Mar 25, 2008

Дарожкі ў будучыню

«Роварнай» Беларусі пакуль вельмі далёка да Эўропы, дзе доля роварнага транспарту ў гарадзкім руху дасягае 45%.

Зьвярнулі ўвагу, але…

Гэты тэкст быў надру­ка­ва­ны ў беларускім дадатку да газэты «Труд» 22 лістапада 2007 году й зьмешчаны на сайце выданьня. Аднак цяпер ён з сайту зьнік, што і стала нагодай дастаць яго з кэшу й перакласьці на беларускую мову.

Сказаць, колькі ў краіне раварыстаў, не адважыцца ніхто. З аднаго боку, «велікі» стаяць у кватэрах як мінімум паловы беларускіх сем’яў, але разам з тым яны пасьпелі з сродку перасоўваньня ператварыцца ў элемэнт інтэр’еру. Выходзіць як у анэкдоце пра старую лядоўню: месца займае шмат, а выкінуць шкада. Праўда, цяпер з поўнай упэўненасьцю можна сказаць толькі адно — аматараў сесьці за руль двухколавага сябра з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. Тэмпы ж стварэньня неабходнай інфраструктуры для гэтай групы беларускага соцыюму з ростам колькасьці раварыстаў не супадаюць. Можна сказаць, што велааматары выпадаюць з поля зроку «зацікаўленых ведамстваў. Міністэрства спорту й турызму зацікаўленае ў падрыхтоўцы чэмпіёнаў на паўзакрытых базах. Для камітэтаў архітэктуры куды актуальнейшыя праблемы праектаваньнян й будаўніцтва будынкаў. Апошнім часам, праўда, некаторай актыўнасьцю вылучаюцца сталічныя ўлады: ствараюць веладарожкі альбо велаўчасткі ў розных раёнах гораду. Але даволі частка ўвесь гэты працэс зводзіцца да трох няхітрых дзеяньняў. Пракрэсьліць на сярэдзіне ходніка белую неперарыўную лінію — раз. Намаляваць умоўныя абазначэньні пешахода й раварыста — два. Патставіць два дарожныя знакі ў пачатку і ў канцы пешаходна‑роварнай зоны — тры! Праўда, гэтая зона можа раптам абарвацца альбо праходзіць празь лесьвіцу, але гэта ўжо мала каго хвалюе.

Зрэшты, намесьнік начальніка ўпраўленьня фізычнай культуры, спорту й турызму Менгарвыканкаму Генадзь Ліпскі ўпэўнены, што месьцічы няслушна вытлумачваюць само слова «веладарожка»:
—Мяне дзівіць, што пра іх кажуць у множным ліку. Тое, што ўсе называюць веладарожкамі, насамрэч імі не зьяўляюцца! Сапраўдная веладарожка ў нас будзе ўсяго адна, але сапраўды найвышэйшага ўзроўню. А пакуль што мы проста папрасілі кіраўніцтва менскіх раёнаў, каб на ходніках у нешматлюдных месцах яны пракрэсьлілі разьдзяляльную рысу. І колькасьць такіх участкаў расьце ўвесь час. У першую чаргу, гэта клопат пра раварыстаў, каб яны не выяжджалі на праезную частку і не рызыкавалі сваім жыцьцём. Прычым, будуюцца такія ўчасткі на сродкі муніцыпалітэту. у гэтай справе ня ўдзельнічаюць ані Міністэрства спорту й турызму, ані Фэдэрацыя веласпорту.

Раварысты ці бамжы?

Сапраўдная ж веладарожка працягнецца цераз увесь горад — ад Чыжоўкі да Вясьнянкі. Ейная працягласьць складзе 29 кілямэтраў, і яна ня будзе перасякацца з аўтатрасамі. Гэты грандыёзны праект дакладна прыцягне ўвагу менчукоў і гасьцей гораду. Праўда, нямала ў дадзенага пачыну гарадзкіх уладаў скептыкаў, нават спаміж саміх аматараў двухколавага «каня».

Вось што сказаў карэспандэнту «Труда» раварыст са стажам Андрэй Кузьнечык:
— Ёсьць асьцярогі, што выкарыстоўвацца «ісьціная» веладарожка будзе гэтаксама, як гарадзкія набярэжныя — процьма мамаў з каляскамі, пэнсыянэраў з сабакамі й бамжоў з пустымі пляшкамі. Вядома, некаторыя ўчасткі будучай веладарожкі прывабныя для руху — напрыклад, ад Нямігі да праспэкту Незалежнасьці, ад Ульянаўскай да Серабранкі й Лошыцы. Праўда, гэтак будзе толькі ў тым выпадку, калі муніцыпальныя ўлады вырашаць пытаньне падзяленьня веладарожкі на пешаходную й роварную часткі. Вельмі важна, каб мы маглі ехаць з высокай хуткасьцю й не ствараць пры гэтым праблемаў ні сабе, ні пешаходам.

«Дарожная карта» па‑беларуску

На сваім блоґу ў інтэрнэце Андрэй Кузьнечык прапанаваў уласную праграму па разьвіцьці велаінфраструктуры. Як і плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту між Ізраілем і Палестынай, ён умоўна называецца «дарожная карта». Толькі акцэнт зроблены менавіта на ягонай сувязі з дарогамі Беларусі.

Аўтар прапануе тры асноўныя пункты праграмы. Першы — разьдзяленьне зон руху па ходніках пры адсутнасьці веладарожак. Гэта, найперш, клопат пра пешаходаў. Усё‑такі пры магчымым сутыкненьні мінака й раварыста значна больш дастанецца першаму.

З наступнай прапановай будуць салідарныя многія людзі, далёкія ад веласпорту: і мамы з маленькімі дзецьмі, і інваліды‑калясачнікі. Не высокім бардзюрам у Менску! Хаця б каля пешаходных пераходаў.

І, нарэшце, трэці пункт — стварэньне большай колькасьці сапраўдных веладарожак. Было б няблага далучыць будаўніцтва веластаянак і велапарковак каля адміністрацыйных будынкаў, крамаў, прадпрыемстваў…

Праграма, вядома, малюе ідэальную, практычна недасягальную карціну, але пры гэтым цалкам можа стаць своеасаблівым маніфэстам двухколавага руху. Гэта тое, што хацелі б бачыць самі велааматары, а не чыноўнікі, якія ў апошні раз каталіся на двух колах у далёкім дзяцінстве.

Іншае жыцьцё за МКАДам

Пры гэтым варта прызнаць, што на пэрыфэрыі справы з роварнай інфраструктурай нашмат горшыя, як у сталіцы.

Намесьніца дырэктара Віцебскай велашколы Тацяна Аксютава ў размове з карэспандэнтам «Труда» не хавае свайго абурэньня:
«Мала таго, што велааматараў ні ўва што ня ставяць, дык цяпер не даюць трэніравацца яшчэ й спартоўцам! Начальнік тутэйшай ДАІ накіраваў нам афіцыйны ліст, у якім забараняе праводзіць спаборніцтвы. Можа, ён хоча зьняць зь сябе адказнасьць за іх правядзеньне? А хто тады павінен арганізоўваць хоць якісьці суправаджальны транспарт і такім чынам ствараць умовы для правядзеньня нашых спаборніцтваў?».
У Горадні, паводле слоў мясцовых чыноўнікаў, «адна дарожка ёсьць. Праўда, у лясным масіве. Там і на роварах, і на лыжэролерах катацца можна. А ў цэнтры нічога не плянуецца».

Начальніку аддзела фізычнай культуры й спорту Гомельскага гарвыканкаму Ігару Палуяну таксама няма чым парадаваць аматараў двухколавай язды:
«Веладарожак у нас няма, але нашаму гораду Беларускай фэдэрацыяй веласпорту былі перададзеныя спэцыяльныя горкі для спаборніцтваў».
То бо, у лепшым выпадку, увага зьвернутая на тых, хто марыць пра экстрым і актыўны адпачынак. Пра забесьпячэньне інтарэсаў звычайных велааматараў гаворкі няма.

Супраць «лому» няма прыёму

Ёсьць яшчэ адзін сур’ёзны тормаз для разьвіцьця «велааматарства» ў нашай краіне. У большасьці эўрапейскіх гарадоў нікому ў голаў ня прыйдзе сесьці на чужы ровар і паехаць па сваіх справах. У нас мала хто рызыкне пакідаць свае ровары каля крамаў, кінатэатраў, клюбаў і г. д.

Тут не дапаможа нават выкарыстаньне спэцыяльна збудаваных стаянак. З тым жа посьпехам можна прыблытаць ровар для дрэва ці да слупка. Ніхто ня дасьць гарантыі, што з суседняга пад’езду ня выйдзе мужык з кусачкамі, ня «выслабаніць» чужы ровар і не «загоніць» яго заўтра на рынку ў Ждановічах.

Андрэй Кузьнечык дзеліцца сваім досьведам:
— Звычайна я знаходжу слуп, замыкаю велік замком праз абодва колы, здымаю сядло й хаваю яго ў торбу. Складаней тым, хто вымушаны пакідаць свой ровар на час працы на адным і тым жа месцы на вуліцы. Рызыка немалая… У большасьці будынкаў адміністрацыя не дазваляе заносіць ровары ўсярэдзіну. Нават каля Нацыянальнай бібліятэкі, абвешанай рознымі тэхнічнымі прыбамбасамі, веластаянка не «прастрэльваецца» камэрамі відэаназіраньня.

А як у іх?

У абсалютнай большасьці эўрапейскіх краін адмаўляцца ад аўтамабіляў ня грэбуюць жыхары правінцыі й сталіц. Здаровы лад жыцьця цяперака ў модзе. Ніхто ня дзівіцца, пабачыўшы ў цэнтры Амстэрдаму ці Парыжу элегантна апранутага офіснага работніка ў строгім гарнітуры, які вяртаецца дахаты на двухколавым сябры.

Па‑першае, такім чынам праяўляецца клопат пра сваё здароўе — ровар адзін з найэфэктыўнейшых спосабаў пазбыцца лішніх калёрый.

Па‑другое, атрымліваецца істотная эканомія часу, бо любы затор можна акуратна й даволі‑такі хутка аб’ехаць па ходніку.

Па‑трэцяе, і гэта, напэўна, самае галоўнае. За «бугром» распрацаваныя і ўжыцьцяўляюццца сур’ёзныя праграмы на дзяржузроўні, вылучаюцца прыстойныя грошы на стварэньне інфраструктуры й прапаганду руху на ровары. Такі рух ужо даўно там правіла ня проста добрага, а вельмі добрага тону.

 


Паводле статыстыкі ДАІ, за дзевяць месяцаў [2007] году ў рэспубліцы было ўчынена 467 наездаў на раварыстаў, зь іх 236 — па віне саміх раварыстаў.

У выніку гэтых ДТЗ 51 чалавек загінуў. Вядома, тыя ж веладарожкі не змаглі б прадухіліць усе аварыі, але пры іх наяўнасьці хаця б некалькі жыцьцяў можна было ўратаваць…


Ягор Марціновіч, газэта «Труд», 22.11.2007

No comments:

Post a Comment