Jun 7, 2008

У выпадку неспакою коней належыць сысьці з ровара

Колькі сёньня ў Менску раварыстаў — ня ведае ніхто. А вось стагодзьдзе таму парадку ва ўліку было болей: у 1906 годзе гарадзкая ўправа зарэгістравала 297 раварыстаў, у 1913 годзе гэтая колькасьць павялічылася да 495.

Што ні паведамленьне ў хроніцы стагадовай даўніны — то тэма для гісторыка‑бытапісца:
Велапрабег Пецярбург — Менск. Вядомы менскі раварыст і канькабежац Асьвецымскі робіць прабег на ровары Санкт‑Пецярбург — Менск. Ён выехаў з Санкт‑Пецярбургу ў аўторак 8 траўня й паводле разьлікаў у нядзелю 13 траўня ад 7 да 10 гадзіны вечара прыбудзе на трэк Менскага таварыства аматараў спорту, дзе яго будуць сустракаць. («Минское слово», 1912 г.)
За горад — на роварах. Грамадзкія паездкі прываблівалі многіх удзельнікаў, асабліва ў пачатку сэзону: у прызначаныя па ўзгадненьні дні пад кіраўніцтвам камандора грамадзкіх паездак сп. Прывалава аматары загарадных прагулак, нярэдка ў колькасьці 10‑15 чалавек, выпраўляліся зраньня, робячы па 20‑25 вёрстаў, а невялікая група ў 5 чалавек езьдзіла нават у Слуцак. (Справаздача пра дзейнасьць Менскага таварыства аматараў спорту за 1899 г.)
У Губэрнатарскім садзе. …Днём па алеях саду шалёна імчацца раварысты, разганяючы публіку сваёй яздой. («Минское слово», 1912 г.)
Раварысты і вершнікі. Варта б каму сьлед зьвярнуць увагу на бойкасьць нашых раварыстаў, ад якіх рашуча няма праходу ў Губэрнатарскім садзе й на сквэры, яны маюць катацца цэлымі групамі, наяжджаюць ззаду на публіку, што шпацыруе. («Минский курьер», 1920 г.)
Пачатак працэсу рэгуляваньня «роварнага пытаньня» быў пакладзены 29 жніўня 1897 году, калі менскі губэрнатар прыняў выключна глыбока прапрацаваную пастанову «Пра язду на роварах па горадзе Менску». Першы пункт гэтага выбітнага дакумэнту абвяшчаў: « Хуткая язда па горадзе забараняецца».

І далей у тым жа духу:
«Абганяючы экіпажы альбо пешаходаў варта прыцішыць хаду й загадзя даць званок; лепш паўтарыць званок некалькі разоў зьлёгку, а не ўжываць рэзкі нечаканы званок. Заўвага: ужываньне трубкі альбо гудка, замест званка, пры язьдзе на роварах у горадзе забараняецца. У выпадку неспакою коней належыць сысьці з ровара».
Гарадзкая дума ў пачатку ХХ стагодзьдзя прыняла пастанову «Пра збор з ровараў»:
«1 р. 40 к. з уключэньнем платы за нумарны знак». Рупь сорак па тых часах было немалой сумай — сем паўпляшак гарэлкі або дзевяць хунтаў ялавічыны.
І тым больш самі ровары, як і ўвогуле тэхнічныя прадметы ўжытку, былі нятаннымі. У Менску ў краме Г.Б.Рубенчыка на вуліцы Захар’еўскай ля гасьцініцы «Адэса» (прыблізна, там, дзе сёньня на праспэкце Незалежнасьці месьціцца Цэнтральная кнігарня) знакаміты ровар «Расія» фабрыкі Лейтнэра каштаваў 85 рублёў. Ангельскія мадэлі «Гумбэр», «Кайнар», «Энфілд» і «Брыльянт» ацэньваліся яшчэ даражэй.

Культура ровара пацягнула за сабой шлейф аксэсуараў для язды, стварыла моду на новыя прадметы, адным зь якіх быў «веласіпедычны картуз». Чытаем ва Ўладзімера Набокава ў рамане «Іншыя Берагі»:
«…камэрдынэр майго бацькі, прыхоўваў для яго «дарожны» ровар «Дукс» з усімі аксэсуарамі, — карбідам для ліхтара, званкамі двух гатункаў, дадатковым тормазам, помпай, трохкутным скураным футаралам з інструмэнтамі й нават заціскачыкамі для прывідна‑белых Максавых нагавіц».
Ганаровы старшыня Менскага таварыства раварыстаў Яўстах Любанскі быў калярытнай постацьцю: памешчык новага тыпу, удачлівы прадпрымальнік, гаспадар сьпіртзаводу й вялікіх зямельных дзялянак, дэпутат Першай Дзяржаўнай думы. Валодаў ён прыгарадным маёнткам Лошыца, і ў тутэйшым парку гэты аматар да коней ды жыцьцёвых асалод, гуляка, пакравіцель пажарнікаў і спартоўцаў ладзіў яскравыя імпрэзы з удзелам раварыстаў.

У грамадзтве на «цыклістаў» глядзелі нярэдка скоса. Чарнасоценскія газэты лякалі чытачоў «сьведчаньнямі» дактароў мэдыцыны пра тое, як «эрэкцыі, што ўзьнікаюць з‑за вянознага застою, да таго мучаюць раварыстаў, што часта яны вымушаныя перапыняць язду».

Але насуперак усяму паэт Улад. Анфілаў бадзёра ўсклікаў у сваёй «Одзе ровару»:

    Цыклісьце, хай журба мінае!
    Круці слухмяныя пэдалі,
    Прапагандуй усюды наш
    Нездаганяльны экіпаж!


Паводле: Сяргей Крапівін, «Экспресс-НОВОСТИ»

No comments:

Post a Comment