Aug 12, 2008

Спэцматэрыял для спэцдарожкі

На мінулым тыдні «Менскі кур’ер» напісаў вялікі матэрыял пра мэгавеладарожку ўздоўж Сьвіслачы. Апроч не аднойчы паўтораных зьвестак, ёсьць у выданьні й новыя цікавосткі.

Напрыклад, што вуліцу Купалы трэба будзе пераходзіць па мосьце, што веладарожка будзе асьвятляцца да 23-й гадзіны, што побач зь пешаходнымі мастамі церазь Сьвіслач будуць будаваць роварныя. Ну і, самае цікавае, што значок ровара на ходніку для некаторых можа стаць  апошнім штуршком у раварызацыі насельніцтва. =)

У Менску будуецца ўнікальная веладарожка працягласьцю 27 кілямэтраў

Пакуль сталічным раварыстам даводзіцца круціць понажы з рызыкай для жыцьця: аўтаўладальнікі ні за што ня хочуць прызнаваць іх паўнацэннымі ўдзельнікамі дарожнага руху, а бардзюры ў горадзе такія высокія, што пры праезьдзе па кожным зь аж душа заходзіцца. Аднак неўзабаве ўсё зьменіцца — у Менску кіпіць праца па будаўніцтуе веладарожкі, якая пройдзе цераз увесь горад.

Карэспандэнты «МК» высьветлілі, якой будзе спэцтраса для людзей на «байках».
Усе — на ровар!
Пакуль веладарожка будуецца, й па ёй гуляюць пешаходы. Калі Менску штось і варта пераймаць у сталіц старой Эўропы, дык гэта любоў да велапрагулак. Да апошняга часу сталічныя аматары «байкаў» наракалі, маўляў, езьдзіць нам няма дзе — веладарожак у Менску няма. Хутка ўсё пераменіцца! Карэспандэнт «МК» пабываў у месцах, дзе зьявіцца велатраса.
Ад «Дынама» да Першамайскай
Дарожка адна, але доўгая. Для раварыстаў яна адчыніцца праз год, а пакуль тут завіхаюцца плітачнікі й майстры па ўкладцы спэцыяльнага асфальту.

Свой шлях я пачаў ля стадыёну «Дынама», дзе працавала брыгада будаўнікоў, і прагуляўся да парку імя Горкага ўздоўж пакручастай ракі Сьвіслач.
— Мы скончылі будаўніцтва ўчастку веладарожкі на вуліцы Пуліхава, а цяпер укладваем плітку ля Аранскай. Некаторыя часткі трасы пакуль не чапалі: дзесьці грунт трэба ўмацоўваць, дзесьці пашыраць набярэжную Сьвіслачы, — расказаў Андрэй Капусьцін, майстра ААТ «Будмост».
Ад стадыёну «Дынама» Сьвіслач віляе ў бок парку Горкага, агінаючы канцэртную залю «Менск» і яшчэ некаторыя будынкі. Абрысы трасы бачныя практычна паўсюль. Адзін з участкаў пралягае проста ля станцыі мэтро «Першамайская». Дарэчы, ад стадыёну да парку пешаходная плітка ўжо выкладзеная, а вось асфальт для раварыстаў пакуль не зьявіўся.
Арабінавы рай
Менавіта так можна назваць ужо дабудаваны ўчастак дарогі ад парку Горкага (там, дзе хакейны стадыён «Менск-Юнацтва») да месца, дзе Сьвіслач рэзка сыходзіць управа да стадыёну «Дынама», ля чыгуначнай станцыі «Менск-Усходні». Уздоўж набярэжнай расьце мноства арабін, ад чаго ў трасы яскравы, агністы выгляд. Тут ужо нанесеная разьметка, створаныя аглядныя пляцоўкі, а ўздоўж участку цягнецца чарада ліхтароў. Тут я і сустрэў першаадкрывальніка — раварыста Анатоля.
— Ідэя цудоўная, траса вельмі зручная. Едзеш на ровары й адчуваеш лучнасьць з сваім горадам, — падзяліўся ён уражаньнямі. — Шкада, што пакуль асфальт паклалі толькі на невялічкім участку веладарожкі. Часам даводізцца пераносіць ровар церазь пешаходны пераход, а некаторыя месцы аб’яжджаць.
Празь некалькі гадоў раварысты цалкам змогуць пацясьніць на менскіх вуліцах аўтамабілі — многія аўтааматары перасядуць на двухколавы транспарт. Паветра стане чысьцейшым, а менчукі — здаравейшымі. І ніякіх затораў на дарогах. Вось гэта ўжо па-эўрапейску!

Уладзімер Ждановіч, «МК»

Па дарожках ці па дарогах?

Менчукі выказваюць сваю думку й кажуць «пра роварныя праблемы».

Марынга, дызайнэрка, 25 гадоў:
— Я жыву ў Чыжоўцы. Нядаўна ўздоўж усёй вуліцы Ўбарэвіча нанесьлі разьметку — дарожку для пешаходаў і дарожку для раварыстаў. Раней толькі думала пра тое, што можна было б на працу на ровары езьдзіць. А цяпер дакладна вырашыла, ровар ужо зьбіраюся купляць — езьдзіць жа зручна будзе.
Аляксандар, перакладчык, 27 гадоў, раварыст са стажам:
— На ровары ежджу ўжо другі год. Усё мінулае лета на працу — толькі на «байку»: нашмат прыемней, чым піхацца ў задушлівым транспарце. А на аўтамабілі ў заторах часта стаяць даводзіцца.Ёсьць, праўда, і праблемы. І галоўнае нават ня ў тым, што ў горадзе мала спэцыяльных дарожак, хоць і гэта немалаважна. Самая, на мой погляд, вялікая праблема — у саміх людзях: і кіроўцы, і раварысты, і пешаходы часта паводзяцца на дарозе некарэктна. Год таму, напрыклад, езьдзіць па праезнай частцы на ровары было ня гэтак страшна. А цяпер паток машын стаў большым, цісьнешся да краю, а аўтамабілі на поўнай хуткасьці міма праяжджаюць, які-небудзь МАЗ праедзе — дык і за жыцьцё страшна становіцца… Самі раварысты часта ігнаруюць правілы бясьпекі, у цёмны час сутак ня ўсе абазначаюць жалезных коней ліхтарамі й сьвятлаадбівальнікамі. І яшчэ адзін момант: з экіпіроўкай для раварыстаў у нас пакуль ня дужа добра. Шлемы, пальчаткі, налакотнікі прадаюцца дзе-нідзе, але выбар усё роўна, я лічу, недастатковы. А гэта ж таксама элемэнт бясьпекі.
Уладзімер, кіроўца тралейбуса, 45 гадоў:
— У мяне прадузятае стаўленьне да раварыстаў: многія зь іх папросту ня ведаюць Правілаў дарожнага руху. Вось нядаўна адзін такі парушальнік ехаў проста перад тралейбусам, увесь паток транспарту затрымліваў. Мала таго што ён рухаўся пасярод праезнай часткі, дык побач з дарогай яшчэ і ходнік быў, па якім ён і мусіў быў ехаць
(згодна з ПДР па праезнай частцы рух раварыстаў дазволены толькі пры адсутнасьці роварнай дарожкі, узбочыны й ходніка, па праезнай частцы трэба ехаць не далей за 1 мэтар ад яе правага краю. — Заўвага аўтара)

Мы паедзем, мы памчымся


Сёлета вясной у сталіцы пачалося маштабнае будаўніцтва 27-кілямэтровай веладарожкі, якая пройдзе ўздоўж Сьвіслачы цераз тры раёны — Цэнтральны, Партызанскі, Ленінскі.

Нягледзячы на тое, што будаўніцтва веладарожкі ў самым разгары, асобныя ейныя ўчасткі ўжо пабудаваныя, праектаваньне трасы яшчэ працягваецца. Пра гэта карэспандэнту «МК» расказаў галоўны архітэктар праектаў УП «Менскпраект» Віталь Руцкі.

Шырыня веладарожкі будзе 2,5-3 мэтры. Рух — у двух кірунках. Па суседзтве з раварыстамі будуць прагульвацца пешаходы — для іх таксама прадугледжаная паўтарамэтровая дарожка.
Падарожжа з поўначы на поўдзень
Ацаніць канчатковы вынік праекту й ажыцьцявіць падарожжа з поўначы на поўдзень (альбо ў зваротным кірунку) можна будзе ўжо налета ў верасьні — акурат тады велатрасу й плянуецца здаць у эксплюатацыю. Карэспандэнтка «МК» зрабіла спробны «заезд» — праўда, толькі на мапе й пад кіраўніцтвам Віталя Руцкага.

Такім чынам, адпраўной кропкай стала месца, дзе перасякаецца Сьвіслач і МКАД, ля вадасховішча Дразды. Ад яго пад’яжджаем да праспэкту Пераможцаў, уздоўж якога некаторыя ўчасткі ўжо пабудаваныя. За ўездам у дачны пасёлак Дразды траса паварочвае да ракі й, перасякаючы вуліцу Крупцы, падыходзіць да гарадзкой лыжэролернай трасы. Цераз апошнюю, паводле праекту, будуць пабудаваныя два масты, каб раварысты не перасякаліся з лыжэролерамі. Прамінуўшы футбольныя палі спартовага комплексу на праспэкце Пераможцаў, пад’яжджаем да вуліцы Арлоўскай, у раёне якой плянуецца пабудаваць парк Перамогі. Менавіта па гэтай зоне адпачынку й пройдзе веладарожка, якая, ня выключана, будзе пабудаваная раней, чым сам парк.

Выяжджаем да праспэкту Машэрава, праяжджаем пад мостам па правым беразе Сьвіслачы ў раёне гасьцініцы «Беларусь» і, аб’яжджаючы Палац спорту, набліжаемся да вуліцы Максіма Багдановіча — у раёне комплексу «Журавінка».

Пад’ехаўшы да вуліцы Купалы, давядзецца перайсьці цераз мост. Далей па парку імя Янкі Купалы зноў працягваем шлях на ровары. Па правым беразе ракі пад мостам цераз праспэкт Незалежнасьці трапляем ужо ў парк імя Горкага.
— Тут два пешаходныя масты — ля дамбы й цырку, — камэнтуе Віталь Віталевіч. — На жаль, яны ня змогуць зьмясьціць адначасова пешаходаў з раварыстамі. Таму мы пабудуем дадатковы мост.
Зьехаўшы па ім, уздоўж левага берагу ракі ў парку пад’яжджаем да вуліцы Першамайскай. Набярэжная пад мостам у гэтым месцы вельмі вузкая, таму яе давядзецца пашыраць. А вось наступны ўчастак уздоўж вуліцы Пуліхава ўжо практычна пабудаваны, на дарожку нават разьметка нанесеная. Праўда, пешаходны мост цераз раку давядзецца рэканструяваць, каб на ім маглі зьмясьціцца і пешаходы, і раварысты, не ствараючы адзін адному перашкод.

У раёне вуліцы Леніна ёсьць яшчэ адзін невялікі масток, побач зь якім у пэрспэктыве зьявіцца новы — для раварыстаў. Едучы ўздоўж левага берагу ракі, праяжджаем пад мостам на вуліцы Кастрычніцкай. А далей па набярэжнай едзем міма існага мосту ў раёне вуліцы Беларускай. Тут для раварыстаў таксама зьявіцца новы мост.

Па правым беразе Сьвіслачы, праяжджаючы пад чыгуначным мостам у раёне вуліцы Аранскай, трапляем у раён вуліц Маякоўскага й Індустрыяльнай.
— Мост, які тут ёсьць, мы таксама рэканструюем, — працягвае Віталь Руцкі. — Па ім мы трапляем на востраў, зь якога на левы бераг Сьвіслачы перакінуўся «гарбаты» масток — задужа гарбаты. На яго ня толькі раварысту, але й пешаходу складана ўзьбірацца. Таму мы яго прыбяром і пабудуем новы.
Далей — участак веладарожкі ўздоўж ракі ў раёне вуліцы Індустрыяльнай. Ён ужо практычна гатовы. Затое пад мостам на вуліцы Ванеева, ля тралейбуснага дэпо, ёсьць вельмі неспрыяльны ўчастак — стромы бераг, увесь парослы хмызьняком. Тут, абяцае галоўны архітэктар праекту, будуць умацаваныя берагі ракі й пройдзе веладарожка.

Па беразе ўздоўж мікрараёну Серабранка праяжджаем міма ФАКу з аднайменнай назвай, прамінаем будоўлю стадыёну й набліжаемся да вуліцы Якубава. Тут маршрут крыху адыходзіць ад ракі й пралягае ўздоўж вуліцы Якубава. Пры гэтым справа застаецца Лошыцкі парк. Да ракі вяртаемся церазь лесапаркавую зону, прамінаючы вёску Дворышчы. Ля Чыжоўскага вадасховішча нашае падарожжа падыходзіць да канца.
— Каля гэтага вадасховішча, у якое ўпадае Сьвіслач, веладарожка пакуль закальцоўваецца. Справа ў тым, што неўзабаве Сьвіслач і вадасховішча будуць ачышчацца, — тлумачыць Віталь Руцкі. — Далейшае праектаваньне можа пайсьці па некалькіх варыянтах: альбо веладарожка будзе працягнута ў парк 900-годзьдзя Менску ў Чыжоўку, альбо за кальцавую, альбо ў Лошыцу. Час пакажа.
На працу — зь ветрыкам
Цікаўлюся ў архітэктара праекту, як увогуле ўзьнікла ідэя стварэньня велатрасы.
—Ёсьць добры прыклад лыжэролернай трасы ў раёне праспэкту Пераможцаў, якая вельмі запатрабаваная гараджанамі: яны з задавальненьнем праводзяць тут вольны час. — адказвае Віталь Віталевіч. — Да таго ж у багата якіх гарадах сьвету веладарожкі ўжо даўно будуюць, каб разгрузіць цэнтры ад аўтамабіляў. Дарэчы, менчукі, якія жывуць у раёне Сьвіслачы, змогуць пры ахвоце езьдзіць на ровары нават на працу. З гэтай нагоды ў нас ёсьць пажаданьне да адміністрацый раёнаў: для зручнасьці раварыстаў няблага было б пабудаваць ля знакавых прадпрыемстваў, буйных аб’ектаў, крамаў, школ велапаркоўкі.

Аб’ект, што будуецца, — гэта ня проста велатраса — звычайная заасфальтаваная дарога. На ёй праз пэўныя прамежкі плянуецца абсталяваць спэцыяльныя паркоўкі, а побач — месцы для адпачынку. Там можна будзе ўзяць ровар напракат, пасілкавацца, здаць у рамонт спартовы рыштунак. Дарэчы, дарожку для пешаходаў, якую пабудуюць побач, выкладуць пліткай. У месцах межаваньня пешаходных дарожак апроч разьметкі будуць нанесеныя піктаграмы з выявай ровараў і кірункам руху, каб людзі, якія ўпершыню патрапяць на велатрасу, бачылі, дзе месца для раварыстаў, а дзе — для пешаходаў.

Па веладарожцы можна будзе падарожнічаць як мінімум да 11 гадзін вечара — да гэтага часу ліхтары на ёй ня згаснуць.

Вікторыя Гулько, «Минский курьер»

No comments:

Post a Comment