Jul 18, 2008

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках: Велапаласа на Партызанскім

За пару дзён на Партызанскім праспэкце намалявалася новая велапаласа. Ёю «асучасьнілі» ходнікі даўжынёй у два кварталы: ад Шашэйнай вуліцы да безназоўнага праезду ля Заводу колавых цягачоў, не даяжджаючы да станцыі Магілёўскай — то бо ажно адну дзясятую частку ўсяго праспэкту, недзе пад кілямэтар.

У самым пачатку паласы ў ходніку вытыркаецца акуратна абкладзеная пліткай магілка нейкага дрэва, якое не перажыло ўрбанізацыю. А магло б быць адной дрэвадарожкай болей.



Перад скрыжаваньнямі дарожка звыкла зьнікае. Паніжаць бардзюры ці хаця б падсыпаць асфальт ніхто і ня браўся. Будаўнікі і будаўнічыя нормы працягваюць існаваць у паралельных сьветах.



З таго, што на праспэкце Жукава адлінавалі раварыстам дрэва, можна было б і пакпіць. Але працяг экспэрымэнту выклікаў трывожнае зьдзіўленьне. За Сацыялістычнай вуліцай велапаласа ідзе прамой наводкай на павільён прыпынку «вул. Варвашэні». Для таго, каб «не ствараць перашкодаў пешаходам», раварыстам пакінулі прастору шырынёй у гэтага самага сярэднестатыстычнага пешахода. Забясьпечыць бясьпеку можна толькі скочыўшы цераз галаву, што немагчыма. А падобным немагчымасьцям акурат і прысьвечаны п. 148 ПДР. А пытаньне, навошта рабіць нешта, чым немагчыма карыстацца, перад гарадзкімі паляпшальнікамі, як бачна, не стаяла.



Яшчэ б трошку, і веладарожка займела б нешта падобнае на сэнсоўны пачатак/канец — напрыклад, Аўтазаводзкую аўтастанцыю, ці скрыжаваньне з Ангарскай, ці выезд на Шабаны, ці хоць Магілёўскае мэтро. Але стваральнікі вырашылі не парушаць традыцыі велабудаўніцтва ўнікуды зьніадкуль ды абарвалі «элемэнт велаінфраструктуры» на безназоўным ды бессэнсоўным праезьдзе ў кірунку заводу колавых цягачоў.



Зрэшты, ужо ад Сацыялістычнай велапаласа тая ня дужа каму патрэбная. Раварысты збольшага жывуць у раёнах, што выходзяць да супрацьлеглага боку Партызанскага праспэкту ды ня любяць гойсаць па падземных пераходах, тым больш калі ёсьць наземныя. Таму веладарожку для раварыстаў варта было б весьці па няцотным баку, з паваротамі на ВарвашЕнісейскую ды Ангарскую ды зь пераездам ля стэлы «Беларусь партызанская». Вось толькі зручнасьць для раварыстаў, выглядае, апошняе, пра што думаюць малявальшчыкі сталічных веладарожак, калі думаюць пра гэта ўвогуле. Фактаў, якія б гэта пацьвердзілі, пакуль выявіць не ўдалося.



Застаецца таксама незразумелым, што пры такім падыходзе стрымлівае гарадзкое начальства ад разьліноўваньня напалам усіх ходнікаў, дарожак, двароў, паркаў ды лясных масіваў сталіцы. Глядзіш — і трапілі б у дваццатку самых роварных краін.

No comments:

Post a Comment