Dec 16, 2007

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка першая. Заслаўская.

Уступ.
Сёлета ў Менску ўпершыню за мой роварны стаж сама меней тры разы заўважылі раварыстаў. ДАІ ўзяло Крытычную масу пад крыло, нейкі ўрадовец расказаў, як прыгарадныя дарогі аббудуюць дарожкамі для раварыстаў, і нават мэр Паўлаў даручыў распрацаваць меры і захады па падсалоджваньні роварнага жыцьця.
Вось яно, шчасьце: нічога не было, а цяпер хоць нешта! Сталі раздавацца захопленыя водгукі, маўляў, лёд крануўся, маляваныя роварчыкі заваёўваюць палосы асфальту, крута, файна, рулез!
Але мне не давалі спакою пытаньні, ці зрабілі чыноўнікі й будаўнікі сабе высновы, што чакаць раварыстам далей, і ўвогуле, ці гэты веладарожкавы клопат на карысьць, ці для адчэпкі, ці на шкоду раварыстам?
Пошукі адказаў я вёў на ўсіх вядомых мне менскіх і прыменскіх веладарожках.


Частка першая. Самая улётная веладарожка





Гэта самая новая прыменская веладарожка, уздоўж яе пакуль нават транспарт ходзіць факультатыўна, бо дарогу на Заслаўе яшчэ не дарамантавалі.
Але нягледячы на незакончанасьць рэканструкцыі дарогі, гэтая веладарожка можа па праве прэтэндаваць на тытул “абсалютна кончаная веладарожка”.



Першы знак веладарожкі стаіць за стаянкай, за прыпынкам, за паваротам, таму трэба вельмі напружыцца, каб яго заўважыць.



Адразу за першым знакам (зь менскага боку) на ўсю шырыню веладарожкі некалькі лужынаў ля закінутай кавярні. Мяркуючы па слоі гразі, лужына перасыхае рэдка.



Трасу яшчэ не адкрылі, а веладарожка ужо добра засыпаная пяском, нанесеным ручаямі з адхонаў.
Два разы сустракаюцца сыстэмы водаадводу, якія аформленыя ў выглядзе слабазаўважных ямінаў у веладарожцы. Мяркуючы па колькасьці і працягласьці тармазных траекторый, дарожнікі якасна прыкалоліся.



Але самая ўкурка пачынаецца далей: веладарожка падымаецца мэтры на 3 па прыступках угару.



З адваротнага боку яшчэ фэерычней: працяглы спуск, гладкі асфальт, бардзюр, і — знак веладарожкі адразу перад прыступкамі. Заезд аформлены ў выглядзе трамплінчыка, на выпадак калі яго раптам хто пераадолее, на сярэдзіне спуску зроблены яшчэ адзін.
Набраць хуткасьць за 40 перад гэтай прыступкавай веладарожкай можна запраста, адмыслова для такіх энтузіястаў унізе за прыступкамі прадугледжаны роўчык з рачулкай.



Пасьля лесьвіцы мэтраў праз 100 веладарожка зьнікае.
Першы (апошні) знак веладарожкі, калі ехаць з Заслаўя, стаіць за плотам вышынёй у 4 мэтры, заўважыць яго цалкам нерэальна.
Цікава, што калі пачынаць з канца веладарожкі, там замест знака ровара стаіць “тупік”.



Тое, што самая новая веладарожка атрымалася самай ідыёцкай, самай халтурнай, самай небясьпечнай, ня можа не ўсяляць аптымізму, асабліва на фоне аптымістычных прамоў міліцыі з чыноўнікамі.

дзе: ад канца Ждановічаў да павароту на пляж Менскага мора насупраць Качына, па паўночным баку:
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 2 км.
плюсы: раней на гэтым месцы стаяў знак, які забараняў рух роварам
мінусы:
1. карыстацца веладарожкай небясьпечна для здароўя: дарожка засыпаная пяском, уключае ў сябе спэцыяльна сканструяваныя яміны, а таксама лесьвіцу ў два пралёты;
2. няма паказальнікаў пра пачатак або канец веладарожкі, з трасы заўважыць веладарожку цяжка або немагчыма;
3. на пачатку веладарожкі ўсталяваныя высокія бардзюры.

працяг будзе

No comments:

Post a Comment