Dec 19, 2007

Права на зімовую дарогу

Кракаўскія раварысты наракаюць на гарадзкія ўлады, якія ня дбаюць пра камфорт роварнага руху зімой.
— Штогод сьнегам засыпаюцца скрыжаваньні веласьцежак з дарогамі. Ніхто яго не прыбірае, мала таго — у мацнейшыя ападкі роварныя сьцежкі выкарыстоўваюцца ў якасьці месца для звальваньня сьнегу.
У выніку раварысты змушаныя рызыкаваць і выяжджаць на паласу руху машын, альбо круціцца між мінакамі па ходніках.

Да таго ж, на засыпаных роварных сьцежках без згрызотаў паркуюцца аўтамабілі.

«Газэта выборча» запыталася ў прэс‑сакратара камунальнай управы Кракава, чаму чыноўнікі забываюцца пра роварныя сьцежкі.
— Мы не забываемся, — адказаў сакратар, але прызнаў, што ў першую чаргу прыбіраюцца ад сьнегу транспартныя шляхі, у прыватнасьці тыя, па якіх рухаюцца аўтобусы й трамваі.
Да таго ж, у гарадзкой управы надта мала спэцыяльных шуфляў для ачысткі ходнікаў і роварных сьцежак.
— Няма сумневаў, што раней ці пазьней праблема павінна быць вырашаная, бо дыскрымінуюцца раварысты, якія маюць такое самае права карыстацца дарогай зімой, як і кіроўцы. Перадамо працаўнікам, адказным за чыстку вуліц, каб, зграбаючы сьнег, яны не засыпалі фрагмэнты праезнай часткі каля бардзюраў, дзе праходзяць роварныя трасы, — паабяцаў «Газэце выборчай» прэсавы сакратар.



У беларускіх раварыстаў такіх праблем няма, бо папросту няма роварных сьцежак.

Да таго ж, згодна зь дзяржстандартам, роварныя сьцежкі і так уваходзяць у чацьвёртую, апошнюю чаргу ачысткі, што наўзвочна дэманструе ў сьнежныя зімы веладарожка ў Раўбічы, усьнежаная і зьледзянелая аж пакуль само не растане.

Але й бязь сьцежак менскаму раварысту няпроста выбраць бясьпечную паверхню для руху: да краёў дарог зьмятаецца сьнег, сьмецьце й гразь, а ў адлігі дворнікі й спэцыяльныя трактары скідаюць слату з ходнікаў і ад бардзюраў акурат на законны раварысцкі мэтар ад краю дарогі.

Ня дужа лепшая сытуацыя на ходніках. Яны ў жахлівым стане круглы год, і ўзімку яміны й выбоіны нікуды не зьнікаюць. Але дадаюцца й сэзонныя праблемы: сьнег ачышчаецца ў другую чаргу, лёд паліруецца шчоткамі трактароў, а дворнікі не сьпяшаюцца зь пяском. Нарэшце, існуюць «мёртвыя зоны» — нічыйныя ўчасткі ходнікаў, якія зімой не прыбіраюцца ў прынцыпе.

Ну й пешаходы ды пасажыры на прыпынках, якія й так не гатовыя да зьяўленьня раварыста на ходніку, а тым больш узімку.

No comments:

Post a Comment