Jun 25, 2008

На генпляне Менску намалююць веладарожкі

Дзяржаўтаінспэкцыя адказала на некаторыя пытаньні раварыстаў, зададзеныя ў рамках праекту «СБ — Беларусь Сегодня» «Партнэрства дзеля бясьпекі». Перш‑наперш чыноўнікі далі сьмелую самахарактарыстыку свайго унёску ва ўмовы існаваньня раварыстаў у сталіцы:
Дзяржаўтаінспэкцыя максымальна спрыяе разьвіцьцю ў Менску інфраструктуры роварнага руху.
Гэтая ацэнка падмацоўваецца ўжо звыклым арґумэнтам:
Цяпер вядзецца будаўніцтва веладарожкі працягласьцю 26 кілямэтраў.
Далей між радкоў хаваецца шматабяцальная навіна пра тое, што
па даручэньні камітэту архітэктуры й горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму пры карэктыроўцы генпляну гораду УП «Мінскграда» будзе распрацоўваць канцэпцыю разьвіцьця сеткі веладарожак.
З стандартнай схемы канструяваньня веладарожак падчас новага будаўніцтва і рэканструкцыі вуліц чыноўнікі вырашылі ўзяць на ўзбраеньне палову:
Прадугледжваецца будаўніцтва веладарожак і падчас праектаваньня новых жылых раёнаў, а пры праектаваньні буйных аб’ектаў сацыяльна‑бытавога прызначэньня плянуецца будаўніцтва паркоўкі для ровараў.
Улічваючы тое, што ў межах кальцавой амаль усе тэрыторыі ўжо запраектаваныя, новыя веладарожкі паўстануць ня ў блізкай будучыні ды на далёкіх ускраінах.

З адказу таксама зразумела, што ў паняцьце «максымальнае спрыяньне інфраструктуры роварнага руху» не ўваходзіць арганізацыя бясьпечных умоў для роварнага руху ў месцах, дзе ў гэтым найбольшая патрэба.
Аднак трэба ўлічваць і наяўную забудову цэнтральнай часткі гораду. Да жалю, на багата якіх вуліцах будаўніцтва адасобленых веладарожак практычна немагчымае, а абсталяванне паласы для раварыстаў на праезнай частцы вуліц ускладнена, бо прывядзе да зьніжэньня прапускной здольнасьці, утварэньня заторавых сытуацый, пагаршэньня экалягічнай абстаноўкі.
Тэзыс пра тое, што стварэньне ўмоў для роварнага транспарту прывядзе да пагаршэньня экалягічнай абстаноўкі, — несумненны чыноўніцкі посьпех у жанры бюракратычнага парадоксу.

З адказу становіцца таксама зразумела, што крэатыўшчыкі дзяржаўтаінспэкцыі не зьбіраюцца адмаўляцца ад ідэі абавязковага апрананьня ўсіх раварыстаў у «рамонтніцкія» камізэлькі, «нават у сьветлы час сутак».
Так, прымяненьне камізэлек павышанай бачнасьці дапамагае ўбачыць раварыста нават у сьветлы час сутак. У цемры камізэльку з устаўкамі зь сьвятлоадлюстроўвальнага матэрыялу варта разглядаць як дадатковы элемэнт бясьпекі. З канца 2007 году Дзяржаўтаінспэкцыя рэкамэндуе раварыстам увесь час выкарыстоўваць такія камізэлькі. А ў найбліжэйшай пэрспэктыве іх укараненьне цалкам можа стаць нормай правілаў дарожнага руху.
Веладарожкі ў далёкай будучыні, і ніколі ў цэнтры, увядзеньне дрэс-коду для раварыстаў у найбліжэйшай пэрспэктыве — выглядае, выраз «максымальнае спрыяньне» значыць, што раварыстам ад ДАІ большага чым ёсьць (а няма практычна нічога), чакаць не выпадае.

1 comment:

  1. Заяви ДАІ - фігня. У нас ДАІ так само заявляли, що "немає місць", "покращить ситуацію на дорогах", але прикол в тому, що не ДАІ приймає рішення, а міськвиконком. Нам нарешті вдалося добитися рішення від міської адміністрації про те, що мережа велодоріжок порібна і вона буде, так тепер начальники ДАІ лише допомагаєють це рішення втілювати, і ніхто вже не каже про "недоцільність". Тому не слухайте їх дуже сильно - вони йолопи і ледацюги, а вам своє робити! ;)

    ReplyDelete