Dec 17, 2007

Велабюджэты польскіх гарадоў

Варшава, Кракаў і Гданьск разам выдаткуюць на свае веладарожкі меней, чым Менск — на адну 27-кілямэтровую трасу.

У бюджэтах буйных польскіх гарадоў: Варшавы, Кракава, Гданьску — асобным радком ідуць выдаткі на разьвіцьцё велаінфраструктуры.

Гэтак, у 2008 годзе Варшава вылучыць на роварныя сьцежкі каля 4‑х мільёнаў злотых (гэта недзе 1,6 мільёнаў даляраў).

Гданьск , як і штогод, вылучыць больш за 10 мільёнаў злотых (больш за $ 4 млн.). На сёньня Гданьск — лідэр сярод польскіх гарадоў па працягласьці веладарог — 85 км. Прычым, звыклыя асфальтавыя веладарожкі займаюць усяго 11 км, а рэшта — ўдвая даражэйшыя велатрасы з адмысловым пакрыцьцём, паркінгамі ды іншай інфраструктурай.

Кракаўскі ўрад інвэстуе ў раварызм параўнальна малую суму — 130 тысяч злотых (каля $ 52 тысяч даляраў), чым ужо выклікаў нараканьні з боку кракаўскіх раварыстаў і мясцовых СМІ. На сытуацыю адрэагавалі мясцовыя дэпутаты, якія прынялі папраўку да бюджэту, вылучыўшы на разьвіцьцё роварнай інфраструктуры яшчэ 2 мільёны злотых. У выніку роварны кавалак кракаўскага бюджэту вырас да $ 860 тысяч.

У Варшаве жыве каля 1,7 мільёна жыхароў, у Кракаве — каля 760 тысяч, у Гданьску — каля 500 тысяч жыхароў.

У Менску жыве пад 1,8 мільёна чалавек, а сталічны бюджэт сёлета складаў каля $1,5 мільярдаў, што ўдвая менш за варшаўскі.

У плянах налета агучаны адзін, але дарагі праект: пабудова веладарожкі ўздоўж Сьвіслачы даўжынёй каля 27 км і коштам каля $10 мільёнаў.

Беларускі праект ня мае аналягаў сярод польскіх гарадоў. Найперш — па коштах. Напрыклад, у Кракаве мяркуецца будаваць кілямэтар веладарожкі за 35‑50 тысяч даляраў. Кілямэтар беларускай веладарожкі ўздоўж Сьвіслачы мае абысьціся ўдзесяцёра даражэй — каля $370 тысяч.

Фактычная інфармацыя — gazeta.pl

No comments:

Post a Comment