Dec 29, 2007

Ровар пад ялінкай

Што падарыць на Новы год? Важна зрабіць арыгінальны падарунак, каб ён застаўся ў памяці на доўгія гады.

На сёньня склаўся пэўны «падарункавы» стэрэатып: жанчыне — духі, упрыгожаньні й кветкі, мужчыну — шкарпэткі й швэдар, дзецям — марозіва.

Але ёсьць цудоўная альтэрнатыва. Гэты падарунак — незвычайны, прыгожы, ён падыме настрой. Гэты падарунак — РОВАР!

Ровар — найлепшы й самы актуальны падарунак для дзіцяці на вясну і лета. Дзеці мараць пра яго з самых раньніх гадоў і, калі вырастаюць, часта не мяняюць свайго жаданьня мець уласны ровар.

Вашая дзяўчына будзе ў захапленьні, калі замест прозы жыцьця (парфума, патэльня) вы паднесяце ёй зырка‑жоўты альбо вагніста‑чырвоны бліскучы ровар. Яна будзе лічыць вас арыгінальным і ўважлівым.


humanzoom.com


Мужчыны будуць прыемна зьдзіўленыя, калі атрымаюць нарэшце‑ткі мужчынскі падарунак. Яны ж ужо падрыхтаваліся разьбіраць сьвяточны пакунак з камплектам ніжняй бялізны. Дорачы свайму каханаму ровар, вы падкрэсьліваеце ягоную мужнасьць, індывідуальнасьць, спартовасьць.

Мяркуеце, бацькам лепш за ўсё падарыць цёплую кофту альбо мяккія тапачкі? Гэтыя рэчы лепш купіць іншым разам. А ў Новы год будзьце чараўніком і падарыце бацькам прадмет раскошы. Ім можа аказацца трохколавы ровар для дарослых — выдатны сродак перасоўваньня на лецішчы.

Сьлед павіншаваць і сваіх супрацоўнікаў. Атрымаць у падарунак ровар — даволі нечакана. Гэта дадасьць цеплыні вашым справавым стасункам, і вельмі верагодна, паспрыяе кар’ернаму росту.

Ровар — ня толькі арыгінальны падарунак, але і карысны. Згодна з высновамі навукоўцаў, падчас катаньня на ровары трэніруеццца агульная выносьлівасьць арганізму, трэніруюцца й умацоўваюцца сэрца і сасуды, паляпшаецца крываток у ворганах малога тазу, трэніруецца вэстыбулярны апарат, павышаецца здольнасьць арганізму супраціўляцца інфэкцыям (імунітэт). Статыстыка сьведчыць, тыя, хто рэгулярна праводзяць вольны час на ровары, на 70% меней хварэюць зімой грыпам і прастудай.

Апроч аздараўленчых уласьцівасьцяў, ровар валодае ўнікальнай якасьцю. Паездка на ім дае чароўны эфэкт: самыя хмурныя людзі нават пасьля адной паездкі на ровары пачынаюць жартаваць і сьмяяцца. Ровар здымае стрэс і павышае настрой.

Калі ў атрымальніка падарунка ўжо ёсьць ровар, дарэчы будзе падараваць яму які‑небудзь роварны цапстрык. Напрыклад, велакампутар. Гэты прыстасовак вымярае хуткасьць руху, агульную працягласьць трасы, мае гадзіньнік і мноства іншых карысных функцый. Парадуе любога раварыста якасная помпа, набор шасьціграньнікаў, бутэлечка з флягатрымальнікам, велаторба або велазаплечнік, добрая фара або ліхтар, роварны шлем.

І вось, вы вырашылі падарыць ровар. Не забудзьцеся расфарбаваць вашага «жалезнага каня» — абвяжыце яго яркімі стужачкамі альбо балёнікамі, прышпіліце на ручку руля віншавальную паштоўку.

Нясумных сьвятаў!

Паводле velodrive.ru

No comments:

Post a Comment