Jun 14, 2008

Цана чыноўніцкага валаводжаньня

Цягам першых дзёсяці дзён лета ў Кіеве здарылася чатыры наезды на раварыстаў, у выніку якіх два раварысты загінулі, яшчэ двое атрымалі цяжкія траўмы.

  • 3‑га чэрвеня аўтамабіль Chevrolet Aveo наехаў на раварыста — той з чэрапна‑мазгавой траўмай трапіў у лякарню.

  • 8‑га чэрвеня аўтамабіль зьбіў вядомага ўкраінскага перакладчыка літаратуры Анатоля Пэрэпадзю[1][2] , які ехаў на ровары ў Суполку пісьменьнікаў. 10‑га чэрвеня ён, не апрытомнеўшы, памёр у лякарні.

  • 9‑га чэрвеня каля 1‑й гадзіны начы аўтамабіль BMW, кіраваны п’яным кіроўцам, зьбіў 23‑гадовага музыку, студэнта Кіеўскага палітэхнічнага інстытуту Аляксея Башкірцава . Празь некалькі гадзін юнак памёр у лякарні.

  • 10‑га чэрвеня ўвечары быў зьбіты яшчэ адзін раварыст. Кіроўца аўта ўцёк зь месца здарэньня. Раварыст з мноствам траўмаў трапіў у лякарню.

  • «Цягам апошніх гадоў прадстаўнікі Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі неаднаразова анансавалі распрацоўку праектаў абсталяваньння роварнай інфраструктуры, але дагэтуль ніводнай роварнай дарожкі ці стаянкі ў Кіеве не было створана. Раварысты вымушаныя езьдзіць па адных дарогах з аўтамабілямі, кіроўцы якіх усё часьцей сядаюць за стырно нецьвярозымі», — гаворыцца ў лісьце Асацыяцыі раварыстаў Кіева да мэра Кіева Леаніда Чарнавецкага.
    Неўзабаве на сайце Кіеўскай гарадзкой рады зьявілася рэакцыя гарадзкога кіраўніка.

    Мэр Кіева Леанід Чарнавецкі даручыў прысьпешыць працэс адаптацыі сталічных аўташляхоў пад роварны транспарт, паведаміў намесьнік кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Дзяніс Бас:
    «Беручы пад увагу тыя дарожна‑транспартныя здарэньні, што сталіся цягам некалькіх апошніх дзён на сталічных дарогах з удзелам раварыстаў, мэр Кіева Леанід Чарнавецкі даручыў прысьпешыць працэс адаптацыі сталічных аўташляхоў пад роварны транспарт».
    «Цягам году будзе зробленая мадэрнізацыя шэрагу дарог і вуліц у Кіеве. Гэтак, мы заплянавалі стварыць роварныя дарожкі дзесь на 50 вялікіх вуліцах. Большая іх частка разьмешчаная ў кірунку выезду з гораду ў рэкрэацыйныя зоны, якія асабліва любяць раварысты. Для вызначэньня месца разьмяшчэньня дарожак мы праводзілі спэцыяльныя апытаньні між раварыстаў».
    Апроч таго, паводле слоў Дзяніса Баса, кіеўскія ўлады супрацоўнічаюць з ДАІ, якая ў рамках праекту будзе сачыць за культурай кіроўцаў, праводзіць тлумачальную працу, а пазьней і штрафаваць кіроўцаў аўтамабіляў, якія будуць заяжджаць на роварныя дарожкі.

    Паводле слоў генэральнага дырэктара «Кіеўаўтадару» Георгія Глінскага, паводле дзейных правілаў, роварныя дарожкі разьмяшчаюцца на магістральных вуліцах рэгуляванага руху, вуліцах мясцовага значэньня, а таксама пад’ездах да гандлёвых цэнтраў, прамысловых прадпрыемстваў, стадыёнаў, паркаў, выстаў, рынкаў і аўтастаянак.

    Зь ягоных слоў, паводле дзейных правілаў шырыня дарожкі для раварыстаў павінна быць ня меншай за 1,5 мэтра.
    «Да праблем абсталяваньня роварных дарожак трэба падыходзіць узважана, асабліва ў цэнтральнай частцы гораду, дзе гэта магчыма толькі пры ўмове зьмяншэньня ходнікаў. Што, у сваю чаргу, можа прывесьці да ўскладненьня руху пешаходаў. Таксама мы прапануем прадугледжваць іх найперш падчас будаўніцтва новых дарог», — заўважыў Георгі Глінскі.

    No comments:

    Post a Comment