Dec 16, 2007

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка чацьвёртая. Канюшынная.

На вуліцы Карастаянавай была рэалізаваная геніяльная задума: а што калі проста на ходнік уткнуць знак “веладарожка”?
Па правілах жа па веладарожках пешаходам хадзіць можна, а раварыстам на дарогу зьяжджаць — аніяк! Не разумею, чаму яшчэ так не зрабілі па ўсім горадзе?



Гэта прытым, што вуліца Карастаянавай абсалютна нічым не адрозьніваецца ад іншых вуліц у горадзе, і чаму зь яе трэба было зганяць раварыстаў на шчарбаты ходнік, незразумела.

Асфальт на ходніку паршывы: патрушчаны, выбоісты, зь ямінамі, расколінамі, і ехаць па ім хутчэй за 20 км/г некамфортна.






Але ўвесь цымус ня ў гэтым, а ў тым, што ходнік гэты — найбліжэйшая зона адпачынку для тутэйшых жыхароў. Гэта значыць, што мамы з вазкамі, дзеці з цацкамі, сабачнікі з пусікамі й нарэшце пралетарыят розных пакаленьняў з пляшкамі рознага напаўненьня тусуюцца проста тут, на гэтым ходніку, што робіць карыстаньне ім як веладарожкай экстрэмальным.



І калі на пад’езьдзе да вуліцы Някрасава вам пачне здавацца, што для злосьці ды мацюкоў проста няма ўжо месца, пачакайце — праз колькі мэтраў вы адкрыеце рэзэрвавыя магчымасьці арганізму!

дзе: па ўсходнім баку вуліцы Карастаянавай ад вуліцы Арлоўскай да вуліцы Някрасава.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,76 км.
плюсы: адсутныя
мінусы: няма разьметкі; дрэнны асфальт; для таго, каб трапіць на другую частку веладарожкі, трэба перасякаць вуліцу на небясьпечным скрыжаваньні; вялікая актыўнасьць тубыльцаў у непрацоўны час



Дарожка, што пачынаецца за разваротным кальцом, ад вуліцы Тыражнай, гэта не дарожка — гэта песьня!



Сапраўдная яе шырыня нікому не вядомая, але сёньня гэта самая вузкая менская дарожка. Калі ў Яся быў ровар, то накасіць канюшыны ён мог проста тут. Асфальт мае такі старажытны выгляд, што міжволі пачынаеш глядзець па баках: ці не вісіць дзе шыльда, што гэты шэдэўр дарогабудаваньня ёсьць помнікам архітэктуры й ахоўваецца дзяржавай.



Пры ўсіх сваіх рэкордных уласьцівасьцях карыстацца дарожкай немагчыма. Па-першае, гэта яўна негуманна ў адносінах да кветак і іншай расьліннасьці, а па-другое — ужо на хуткасьці 11 км/г ровар пачынае нагадваць хранічнага эпілептыка з кліпу гурту “Benni Benazzi”.

Яна магла бы спаборнічаць за тытул "абсалютна кончаная веладарожка" з заслаўскай, калі б гэтае недарэчнае нагрувашчваньне асфальту язык павярнуўся назваць веладарожкай.

Відаць, міліцыя верыць у надзвычайныя магчымасьці ровараў ды раварыстаў, калі ўсур’ёз мяркуе, што ПА ГЭТЫМ можна езьдзіць.

А шкада — мог бы быць папулярны адпачынкавы маршрут: калі ехаць далей, трапляеш у хвойнік, а пасьля — да Цнянскага вадасховішча. Праўда, сёньня давядзецца аб'яжджаць машыны ля майстэрняў ды спэцыяльна выкапаныя яміны на ўсю шырыню дарогі, аж часам цяжка на ровары пратачыцца.

дзе: па паўночна-ўсходнім баку вуліцы Карастаянавай ад вуліцы Тыражнай.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,4 км.
плюсы: адсутныя
мінусы: зарослая, закінутая, вузкая, з жахлівым асфальтам, непрыдатная для карыстаньня.

1 comment: