
17.1. рухацца па ходніку, пешаходнай ці роварнай дарожцы, а пры іх адсутнасьці — па ўзбочыне.
[гэтак правіламі веладарожка ператвараецца ў ходнік і наадварот, будзьце ўважлівымі ]


19. У цёмны час сутак і (альбо) недастатковай бачнасьці дарогі ў выпадку руху па ўзбочыне ці па краі праезнай часткі дарогі пешаход, які вядзе ровар, мапэд, матацыкл без бакавога прычэпа, пазначаны габарытнымі агнямі, сыгнальнымі ліхтарамі ці сьвятлазварачальнікамі (сьвятлазварачальнымі стужкамі), мусіць рухацца па ходзе руху транспартных сродкаў.
[заўваж розьніцу: бязроварныя пешаходы ідуць проці руху]


22. Групы дзяцей дазваляецца вадзіць толькі па ходніках, пешаходных і роварных дарожках.
[о, толькі дзетак групамі на веладарожцы і не хапала]


26.[ Сьцісла пра маячкі ці мігалкі: сінія трэба прапускаць, звычайна, гэта актуальна на скрыжаваньнях; (сінія+чырвоныя) трэба прапускаць стоячы ля ўзбочыны, нават калі яны цябе проста даганяюць, а лепш своечасова змыцца на ходнік ]

31. Кіроўца, які зьяўляецца ўдзельнікам дарожна-транспартнага здарэньня, абавязаны:
31.1. адразу ж спыніцца і не прымаць захадаў па зьмяненьні становішча транспартнага сродку, з удзелам якога ўчыненае дарожна-транспартнае здарэньне...
31.4. запісаць прозьвішчы і адрасы відавочцаў дарожна-транспартнага здарэньня, паведаміць пра выпадак у міліцыю і чакаць прыбыцьця работнікаў ДАІ

35. Патрабаваньне рэгуліроўніка пра спыненьне транспартнага сродку выражаецца шляхам падачы сыгналу жазлом ці жэстам рукі, а таксама з дапамогай гучнамоўнага прыстасаваньня. Для дадатковага прыцягненьня ўвагі ўдзельнікаў дарожнага руху рэгуліроўнікам можа падавацца сыгнал сьвістком. Кіроўца мусіць спыніцца ў паказаным яму рэгуліроўнікам месцы.
Сыгналы рэгуліроўніка абавязковыя для выкананьня ўдзельнікамі дарожнага руху, нават калі яны не адпавядаюць патрабаваньням сыгналаў сьвятлафораў ды іншых тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху.
36. Сыгналы рэгуліроўніка маюць наступныя значэньні:
36.1. рукі выцягнутыя ў бакі ці апушчаныя:
36.1.1. з боку левага і правага боку дазволена: трамваю — рух проста, іншым транспартным сродкам — рух проста і направа, пешаходам — пераходзіць праезную частку дарогі;
36.1.2. з боку грудзі й сьпіны: рух усіх транспартных сродкаў і пешаходаў забаронены;
36.2. правая рука выцягнутая наперад:
36.2.1. з боку левага боку дазволена: трамваю — рух налева, іншым транспартным сродкам — рух ва ўсіх кірунках;
36.2.2. з боку грудзі: усім транспартным сродкам дазволены рух толькі направа;
36.2.3. з боку правага боку і сьпіны: рух усіх транспартных сродкаў забаронены, пешаходам дазволена пераходзіць праезную частку за сьпінай рэгуліроўніка;
36.3. рука паднятая ўгару: рух усіх транспартных сродкаў і пешаходаў забаронены ва ўсіх кірунках [= жоўтаму сыгналу сьвятлафору]
[як гэта ні дзіўна гучыць, нярэдка трапляюцца аўтамабілісты, якія выразна тупяць пры выглядзе рэгуліроўніка, будзь удвая ўважлівы на такіх скрыжаваньнях, таксама памятай, што сярод пешаходаў тупяць на рэгуліроўніка яшчэ болей, і выскачыць на дарогу проста пад колы — звычайная справа ]


43. Калі на сыгналы сьвятлафора нанесеныя сылюэты ровара ці пад сьвятлафорам усталяваная абазначальная шыльдачка белага колеру з чорным сылюэтам ровара, дзеяньне сыгналаў такога сьвятлафора распаўсюджваецца толькі на раварыстаў.
[а такія ё?]


56. Перад пачаткам руху, перастраеньнем, паваротам налева ці направа, разваротам і спыненьнем кіроўца абавязаны падаваць сыгнал сьветлавымі ўказальнікамі адпаведнага кірунку, а калі іх няма ... рукой. Пры гэтым:
56.1. сыгналу левага сьветлавога ўказальніка павароту адпавядае левая рука, выцягнутая ўбок, альбо правая рука, выцягнутая ў бок і сагнутая ў локці пад простым вуглом уверх;
56.2. сыгналу правага сьветлавога ўказальніка павароту адпавядае правая рука, выцягнутая ўбок, альбо левая рука, выцягнутая ўбок і сагнутая ў локці пад простым вуглом уверх;
[раю забыцца пра сагнутыя рукі, гэта можа быць няслушна трактавана; таксама раю паказваць зразумелым жэстам свой намер ехаць проста, а не направа, бо гэта часам выклікае шчырае зьдзіўленьне ў некаторых аўтамабілістаў; я звычайна выцягваю руку долу і ўлева стоячы на сьвятлафоры; калі рухаюся, проста паказваю левы паварот, каб аўтакіроўца выразна зразумеў, што зь ім направа я ня еду; дзеля ўнікненьня небясьпечнай сытуацыі, варта заняць такую пазыцыю ў паласе «проста і направа», якая б выключала магчымасьць небясьпечнага абгону аўтамабілем, які паварочвае направа; трэба таксама ўлічваць, што паваротнікі аўтамабілісты нярэдка ўключаць забываюцца]


56.3. сыгнал тармажэньня падаецца паднятай уверх левай альбо правай рукой.
[перад тым, як падаць сыгнал тармажэньня, упэўніся, што здолееш захаваць раўнавагу, ня ўмазацца ў машыну наперадзе і ня вылецець на скрыжаваньне, і, вядома, не тармазі, пакуль не апусьціш на руль абедзьве рукі.]

57.1. падача сыгналу не дае кіроўцу перавагі.
[пераканайся, што паварочваеш не пад бампэр, перш чым паварочваць]


57.2. сыгнал ня мусіць падавацца, калі ён можа ўвесьці ў зман іншых удзельнікаў дарожнага руху.
[ня злоўжывай таксама факамі, кручанымі насамі, сьвідраваньнямі скроні ну й г.д.]


69. У выпадках, калі траекторыі руху транспартных сродкаў перасякаюцца, а чарговасьць праезду не агавораная гэтымі Правіламі, дарогу мусіць саступіць кіроўца, да якога транспартны сродак набліжаецца справа
[але спачатку пераканайся, ці не падпадае твая «перашкода зьлева» пад правіла ДДД]


78. Калі дарожнымі знакамі забаронены рух раварыстаў, вершнікаў і гужавых транспартных сродкаў, кіроўцы транспартных сродкаў мусяць весьці іх як мага бліжэй да правага краю праезнай часткі дарогі (лініі гарызантальнай разьметкі 1.2, што пазначае край праезнай часткі дарогі).
Калі такой забароны няма, то кіроўцы мусяць весьці транспартны сродак як мага бліжэй да левага краю ў межах правай крайняй паласы руху.
[гэтае правіла для аўтамабілстаў, а не для раварыстаў: «мусяць весьці іх» = весьці аўтамабілі]


100. Пры павароце налева ці направа кіроўца мусіць саступіць дарогу пешаходам, якія пераходзяць праезную частку дарогі, на якую ён паварочвае, а таксама раварыстам і вершнікам, якія перасякаюць яе адпаведна па роварнай дарожцы і дарожцы для вершнікаў.
[Насуперак Венскай канвэнцыі гэты пункт дазваляе аўтамабілістам не прапускаць пры павароце раварыстаў, калі няма велапераезаду. Як што заезд у двор — таксама скрыжаваньне, раварысту трэба ўважліва сачыць, ці ня едзе хто ў яго ззаду ці з процілеглага краю дарогі. Пункт стварае вельмі небясьпечны прэцэдэнт, правакуе аварыйныя сытуацыі і канфлікты. Будзьце асьцярожныя.]


103. Пры павароце налева ці развароце па зялёным сыгнале сьвятлафора кіроўца транспартнага сродку, за выняткам трамваю, мусіць даць дарогу сустрэчным транспартным сродкам, якія рухаюцца проста ці направа, і спадарожнаму трамваю.
[налева раварысту ўвогуле рэдка калі можна паварочваць, так што тут галоўная фішка пра трамваі: трамвай трэба прапускаць амаль заўсёды, нават калі ты едзеш проста, а трамвай паварочвае табе насустрач налева, мусіш спыніцца і прапусьціць яго, калі гэта не трамвай, а аўтамабіль, то аўтамабіль прапускае цябе ]


121. Забараняецца апярэджваць трамвай, у якога падчас руху ўключаная сьветлавая сыгналізацыя (сьветлавы паказальнік правага павароту), у зоне прыпыначнага пункту, пазначанай дарожным знакам «Прыпыначны пункт трамвая» і (ці) гарызантальнай дарожнай разьметкай 1.17.2.
[і раварыстам забараняецца ў тым ліку]


125. У населеным пункце кіроўца транспартнага сродку, які рухаецца па правай крайняй паласе, мусіць саступіць дарогу маршрутнаму транспартнаму сродку, які пачынае рух ад пазначанага прыпыначнага пункту, пры ягоным перастраеньні на крайнюю правую паласу руху.
[увогуле, з тралікамі ды аўтобусамі на прыпынках трэба асьцярожна, калі абганяць, то не ўпрытык, а калі ўключаецца левы паваротнік, варта прытармазіць і прапусьціць, што праўда, нярэдка левы паваротнік кіроўцы ГТ уключаюць і працягваюць стаяць: квіткі там прадаваць ці чакаць часу, каб адзначыцца ля тэхнічнага слупа, аднак дбай пра сябе і паводзься толькі бясьпечна; дарэчы, бывае, асабліва ў час пік, што ГТ ідзе чарадою і калі адзін ад’яжджае ад прыпынку,другі яшчэ стаіць, а трэці напірае на цябе ззаду, тады, каб не апынуцца ў пастцы між вялікімі машынамі, акуратна аб’яжджаеш ГТ, які стаіць і прыладжваешся за ГТ, які ад’яжджае, адначасова паказваеш правы паварот, каб ГТ ззаду разумеў, што ты вяртаешся на свой мэтар ад краю дарогі. ]


131. [Тут гаворыцца пра тое, што раварыстам нельга ехаць па магістралі. Магістральлю ў Беларусі лічыцца дарога, на якой стаіць адпаведны знак; я такіх знакаў ня бачыў.]

132. [А тут гаворыцца пра тое, што нельга ехаць і па дарогах, абазначаных знакам «Дарога для аўтамабіляў». Такое ў нас ёсьць. Берасьце-Масква, напрыклад. Як там людзі зь вёскі ў вёску езьдзяць? На «Фэрары»ях, няйначай. Лішне казаць, што эўрапейскі стандарт пра наяўнасьць бясплатных дарог-дубляў «ня толькі для аўтамабіляў», выконваецца ў нас далёка ня ўсюды.]

136. Пры выезьдзе з жылой і пешаходнай зон, прылеглай тэрыторыі кіроўцы мусяць даць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па ёй, а таксама пешаходам, раварыстам і вершнікам, шляхі якіх ён перасякае.
[ня ўсе кіроўцы памятаюць пра гэтае правіла, і часам упарта адмаўляюцца прапускаць раварыстаў, таму карыстайся перавагай настойліва, але абачліва]


137. У жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі кіроўцам мэханічных транспартных сродкаў забараняецца:
137.1 рух з хуткасьцю больш за 20 км\г.
[сумняваюся, што гэтым пунктам аўтары хацелі дазволіць раварыстам і вершнікам лётаць па дварах як угарэлым, але атрымалася тое, што атрымалася ;); але ж не забывайся, што ў правілах ёсьць абавязак выбіраць бясьпечную хуткасьць у канкрэтнай сытуацыі, а таксама не падстаўляць небясьпецы пешаходаў]


137.2. транзытны рух
[то бо раварыстам можна ехаць праз двары (а таксама, палі, лясы, балаты і г.д.)]


148. Рух на ровары мусіць ажыцьцяўляцца па роварнай дарожцы, а пры ейнай адсутнасьці — па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы, без чыненьня перашкод для бясьпечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасьці згаданых элемэнтаў дарогі ці немагчымасьці руху па іх дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 мэтар ад яе правага краю. Пры гэтым:
[з роварнымі дарожкамі — усё проста, назіраецца поўная іх адсутнасьць; узбочына — гэта не абавязкова рыхлы пясок і гразішча каля дарогі, гэта кавалак асфальту збоку, аддзелены суцэльнай лініяй; ровар на ходніку сам па сабе перашкода для бясьпечнага руху пешахода, што ўнемагчымлівае рух па ім, да таго ж за ходнікамі глядзяць шчэ горш як за дарогамі: яміны, правалы, незачыненыя люкі — звычайная справа, ну і бардзюры... хай бы які даішнік патлумачыў, як магчыма рухацца па бардзюрах у 15-30 см вышынёй, а заадно прадэманстраваў гэта на сваім уласным аўтамабілі; пачаткоўцам, што праўда, адразу на вялікія дарогі і тлумныя ходнікі выяжджаць ня варта; нарэшце, на дарозе няма чаго рабіць бяз шлему і спраўнага сьветлавога рыштунку ўцемначы, ну і бязь веданьня правілаў, ясны перац]

Афіцыйны камэнтар: Ровар па сваіх хуткасных якасьцях можна аднесьці да ліку ціхаходных транспартных сродкаў, аднак ровар не трапляе пад панятак «ціхаходны транспартны сродак», які выкарыстоўваецца ў Правілах. Дзеля сваёй ціхаходнасьці і адносна невысокой манэўранасьці ровар на дарозе ўяўляе сабой такую ж перашкоду для транспартных сродкаў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху, як і пешаход. З гэтай прычыны Правілы прадугледжваюць рух ровараў па роварнай дарожцы, пешаходнай дарожцы, а пры іх адсутнасьці — па ўзбочыне. Пры гэтым мяркуецца, што стан узбочыны мусіць быць прыдатным для руху на ровары.

[Ладна, хай ціхаходны, але наконт нізкай манэўранасьці — гэта, па-мойму, паклёп =)]

У Правілах не сказана, па якой узбочыне (правай ці левай) мусіць рухацца раварыст. Раварыст можа рухацца па любой узбочыне, калі маршрут ягонага руху не прадугледжвае выезду на праезную частку дарогі.
Пры дастатковай шырыні ўзбочыны магчымы сустрэчны рух раварыстаў па ёй. Пры сустрэчным разьезьдзе між сабой раварысты мусяць кіравацца патрабаваньнямі пункта 3 Правілаў, пры гэтым выезд ровара на праезную частку дарогі недапушчальны.

Раварыст можа рухацца па ўзбочыне да скрыжаваньня насустрач транспартным сродкам, якія рухаюцца па праезнай частцы дарогі гэтага кірунку. На скрыжаваньні раварыст мусіць саступіць дарогу транспартным сродкам, што паварочваюць, кіроўцы якіх кіруюцца пунктам 100 Правілаў. Для захаваньня прыярытэту ў руху ў такой сытуацыі раварысту можа быць рэкамэндавана сысьці з ровара (сьпешыцца) і перайсьці на скрыжаваньні праезную частку перасякальнага кірунку па лініі ўзбочыны.

[То бо раварысту можна ехаць, прапусьціўшы машыны, або ісьці з роварам, не прапускаючы.]

Пры адсутнасьці ўзбочыны ці ейнай непрыдатнасьці для руху на ровары раварыст мусіць рухацца па ходніку ці пешаходнай дарожцы. Пры руху па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы раварыстам ня мусіць ставарацца перашкода для бясьпечнага руху пешаходаў.

Рух раварыстаў па праезнай частцы неабходна разглядаць як выключны выпадак, які паўстае пры адсутнасьці роварнай ці пешаходнай дарожкі, ходніка ці ўзбочыны ці немагчымасьці руху па ім.
Толькі пры пералічаных вышэй умовах дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы ў адзін шэраг не далей за 1 м ад ейнага правага краю ў спадарожным кірунку.

[Цуду не адбылося, што такое «немагчымасьць руху», так і застаецца незразумелым. Адно што дадалося яшчэ лірыкі: «непрыдатнасьць», «выключны выпадак»]



148.1. выезд далей за 1 мэтар ад правага краю праезнай часткі дарогі дапускаецца адно для аб’езду перашкодаў і ў дазволеных выпадках для павароту налева ці развароту;
[у горадзе заўсёдныя перашкоды — сьцёкавыя рашоткі, не нарадзілася ў Беларусі яшчэ дарожніка, які б вынайшаў, як іх класьці ўпоравень з дарогай, а ў іншых мы, як вядома, не пазычаем; на незнаёмых вуліцах пацемначы лепш ехаць з тым разьлікам, каб не трапляць на рашоткі зусім, нярэдка яны дрэнна замацаваныя, або іх проста няма, або пруты завараныя ўздоўж; не забывайся таксама папярэджваць пра манэўры жэстамі рук]

Афіцыйны камэнтар: 1. Выезд раварыста далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі для аб’езду перашкоды дапушчальны, калі няма іншай магчымасьці аб’ехаць яе альбо сьпешыцца й абысьці перашкоду справа.

[Па-праўдзе, ідэя сьпешвацца на праезнай частцы ці шукаць «свайго» аб’езду нейкай перашкоды падаецца мне не зусім адпаведнай духу «забесьпячэньня бясьпекі» раварыста]

2. Патрабаваньне падпункта 148.1 пункта 148 Правілаў у гэтай частцы распаўсюджваецца толькі на выпадкі руху па дарогах, якія маюць ня больш за адну паласу для руху ў дадзеным кірунку, і якія ня маюць трамвайнай каляіны пасярод дарогі.

На дарогі ў жылой і пешаходнай зоне, абгароджанай тэрыторыі лецішчаў і на іншых закрытых тэрыторыях, на якіх можа адбывацца рух раварыстаў, патрабаваньні падпункта 148.1 пункта 148 не распаўсюджваюцца.

[увогуле пасыл нашых правілаў такі, што раварыстам па горадзе найспакайней перамяшчацца па дварах =)]


148.2. калёны раварыстаў пры руху па праезнай частцы дарогі мусяць быць падзеленыя на групы ня больш як па 10 раварыстаў. Адлегласьць паміж групамі мусіць складаць ня менш за 100 мэтраў;

Афіцыйны камэнтар: Калёнай раварыстаў належыць лічыць групу з двух і болей раварыстаў, якая можа быць як арганізаванай, так і неарганізаванай. Правіламі падрабязна не рэглямэнтуецца іх рух, аднак зыходзячы з агульных падыходаў да рашэньня аналягічных пытаньняў з пункту гледжаньня бясьпекі дарожнага руху можна рэкамэндаваць рух арганізаванай калёны раварыстаў у суправаджэньні транспартнага сродку з запаленым блізкім сьвятлом фараў толькі па крайняй правай паласе праезнай часткі дарогі групамі ня больш як па 10 раварыстаў, ня больш як у два шэрагі.

Раварысты, якія едуць па дарозе, якая мае па адной паласе руху ў кожным кірунку, мусяць рухацца ў адзін шэраг адзін за адным не далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі, калі яны не суправаджаюцца транспартным сродкам апэратыўнага прызначэньня з запаленым праблісковым маячком сіняга ці чырвонага сьвятла.

Пры руху ў неарганізаванай калёне раварысты мусяць рухацца ў адзін шэраг адзін за адным не далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі. На раварыстаў, якія рухаюцца ў неарганізаванай калёне, у поўнай меры распаўсюджваюцца патрабаваньні Правілаў, як і для аднаго раварыста.

Патрабаваньне пра падзел калёны па 10 раварыстаў зьвязанае зь неабходнасьцю забесьпячэньня бясьпекі дарожнага руху пры яе апярэджваньні ці абгоне больш хуткаходнымі транспартнымі сродкамі.

Пры выкананьні абгону калёны раварыстаў у фазе руху па сустрэчнай паласе кіроўца транспартнага сродку мае магчымасьць вярнуцца на сваю паласу ў «зазор» даўжынёй ня менш за 100 м між групамі раварыстаў пры зьяўленьні сустрэчнага транспартнага сродка.

На раварыстаў, якія рухаюцца ў складзе калёны, тэрмін «транспартная калёна» не распаўсюджваецца.


148.3. пры наяўнасьці на праезнай частцы дарогі лініі гарызантальнай дарожнай разьметкі 1.2, якая абазначае ейны край, гэтая лінія мусіць знаходзіцца зьлева ад раварыста.
[праблема толькі ў тым, што лінію гэтую нярэдка малююць устыч да бардзюраў, ці да ўзбочыны, там, дзе самы раструшчаны асфальт; пільнуйся гэтага правіла, пакуль гэта бясьпечна]

Афіцыйны камэнтар: Патрабаваньне падпункта 148.3 пункта 148 Правілаў скіраванае на гарантаваньне бясьпекі раварыста і не распаўсюджваецца на: адзначаныя такім чынам веладарожкі, якія сумешчаныя (мяжуюць) з праезнай часткай дарогі; участкі, дзе шырыня ўзбочыны за лініяй гарызантальнай дарожнай разьметкі 1.2 дастатковая для сустрэчнага разьезду раварыстаў.


149. Падчас руху па дарозе ў цёмны час сутак і (ці) пры яе недастатковай бачнасьці на ровары ... мусяць быць запаленыя: сьпераду — фара (ліхтар) зь белым сьвятлом, ззаду — ліхтар з чырвоным сьвятлом.
[гэта найчасьцей парушанае правіла, да раварысцкага сораму; ліхтары тыя каштуюць капейкі; заўваж, што сьвятло варта запальваць нават калі едзеш па ходніку ці веладарожцы, хаця...]

Афіцыйны камэнтар: У пункце 149 Правілаў панятак «рух па дарозе... на ровары» азначае рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 м ад ейнага правага краю (пункт 148 правілаў)...

[пачакайце-пачакайце, гэта ж што значыць? што на ходніку, веладарожцы і дзе ўздумаецца, абы не на ПЧ, ноччу афіцыйна можна езьдзіць безь сьвятла?! чыя сьветлая галава гэта прыдумала?]

Падчас руху ў цёмны час сутак і ва ўмовах недастатковай бачнасьці дарогі абавязковая наяўнасьць сьпераду ровара... фары (ліхтара), які выпраменьвае белае сьвятло, а ззаду — ліхтара, які выпраменьвае чырвонае сьвятло. Пры іх адсутнасьці ці няспраўнасьці раварыст... ва ўмовах, калі бачнасьць дарогі ў кірунку руху становіцца меншай за 300 м ці з надыходам цёмнай часіны сутак, мусіць сысьці з ровара... і весьці яго побач з сабой. З гэтага моманту раварыст мусіць кіравацца патрабаваньнямі пункта 19 Правілаў.


150. Па-за скрыжаваньнямі на нерэгуляваным скрыжаваньні роварнай дарожкі з дарогай раварыст абавязаны даць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па гэтай дарозе.
[бязграматная фармулёўка: веладарожка — гэта таксама дарога]

Афіцыйны камэнтар: Перасячэньне роварнай дарожкі з дарогай ня ёсьць скрыжаваньнем. Арганізацыя дарожнага руху ўсіх яго ўдзельнікаў заснаваная на прыярытэтах, зацьверджаных Правіламі. На нерэгуляваным скрыжаваньні роварнай дарожкі з дарогай прыярытэт у руху даецца транспартным сродкам, якія рухаюцца па дарозе. Значыць, раварыст, які рухаецца па роварнай дарожцы, у месцы перасячэньня роварнай дарожкі з дарогай ня мае перавагі й мусіць саступіць права пазачарговага руху раварысту, які рухаецца па дарозе.


151. Пры перасячэньні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе раварыст мусіць весьці ровар побач з сабой і кіравацца вымогамі, прадугледжанымі гэтымі Правіламі для пешаходаў.
[вось і сутнасьць: па дарогах ня едзь — едзь па ходніку, а як ходнік выходзіць на скрыжаваньне — ня едзь, а ідзі ты... калі б я езьдзіў па ходніках ды пераходзіў пераходы, па дарозе да працы за 12 км я мусіў бы саскокваць, крочыць і заскокваць на ровар 30 разоў; у краінах, дзе дбаюць пра зручнасьць ды здаровы лад жыцьця, раварыстам нават адмысловыя поручні на сьвятлафорах чапляюць, каб ім зь сядла не ўставаць, а пераходы проста падзеленыя на раварысцкія і пешаходныя зоны; калі ты раптам вырашыш, што раварысты на тое і раварысты, каб не хадзіць пешшу, трымайся на пераходзе хуткасьці людзей, будзь прадказальны для кіроўцаў]

Афіцыйны камэнтар: Патрабаваньне пункта 151 Правілаў прадыктаванае меркаваньнямі забесьпячэньня бясьпекі, у прыватнасьці, раварыстаў. Большая хуткасьць руху раварыста (падчас язды) у параўнаньні зь пешаходам дазваляе яму зьявіцца на пешаходным пераходзе ў вельмі кароткі прамежак часу. Патрабаваньне весьці ровар побач з сабой дае магчымасьць кіроўцу транспартнага сродку разглядаць ровар як пешахода і мець большы запас часу на ацэнку дарожна-транспартнай сытуацыі, якая складаецца.

[Як бачна, сэнс у хуткасьці. Дык чаму ж было не напісаць «з хуткасьцю пешахода»? Таму паводле духу правілаў атрымліваецца, што весьці ровар на зялёнае сьвятло па пераходах, на якія няма аданчасовага дазволенага павароту аўтамабіляў, а таксама забарона на пераезд рэгуляванага пешаходнага пераходу з адной хуткасьцю зь людзьмі абумоўлена толькі тым, што аўтары тэксту Правілаў не далі рады знайсьці правільнай фармулёўкі].


153. Раварысту забараняецца:
153.1. карыстацца тэхнічна няспраўнымі роварамі, а таксама абсталяванымі з парушэньнем вымогаў тэхнічных нарматыўных актаў;
153.2. падчас руху не трымацца за руль і (ці) не трымаць ногі на пэдалях;
153.3. паварочваць налева ці разварочвацца на дарозе, якая мае трамвайную каляіну, і на дарозе, якая мае больш за адну паласу для руху ў дадзеным кірунку;
[каб павярнуць налева, можна скарыстацца пераходамі, або праехаць скрыжаваньне проста, трошку ўзяць управа, вывернуць і спыніцца ля краю пэрпэндыкулярнай дарогі (зважай на палоснасьць, ці няма, паласы толькі направа, каб ня стаць на ёй), дачакацца свайго зялёнага сыгналу і паехаць проста ]


153.4. рухацца па дарозе ва ўмовах сьнегападу і (ці) галалёдзіцы;
[фіны рвуць валасы на галаве: яны ж то мудрылі-выдумлялі шыпаваныя пакрышкі: вось табе сто шыпоў, вось табе дзьвесьце: стаўляй ды едзь на каток на Кастрычніцкую плошчу, але справа ў тым, што аўтары правілаў, бадай, апроч «узросьлікаў» іншых ровараў у вочы ня бачылі, і правілы напісалі для «ўзросьлікаў», калі не для «раскладушак»; заўваж, гаворка ідзе пра дарогу цалкам, а ня толькі пра праезную частку, то бо і па ходніку нельга, і па веладарожцы, калі знойдзеш (вось і катаецца народ па рэчках з гора :); правіла, вартае парушэньня, калі маеш шыпаваныя пакрышкі]


153.5. перавозіць пасажыраў, за выняткам перавозкі дзяцей у веку да сямі гадоў на дадатковым спэцыяльна абсталяваным сядзеньні;
[ніякіх дзевак на раме! і што больш сумна — дзіцячыя прычэпы таксама па-за законам]


153.6. перавозіць грузы, якія выступаюць больш як на паўмэтра па даўжыні ці шырыні за габарыты транспартнага сродку, а таксама грузы, якія замінаюць кіраваць гэтым транспартным сродкам.
154. Забараняецца без суправаджэньня поўнагадовай асобы кіраваць на дарозе асобам, маладзейшым за:
154.1. чатырнаццаць гадоў — роварам (апроч пешаходных і жылых зон, ходнікаў, роварных і пешаходных дарожак);
155. Кіроўцу мапэду забараняецца езьдзіць па ходніках, роварных і пешаходных дарожках, дарожках для вершнікаў.
156. Забараняецца буксіроўка ровара роварам, за выключэньнем роварнага прычэпу прамысловай вытворчасьці.

162. Пры руху ў цёмны час сутак і (ці) пры недастатковай бачнасьці дарогі незалежна ад яе асьветленасьці на транспартным сродку мусяць быць запаленыя наступныя сьветлавыя прылады:
162.2. на ровары — фары і (ці) ліхтары

184. Перавозка грузу забараняецца, калі ён:
184.1. стварае пагрозу бясьпецы дарожнага руху;
184.2. абмяжоўвае кіроўцу бачнасьць дарогі;
184.3. ускладняе кіраваньне транспартным сродкам, парушае ягоную ўстойлівасьць;
184.4. закрывае вонкавыя сьветлавыя прыборы і сьвятлазварачальнікі, ... а таксама замінае ўспрыняцью сыгналаў, якія падаюцца рукой.

200. Ровар мусіць мець спраўныя тармазную сыстэму, рулявое кіраваньне і гукавы сыгнал, быць абсталяваны люстэркам задняга віду, сьпераду — сьвятлазварачальнікам белага колеру, ззаду — сьвятлазварачальнікам (сьвятлазварачальнікамі) чырвонага колеру, а з кожнага боку — сьвятлазварачальнікамі памаранчавага колеру.
[багата хто з раварыстаў супраць люстэрка: яно нязручнае, яго няма куды начапіць, яно небясьпечнае пры падзеньні, але як на мой погляд, безь люстэрка на дарозе больш небясьпечна, чым зь ім; ёсьць яшчэ меркаваньне, што катафоты разгайдоўваюць сьпіцы, адно што можна параіць адэптам — катацца ясным днём у пустынных месцах]


210. Адказныя асобы дарожных, будаўнічых ды іншых арганізацый мусяць:
210.1. арганізаваць пазначэньне месцаў правядзеньня на дарозе рамонтных ды іншых работ, пакінутых на дарозе дарожна-будаўнічых машын, будаўнічых матэрыялаў, канструкцый ды іншых аб’ектаў дарожнымі знакамі, агараджальнымі і скіроўвальнымі прыстасаваньнямі, паказальнікамі аб’езду, а ў цёмны час сутак і (ці) пры недастатковай бачнасьці дарогі — дадаткова запаленымі ліхтарамі з чырвоным або жоўтым колерам.
[адказныя асобы або забываюцца, або знакаў зь ліхтарамі не хапае, таму варта мець на ўвазе, што на гарадзкіх вуліцах можа запраста напаткаць забытую, або падрыхтаваную рамонтнікамі яміну, будзь пільным, ведай правілы, але галоўнае — езьдзі бясьпечна]


Дадатак 2 да Правілаў дарожнага руху. Дарожныя знакі.

«4.5.1 Роварная дарожка» — дазваляецца рух толькі на роварах, а пры адсутнасьці ходніка ці пешаходнай дарожкі — і рух пешаходаў, пры гэтым пешаходы ня мусяць ствараць перашкод для руху раварыстаў. На знак можа быць дадаткова нанесены сылюэт пешахода;
[У асноўным тэксьце правілаў «забыліся» сказаць пра абавязкі пешаходаў на веладарожцы. Але ўсё ж хоць чорці дзе, але адказ ёсьць: пешаход ня мае права знаходзіцца на веладарожцы, калі ёсьць пешаходная дарожка]


ПДР цалкам:
http://www.autoshkatulka.ru/pddothercountry/belarus2005.pdf
http://www.autobelarus.com/pdd/

белорусские правила дорожного движения для велосипедистов в Беларуси rule of the road for cyclists in Belarus

1 comment:

  1. дзякуй, асабліва за каменты :) усё праўда :)

    ReplyDelete