Dec 16, 2007

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка восьмая. Канвэерная

Сёньняшняя інспэкцыя веладарожак складалася з вострых уражаньняў.
Асабліва востра было на Купрэвіча.

Гвалтуючы ровар на чарговым нагрувашчваньні размаляванага асфальту, я згадаў анэкдот пра савецкую «летающую жужжалку для попадания в ухо», якая адметная тым, што «жужжит, летает, в ухо не попадает». Вось менскія веладарожкі акурат такія. Веласіпедныя, асфальтаваныя, для язды непрыгодныя.

Але калі «лятаюшчыя жужжалкі» ўсё-такі анэкдот, бо за сыстэматычны брак на заводах усё ж не даюць прэмій, караюць, звальняюць, то сыстэматычна бракаваныя, непрыгодныя для карыстаньня веладарожкі — гэта рэальнасьць, каб яе. Прычым, калі ў мяне будзе каляровы тэлевізар, які не паказвае, я яго ня буду глядзець, бо ў гэтым няма сэнсу а па веласіпедных дарожках, езьдзіць па якіх няма сэнсу, я, згодна з правіламі, езьдзіць абавязаны, хоць, у адрозьненьне ад недатэлевізара недадарожкі нясуць непасрэдную пагрозу майму часу, камфорту, здароўю і ровару, які каштуе як два тэлевізары.

Беларускі раварыст, які будзе езьдзіць па дарожцы, хутка набудзе «комплекс тралейбуса». Яму трэба разганяцца ад бардзюраў і рэзка тармазіць аж да 5 км/г перад бардзрюрамі. Кожныя 50 м такой гайданкі, і мы будзем мець хворага чалавека.

Сёньняшняя паездка пераканала мяне, што веладарожкі «made in Belarus» значна большае зло, чым іх адсутнасьць.
Дзіўны талент у нашых улад нават добрыя ідэі ператвараць у рэпрэсіўны сродак.

А здавалася, так проста: дадаць тры рэчы: сыстэмнасьць, роўнае пакрыцьцё, безбар'ернасьць.

Абсалютныя лідэры «кончанасьці» — веладарожкі на Шугаева і асабліва на Купрэвіча. Я не ўяўляю здаровага чалавека ў цьвярозым стане, які б ехаў па гэтых веладурошках. Гэтае пэцканьне фарбай проста зьдзек улады з сваіх падаткаплатнікаў.
Гэта проста выстаўленьне краіны на пасьмешышча. Турысты-раварысты будуць доўга рагатаць з гэтай беларускай дарожнай творчасьці.
Гэта проста марнатраўства грошай на заведама няякасны, непрыдатны для карыстаньня прадукт.

Гэтыя веладарожкі робяцца ўладамі для сябе, для справаздачнасьці, для сьпіхваньня раварыстаў з нармальнай дарогі, і ніякім бокам не для нас, не для тых, хто карыстаецца бясьпечным, экалягічным, здаровым, самым гарадзкім транспартам.

Няўжо гарадзкія начальнікі не разумеюць, што гэтыя псэўдадарожкі, выстаўленая напаказ, растыражаваная халтура застануцца зь імі назаўжды. Пасьля эпоху Паўлава будуць успамінаць па «ржачных», бездапаможных, недарэчных веладарожках.

Фоткі:





Паглядзець веладарожкі на мапе:

No comments:

Post a Comment