Jul 24, 2008

Бяз рэзкіх рухаў

Раварысты гінуць у аварыях усё часьцей

Байкі (як яшчэ называюць ровары), бадай, адзін з самых уразьлівых відаў транспарту. Варта каму‑небудзь з аўтамабілістаў зрабіць ня той рух рулём — і ты ўжо пад адхонам. А любое падзеньне пагражае сур’ёзнымі траўмамі, нават шлем не заўжды дапаможа.

Асабліва шмат аварый здараецца ўлетку. Вось і цяпер дарожныя інцыдэнты з удзелам раварыстаў адбываюцца ледзь ці не штодня.

У вёсцы Зарэчча Пухавіцкага раёну пажылы раварыст апынуўся проста пад коламі матацыкла. Ад атрыманых траўмаў пэнсіянэр сканаў на месцы. Хлопец, які кіраваў матацыклам, і ягоная дзяўчына шпіталізаваныя. У іх закрытыя чэрапна‑мазгавыя траўмы, множныя ўдары й драпіны па ўсім целе.

А на мінулым тыдні ў Любанскім раёне 13‑гадовы падлетак, які ехаў на ровары, трапіў пад колы аўтамабіля…

Улетку багата хто перасядае на экалягічна чысты транспарт. Пра тое, як зрабіць паездкі для раварыстаў больш камфортнымі, гарадзкія ўлады задумаліся ўсур’ёз. На днях старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў даручыў распрацаваць канцэпцыю будаўніцтва ў горадзе веладарожак. Прычым справа не павінна абмяжоўвацца толькі 27‑кілямэтровай велатрасай, пра якую так часта гавораць.

Аднак ёсьць і іншая праблема. Похапкам многія раварысты груба парушаюць правілы. Напрыклад, едуць па вуліцы з аднабаковым рухам супраць патоку. Хоць паводле ПДР яны таксама кіроўцы й павінны падпарадкоўвацца дарожнаму парадку. Іншыя ня «сьпешваюцца» на пераходах, а пераяжджаюць іх на байку. Вынік? Аўтамабілісты не пасьпяваюць зрэагаваць і зьбіваюць спрытных падлеткаў.
— Найбольш аварый адбываецца за горадам, у сельскай мясцовасьці, — расказвае галоўны спэцыяліст аддзелу арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяньня й прапаганды бясьпекі дарожнага руху УДАІ МУС Уладзімер Сьцяпанаў. — Часьцей за ўсё ДТЗ здараюцца ў цёмны час сутак, калі раварысты выяжджаюць на праезную частку. Як пазьбегнуць здарэньняў? Ровары неабходна аснашчаць флікерамі, уначы абавязкова ўключаць ліхтары. сьпераду — белага колеру, ззаду — чырвонага. Неабходна апранаць сьвятлаадбівальныя камізэлькі й шлемы.
Аксана Сідаровіч, «СБ-Беларусь Сегодня»

No comments:

Post a Comment