Jun 7, 2008

Роварныя асаблівасьці нямецкіх правілаў дарожнага руху

Раварысты «жывуць» на дарогах дзесьці між пешаходамі й кіроўцамі. Для гэтай асаблівай групы рызыкі ў Нямеччыне дзейнічаюць некаторыя адмысловыя правілы.

Нагодай для гэтай нататкі стала невялічкая абвестка на адным з аўтобусных прыпынкаў у Кёльне. Ейная аўтарка прасіла дапамагчы знайсьці кіроўцу машыны, які зьбіў яе на суседнім скрыжаваньні, перад гэтым груба парушыўшы дарожныя правілы. Жанчына ехала на ровары й атрымала цяжкія траўмы. У апісаньні аўтамабіля гаварылася пра нумарныя знакі адной з краін — буйной рэспублікі былога Савецкага Саюзу. Цалкам нумар ёй запомніць не ўдалося, але код краіны і колер сьцягу былі пазначаныя. Парушальнік зь месца здарэньня ўцёк.

Іншаземным кіроўцам варта памятаць, што ў чужую краіну з сваімі правіламі ня езьдзяць. У буйных гарадах Расеі й іншых краін СНД раварысты застаюцца целам іншародным — бяспраўным і прыгнятаным удзельнікам дарожнага руху. Калі пры выезьдзе на нямецкія дарогі не пераключыць закладзеную ў кіроўскай галаве «родную» праграму, то можна хутка нарвацца на непрыемнасьці, як гэта й здарылася, відаць па ўсім, зь невядомым кіроўцам вышэйзгаданага аўтамабіля. Калі яго затрымаюць, то апроч пакараньня за парушэньне правіл яму пагражае крымінальная адказнасьць за ўцёкі зь месца здарэньня. Аднак гэткая ж доля спасьцігла б яго практычна ў любой краіне сьвету, мы ж спынімся на некаторых правах і абавязках раварыстаў у Нямеччыне.

Адно з параўнальна новых правілаў, пра якое не падазраюць і шмат якія жыхары краіны, палягае ў тым, што пры наяўнасьці спэцыяльна пазначаных дарожак, якія ідуць паралельна з праезнай часткай, яны абавязаныя карыстацца імі.

Асобная гісторыя — вуліцы з аднабаковым рухам. Раварысты часта едуць «пад цагліну», то бо супраць руху, што ёсьць найгрубейшым парушэньнем правілаў. Аднак некалькі гадоў таму гарадзкім уладам дазволілі адкрываць аднабаковыя вуліцы для сустрэчнага руху раварыстаў. Гэтыя вуліцы пазначаныя спэцыяльнымі знакамі. Адзін зь іх — прастакутнік з роварам і надпісам «Frei», то бо «Дазволена» пад забараняльнай «цаглінай».

У апошнія гады ў Нямеччыне павялічваецца колькасьць скрыжаваньняў з кругавым рухам. Калі на іх няма спэцыяльнай дарожкі для раварыстаў, то пры ўезьдзе ў круг раварыст абавязаны, як і кіроўцы, прапусьціць тых, хто ўжо знаходзіцца ў ім. Выехаўшы на кругавое скрыжаваньне, ён ня мусіць «прыціскацца» да краю, а рухацца пасярэдзіне праезнай часткі, каб іншыя ўдзельнікі руху яго лепш бачылі й не рабілі спробаў абагнаць. Перад тым, як пакінуць круг, неабходна зрабіць знак рукой, як і пры любым павароце альбо зьмене паласы.

Па‑за кругавым рухам раварысты абавязаныя рухацца па правым краі праезнай часткі, адзін за адным. Ехаць паралельна ім дазволена толькі ў тым выпадку, калі яны не замінаюць іншым удзельнікам руху.

Доўгі час самыя розныя нямецкія суды цікавіла пытаньне, ці абавязаныя кіроўцы машын прапускаць раварыстаў, калі тыя перасякаюць вуліцу па «зебры», то бо па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Цяпер па гэтым пытаньні ў служкаў Фэміды ў Нямеччыне склалася адзінае й вельмі хітрае меркаваньне. Такім чынам, калі раварыст рухаецца па «зебры» на сядзеньні і/або круціць пэдалі, то ён перавагай перад аўтамабілямі не валодае. Калі ён каціць ровар, то зьяўляецца пешаходам, гэта значыць кіроўцы абавязаныя яго прапусьціць. Каб стаць «пешаходам», яму дастаткова, застаючыся на ровары, падняцца зь сядзеньня й адной нагой адштурхоўвацца аб асфальт, другая ж можа заставацца на понажы. Вось такія тонкасьці нямецкага правасудзьдзя.

Паводле: Максім Нялюбін, Deutsche Welle

No comments:

Post a Comment