Dec 14, 2008

Першая каляровая веладарожка

На вуліцы Кунцаўшчыне — ад Прытыцкага да Матусевіча — на пачатку і ў канцы пакуль недабудаванай дарожкі пастаўленыя знакі «Рух раварыстаў». Дарожка будзе каляровай — упершыню ў Менску. Яе выкладаюць пліткай стандартнага эўрапейскага «велаколеру» — чырвонага.

Зьезды робяцца з паніжэньнем узроўню, але ці ўдасца будаўнікам дасягнуць безбар’ернага стандарту ў ноль сантымэтраў, стане відаць толькі пасьля асфальтаваньня праезнай часткі.

Яшчэ адна прыемнасьць — дарожка адасобленая ад ходніка і праезнай часткі паласой газону.

Dec 2, 2008

Дзе тая вуліца, дзе гэты дом

«СБ-Беларусь Сегодня» падводзіць вынікі акцыі «Партнэрства дзеля бясьпекі».

У сьціплым кавалку, прысьвечаным веларуху, газэта піша:
«Раварысты склалі цэлы сьпіс вуліц, на якіх трэба замяніць старыя, не адпаведныя новым стандартам тратуарныя бардзюры. Пачатак пакладзены: на дзьвюх вуліцах памылкі выпраўленыя. Апроч таго, улічанае пажаданьне, каб ля кожнага буйнога сацыяльна-бытавога аб’екта, які будуецца, была стаянка для ровараў».
Пытаньняў гэтая зацемка пакідае больш, чым адказаў:
  • Што гэта за дзьве вуліцы з выпраўленымі бардзюрамі?
  • Наколькі буйным мусіць быць сацыяльны аб’ект, каб ля яго зьявілася стаянка?
  • Навошта чакаць сканчэньня будаўніцтва, калі ўжо сёньня можна абсталёўваць веластаянкамі аб’екты, даўно пабудаваныя?

Nov 13, 2008

У Барані ўвялі роварны аброк

Тамтэйшае кіраўніцтва знайшло арыгінальны спосаб, як зрабіць так, каб у адсунасьці ў горадзе велаінфраструктуры аказаліся вінаватыя самі раварысты.

Стаміўшыся ад зваротаў месьцічаў, для якіх ровар — асноўны сродак транспарту, яны стварылі пазабюджэтны фонд, празь які баранскія раварысты, — няйнакш, вызваленыя ад падаткаў багацеі! — мусяць аплачваць велавыдаткі ўладаў. Для пачатку — праектную дакумэнтацыю.

Старшыня гарадзкога выканкаму Мікалай Лісоўскі адмыслова заявіў, што ані ў Барані, ані ў Воршы мясцовая ўлада не плянуе траціць на велаінфраструктуру бюджэтныя грошы, паведамляе BulletinOnline.org.

Падаецца відавочным, што бюракратычная прыдумка мае ўнівэрсальны характар і далёкія пэрспэктывы. Мала таго, што яе можна ўзяць на ўзбраеньне ў любым з процьмы малых беларускіх гарадоў, але й усю дарожную “дабрачыннасьць” можна заразом прыпыніць. Хай і пешаходы плацяць у фонд ходнікаў, фонд пяску зімой, фонд пешаходных пераходаў, фонд ліхтароў, фонд засыпкі ямінаў, фонд прачысткі сьцёкаў, каб лужыны прасыхалі, фонд прыпынкаў грамадзкага транспарту.

Ды ці мала яшчэ можна чаго прыдумаць, каб з спакойным сумленьнем палец на палец не пакласьці!

Nov 12, 2008

Тэрма беларуская

У продаж сталічных унівэрмагаў паступілі тэрмамайкі берасьцейскай вытворчасьці. На выбар — тры мадэлі, прызначаныя для розных умоў надвор’я. Найтанчэйшая каштуе каля 30 тысяч, найцяплейшая — каля 60-ці.

У склад беларускіх тэрмамаек уваходзіць вялікі працэнт натуральных матэрыялаў.

На цэтліках маек зьмяшчаецца правільная інфармацыя пра тое, што мусіць рабіць тэрмабялізна — выводзіць пот і не даваць чалавеку замёрзнуць. Наколькі якасна спраўляецца беларускае тэрмаадзеньне з гэтымі задачамі, пакуль невядома — пішыце водгукі!

Раней велапрадуктам адзначылася фабрыка Сьвітанак — яна выпусьціла айчынныя велатрусы. Без пампэрса, але ўсяго за ~7 даляраў.

Oct 30, 2008

Схамянуліся ў дадатку

У Правілах дарожнага руху пешаходам даецца права:

17.1. рухацца па ходніку, пешаходнай ці роварнай дарожцы, а пры іх адсутнасьці — па ўзбочыне.

Больш за тое,

22. Групы дзяцей дазваляецца вадзіць толькі па ходніках, пешаходных і роварных дарожках.

Вось так, простым пералікам — выбірай на густ!

І толькі ў другім дадатку да правілаў, прысьвечаным дарожным знакам, нечакана зьяўляецца эксклюзіўная інфармацыя!

Аказваецца, схамянуўшыся згадваюць аўтары ПДР у апісаньні знаку «4.5.1 Роварная дарожка», пад ім «дазваляецца рух толькі на роварах, а пры адсутнасьці ходніка ці пешаходнай дарожкі — і рух пешаходаў, пры гэтым пешаходы ня мусяць ствараць перашкод для руху раварыстаў. На знак можа быць дадаткова нанесены сылюэт пешахода».

Гэта вяртае пэўную лёгіку ў Правілы, але выяўляе поўную алягічнасьць у іх апісаньні.

Oct 27, 2008

Закрыта на зіму

<…>
Определить сроки проектирования и строительства 1-й очереди Объекта 2006—2007 годы, 2-й очереди — 2008 год.


Решение №1074 от 25.05.2006 «О размещении велодорожки в водно-зеленом диаметре»




Яшчэ адзін год будаўніцтва мэгавеладарожкі ўздоўж Сьвіслачы мінуў. Паводле першасных плянаў меркавалася здаць яе сёлета цалкам. Але ў канцы лета тэрміны здачы ссунулі яшчэ на год. Пры канцы плюсавога сэзону я выправіўся на агледзіны зробленага будаўнікамі. І хоць стараўся засьпець дзень, аднак большую частку справаздачы давялося рабіць па цемначы. Месцамі было экстрэмальна.


Шлях пачаўся ад моста церазь Сьвіслач на Арлоўскай. Ля яго ляжыць вялізная гурба пяску і пліткі. З-пад яго ж у кірунку Вясьнянкі пачынаецца напаўгатовы ўчастак дарожкі


Ад моста на дарожцы пакладзены першы слой асфальту. Хочацца спадязвацца, што калі пакладуць другі, лужыны стаяць ня будуць




Асфальт заканчваецца праз 400 мэтраў, каля астраўка. Затое «пешаходная» плітка ўжо пакладзеная. Тут веладарожцы для прыгажосьці зрабілі пару лішніх выгінаў. Цікава, ці паставяць знакі абмежаваньня хуткасьці?


Наступны раз асфальт зьяўляецца ля спарткомплексу. Там стаіць і розная будаўнічая тэхніка. Праўда, а 17-й пятніцы, ніякага шаваленьня ўжо не было.


Дарожка робіць пару круцялёў і трапляе ў пералесак. Мокрае лісьце не дае разагнацца, таму застаецца болей часу палюбавацца на вакольнае хараство. Зрэшты, калі дарожку здадуць, хацелася б, каб раз-пораз яе ўсё-такі падмяталі.


Перад ролернай трасай дарожка проста абрываецца. Відаць, тут і збудуюць славутыя два масты. Праўда, незразумела, чаму і дзе два.

Калі выехаў на Піянэрскую вуліцу, спытаў у даішніка, ці няма тут дзе веладаржкі. «Дык вось жа яна!», — упэўнена паказаў ён на лыжа-ролерную трасу. Ад Піянэрскай — перагон да Пуліхава. Заадно міні-агляд веладарожкі на экс-Машэрава. Вось нешта раскапалі на скрыжаваньні зь Піянэрскай.


Але бардзюры, выглядае, паніжаць не зьбіраюцца.

Знак веладарожкі павярнуўся бокам і паказвае на сходы да крыніцы.


Ставяць бардзюры і ўздоўж веладарожкі. Напэўна, каб прыгажэй было. Перад узгоркам веладарожка абрываецца й па вузкім лапіку асфальту трэба перабрацца на суседнюю пешадарожку, бо там праз пару дзясяткаў мэтраў, ла разголістага дрэва, веладарожка пачнецца зноў. Зьніадкуды — як жа іначай!



Цікавы экспанат ля спарткомплексу — двайны бардзюр.

Адзіны з выгляду цалкам гатовы ўчастак веладарожкі пачынаецца ад моста на Першамайскай



Ліхтары, разьметка, добры асфальт. Вось толькі менш сабак без павадкоў і напысьнікаў там выгульваць ня сталі. Парачкі — тыя таксама ідуць роўна над двайной суцэльнай лініяй разьметкі. Раварысты пятнічным вечарам на дарожцы мне не сустрэліся.


Гатовая веладарожка заканчваецца ля пешаходнага моста на Чырвонаармейскую.

Па веладарожцы на супрацьлеглым беразе ня скажаш, што зь ёй вазіліся паўгоду


На месцы асфальту — рыхлы пясок уперамешку зь немалымі камянямі.

На пешаходнай дарожцы, ужо закладзенай пліткай, пэрыядычна трапляюцца яміны ва ўсю шырыню, часам сымбалічна агароджаныя, а часам і так кінутыя.



У такім выглядзе дарожка паўколам даходзіць амаль да моста на вуліцу Леніна. З мосту адкрываецца від на працяг веладарожкі. Пакуль незразумела, як яна будзе перабірацца на той бок. Відаць, давядзецца новы нізкі мост ставіць.



Зь «Першамайскай» станцыі можна будзе выходзіць проста на веладарожку.


Адразу за станцыяй веладарожка і заканчваецца — перад мастом па вуліцы Леніна.

Працяг — за мостам ля 2-га інтэрнату БДУ. Стан такі самы, што і на Чырвонаармейскай — пясок, друз і будаўнічы хлам на велапаласе; плітка з праваламі — на пешаходнай.


Каля «дзясяткі» веладарожка зноў пераскоквае на іншы бок і будуецца там, дзе дагэтуль не было ніякай набярэжнай.

Сказаць па праўдзе, я троху павагаўся, перш чым ехаць у цемру гэтай пусткі. Тым больш, што было даволі прадказальна, што веладарожка скончыцца, нават не дайшоўшы да чыгуначнага моста.


Бо далей — самае вузкае месца для веладарожных будаўнікоў. Сантымэтраў дваццаць-трыццаць.

Інтрыга наступнага году — як яны правядуць тут веладарожку, і ці ўдасца ім гэта за год, або ўвогуле — ці ўдасца. Да гэтага часу, як кажуць на Discovery Channel, я б ня раіў катацца там па начах.


Апошні ўчастак пачынаецца за гарбатым мастком ля вуліцы Індустрыяльнай. Яго пачалі рабіць крыху пазьней за пуліхаўскі, і нават пасьпелі пакласьці адзін слой асфальту. Ліхтары не гараць, цемра суцэльная.



Гэта ўжо Серабранскі завулак. Наколькі я зразумеў, цяпер ён тут і заканчваецца. Нават бардзюры ў два шэрагі паставілі. А замест гравійнай аўтамабільнай дарогі да вуліцы Ванеева будзе веладарожка. Цікава, ці зьмірацца з гэтым тутэйшыя аўтамабілісты і ці не давядзецца дзяліць веладарожку і зь імі? Тут веладарожка ўжо заасфальтаваная, але вакольнае ўпарадкаваньне толькі пачынаецца. Сьвежая зямля, гурбы пяску, валяюцца ліхтарні.


Заканчваецца дарожка так, як і пачыналася — «фірмовай» гурбай пяску і пліткі. Далей, здаецца, у бок Чыжоўкі капаць і не браліся.

Вядома, адразу напрошваецца выснова, што веладарожка робіцца надта марудна. Дзіва што — за ўвесь год давялі да ладу толькі караценькі адцінак на Пуліхава — дзесь 1/28 усяе дарожкі. Шмат дзе за паўгоду не пасьпелі пакласьці як сьлед асфальт, а дзесь нават пясок не завезьлі.

Гэта пры тым, што яшчэ не прыступалі да самага складанага — будаўніцтва веламастоў і праходу цяжкіх месцаў, як на Аранскай, ля Сьвіслачы ў Серабранцы й Лошыцы.

Калі ўзяты тэмп працы захаваецца і надалей, наступным летам тэрміны адкрыцьця давядзецца зноў пераносіць.

Мапа фотарэпартажу

Oct 22, 2008

Стандарт ёсьць, каб рабіць на авось

Быў на Радыяльнай ад «Слодыча» міма «Крыніцы» да заводу шампанскіх він роўны ходнік. Але прыехалі дарожнікі, паглядзелі, што заезд зроблены як сьлед, а не як усюды, і ўторкнулі бардзюрышчы.



За гэты год у Менску зрабілі рамонты на праспэкце Пушкіна і вуліцы Платонава. Усюды — з парушэньнем нормаў будаўніцтва, паводле якіх праезды ніякімі перашкодамі адгароджвацца не павінны.

Нібыта і дробязь — ну, пяць-дзесяць сантымэтраў адступленьня ад нейкага там стандарту. Але міжволі задумаешся — калі будаўнікі ня ведаюць стандартаў будаўніцтва, мо аўтазаводцы ня ведаюць стандартаў аўтобусаў, атлантаўцы — правіл зборкі лядоўняў ці пралак, гарызонтаўцы — нормаў канструяваньня тэлевізараў, белазаўцы — прыкручваньня кузавоў да кар’ерных самазвалаў.

І нават калі, бывае, захочаш падтрымаць ці параіць каму айчыннага вытворцы, не-не і ўсплыве цень сумневу: а раптам і тут, як там, з бардзюрамі — стандарт ёсьць, каб рабіць на авось.

Oct 14, 2008

задачка

Учора Zoom спытаў, як сьцісла патлумачыць асаблівасьці роварнага руху ў Менску.
Велаквэст на Несьцерава

Ну вось як?..

Oct 7, 2008

Раварыстаў паменела

і майстэрня «Велацэнтру» перайшла на несэзонны графік працы:
па аўторках, чацьверках і суботах — ад 11-й да 19-й.

Sep 19, 2008

Дзень без аргумэнтаў

22 верасьня Менск падтрымае сусьветную акцыю «Дзень без аўтамабіляў» — упершыню на афіцыйным узроўні.

З ініцыятывай далучыцца да «Дня без аўтамабіля» выступіла сёлета ў ліпені міністэрства транспарту. У верасьні эстафэту падхапіла міністэрства прыроды.

Менш аўтамабіляў — гэта здаровы лад жыцьця, чыстае паветра, бясьпека на дарогах. Дасягнуць гэтага за дзень немагчыма, але паказаць, што калі аднаго ранку машыны так і застануцца сабе спаць у гаражы, сьвет не абрынецца — можна.

Зрэшты, першы беларускі дзень без аўтамабіляў пройдзе пераважна на паперы. У лепшым выпадку — на дзьвюх вуліцах: Маркса і праспэкце Пераможцаў — іх, магчыма, перакрыюць. Аўтмабілісты могуць перакваліфікавацца ў пасажыраў ці раварыстаў па жаданьні. Скуль гэтаму жаданьню ўзяцца, не ўдакладняецца. Довады адваротнага — у менскім цэнтры спрэс. Праз паўгораду ня ходзяць трамваі, паездка ў мэтро спалучаецца з знадворнымі перабежкамі й двайной аплатай, праспэкт Дзяржынскага — у гразі і заторах. Ня ўздоўж кожнай дарогі ў горадзе ёсьць нармальны ці нават хоць які ходнік, і адзінкі зь іх прыстасаваныя для бясьпечнай язды раварыстаў. А прыехаўшы на ровары на працу, большасьці давядзецца шукаць вольнае дрэва пад вокнамі — цывілізавана пакінуць экалягічны транспарт няма дзе.

Таму калі хто з аўтамабілістаў забыўся, як гэта жыць без машыны ў Менску, «Дзень без аўтамабіляў» — выдатная нагода пераканаць яго ў слушнасьці паездак на аўто.

«Дзень без аўтамабіляў» мае сэнс, калі ёсьць аргумэнты для аўтамабілістаў. Якасныя веладарожкі, бясьпечныя велапаркоўкі, свабодны і прадказальны грамадзкі транспарт з дакладным раскладам на прыпынках, тралейбусы, у якіх не цячэ дах, аўтобусы, у якіх не баісься самлець.

Абавязковай гэтая акцыя стане хіба для пракурорскіх работнікаў па ўсёй краіне. Ім прапанавана прыйсьці на працу пешшу або прыехаць на грамадзкім транспарце. Пракурорскі работнік на ровары — відаць, занадта рэвалюцыйнае відовішча.

Тым часам, у панядзелак эфэктыўнасьць акцыі замярацьмуць фізычна, каб дазнацца, ці паменела шкодных рэчываў у менскім паветры. Вось толькі ці не змарнуе ўсе высілкі ўдзельнікаў акцыі пара старэнькіх МАЗаў?

Першы «Дзень без аўтамабія» быў праведзены ў францускім Ля Рашэлі ў 1997 годзе. Праз год гэтая акцыя ахапіла ўсю краіну. У 1999 годзе да Францыі падключыліся Італія і Швайцарыя, пасьля чаго ідэя распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе. У 2005 годзе акцыя праходзіла ў 1005 гарадах 33 эўрапейскіх краін. У 2007 годзе ў ёй ужо бралі ўдзел 1353 гарады ў 37 эўрапейскіх краінах і ў некаторых гарадах Канады. Штогод прыхільнікі экалёгіі пры падтрымцы адміністрацый гарадоў і мястэчак спрабуюць паказаць, што ў гарадах можна цудоўна жыць без аўтамабіляў, загазаванасьці й затораў.

Aug 15, 2008

Велаходнік на Магістральнай, Машынабудаўнікоў, Крупскай

Знайсьці дарогу безь велапаласы становіцца ўсё складаней, а хочацца ўсё больш. Тым больш што тэхналёгіі раварызацыі ходнікаў становяцца ўсё больш прасунутымі.

На Магістральнай, Машынабудаўнікоў і Крупскай зьявіліся новыя недадарожкі — бяз фарбы й без паловы знакаў — можа, пакуль. З бардзюрамі ў траціну 28-цалёвага кола ды пераскокваньнем на розныя бакі дарогі цераз 6+1 палос ды тры сьветлафоры — пэўна, назаўжды.

Гэткая раварызацыя пагражае скончыцца скутэрызацыяй: па бардзюрах скакаць ня трэба, на пешаходных сьветлафорах па два разы на адным скрыжаваньні стаяць ня трэба, па бугрыстым асфальце трэсьціся ня трэба, у рамонтніцую камізэльку ўлазіць ня трэба, правы атрымліваць ня трэба, пэдалі круціць ня трэба. Едзеш сабе па ўкатаным асфальце, па любой вуліцы, хоць самым праспэктным праспэкце!

Так што, спадар Паўлаў, не чакайце, пакуль абвеладарожаць ходнікі з Цэнтральнага раёну ў Завадзкі — купляйце скутэр. На ровары, думаю, вам ня дужа спадабаецца.