Apr 28, 2008

Весткі з палёў. Падарожжа па праекце веладарожкі

Поўнач — цэнтар.
На самым пачатку веладарожкі пакуль некранутае поле зь перакапанай бабрамі сьцежкай. Сама ж веладарожка, рэканструяваная летась, заварочвае на пешаходны пераход перад разьвязкай.
Празь некалькі мэтраў ад пачатку веладарожкі збоку зьяўляецца напалову вузейшая паласа, выкладзеная пліткай. Падобная ж канструкцыя цяпер вымалёўваецца на набярэжнай уздоўж вуліцы Пуліхава. Відаць, па задуме архітэктараў, гэткай і будзе менская мэґавеладарожка. «Зярністае пакрыцьцё» выглядае як звычайны асфальт. Асфальт пакладзены роўна і не выклікае нараканьняў. Плітачная паласа пракладзеная толькі там, дзе дазваляе шырыня між дрэвамі, і ў вузейшых месцах зьнікае.
Але ўсё ж бардзюры ўровень з асфальтам нашыя дарожнікі класьці так і не налаўчыліся. Хто б сумняваўся.
Здарыўся канфуз і з пліткай. Дзе-нідзе зазор між веладарожкай і плітачнай паласой такі, што ў яго зь лёгкасьцю зьмяшчаецца кола. Нават на невялікай хуткасьці гэта можа пагражаць зламанымі коламі і касьцямі.
Ля запраўкі люк пасярэдзіне веладарожкі атачылі насыпам зь зярністага — без сумневаў — пакрыцьця. Трэба думаць, гэткі спосаб афармленьня люкаў адпавядае стандартам будаўніцтва мэґавеладарожак. Бо, скажам, на аўтадарозе такіх дзівосаў не сустрэнеш.
Ля крыніцы, дзе паварот на Дразды, паставілі новыя знакі веладарожкі. Раней іх тут не было. Панізіць бардзюры, праўда, ніхто і не спрабаваў. Затое выбоісты асфальт замянілі на роўны новы. Веладарожка, па традыцыі, заканчваецца за некалькі мэтраў да дарогі.
Далей, паводле задумы архітэктараў, веладарожка робіць рэзкі паварот, перасякае некалькі палос лыжна-ролернай трасы й прыціскаецца да Сьвіслачы. Тут работ пакуль не заўважана, але гэты адрэзак роварнай трасы будзе вельмі цікавым. Месца для веладарожкі тут папросту няма ды й як бясьпечна перасячы ролерную трасу без мастоў ці тунэляў, таксама незразумела. Пакуль раварысты дзеляць з мамамі вузкую грунтовую сьцежку ля вады.
Першыя сьляды будаўніцтва веладарожкі былі заўважаныя ля моста на Арлоўскай вуліцы. Тут зьнялі грунт, выкапалі старую плітку й пачалі класьці бардзюры. У пятніцу а 17-й быў заўважаны адзін нястомны рабацяга. (Забягаючы наперад, скажу, што акурат такая самая сытуацыя цяпер на вуліцы Індустрыяльнай ля гарбатага моста.) Далей аж да самай вуліцы Пуліхава ніякіх веладарожных работ не заўважана.
[Image]
Прывязка да мясцовасьці
Паглядзець слайды ва ўвесь экран (Firefox, Explorer)
Аснова схемы — forum.poehali.net

No comments:

Post a Comment