Aug 13, 2008

Чужы для ўсіх

Карэспандэнтка «МК» пракацілася раніцай па цэнтры гораду на «байку» й зразумела, што ў Менску раварыстаў ня любяць ані кіроўцы, ані пешаходы.
— Бардзюры ў горадзе высокія — прытармажвай перад імі. На дарогу старайся не выяжджаць — могуць зьбіць. І ўвогуле — будзь уважлівая й асьцярожная, — папярэджваў сусед Андрэй, у якога я ўзяла ровар для экспэрымэнту.
— Зразумела, рызыкаваць ня буду, — супакоіла суседа.
Толькі наступным ранкам уцяміла, што абяцаньне было неразважлівым. Цяпер я ведаю: менскія раварысты дужа рызыкуюць. Кожны дзень.

Маршрут для экспэрымэнтальнага ваяжу выбрала кароткі й немудрагелісты — круг ад вуліцы Заслаўскай цераз праспэкт Пераможцаў, вуліцы Няміга й Гарадзкі Вал на тую ж Заслаўскю. Была думка прыехаць з дому на ровары ў рэдакцыю, але зрабіць гэта ня даў здаровы сэнс. Па‑першае, адлегласьць немалая. Па‑другое, на «байку» па гарадзкіх вуліцах я ніколі не каталася. І самае галоўнае — пакінуць ровар на час працы не было дзе. Каля рэдакцыі, зрэшты, як і каля пераважнай большасьці менскіх будынкаў, веластаянка не прадугледжаная.

Раніцою чым раней сядаю на двухколавага прыгажуна й тут жа сутыкаюся зь першай праблемай — выехаць з двара, забітага аўто, неверагодна цяжка. Сьпярша лявірую між прыпаркаванымі машынамі, пасьля чакаю, пакуль нэрвовыя кіроўцы разьмінуцца адзін з адным на дарозе шырынёй мэтры ў тры. Нарэшце, выяжджаю на дарогу й кручу понажы ўжо плячо ў плячо зь легкавікамі. Страшна. Хоць я і дысцыплінаваная раварыстка — еду амаль ля самага бардзюру — трывога не сыходзіць: а раптам падрэжуць ці яшчэ горш — зачэпяць. Але аўтамабілісты паводзяцца карэктна. Толькі аўтобус, наблізіўшыся да прыпынку, паквапіўся на мае паўмэтра ад бардзюру.

Даволі шчасьліва я даехала да сьвятлафота, што стаіць на скрыжаваньні вуліц Заслаўская і Мельнікайтэ. Там давялося прытармазіць — загарэлася чырвонае. Проста за сьпіной пачуўся віскат тармазоў. Я азірнулася. Таксоўка спынілася ў мэтры ад ровара. Кіроўца недвухсэнсоўна даў зразумець, што мне на дарозе ня радыя — пакруціў пальцам ля скроні. Ехаць цераз скрыжаваньне разам з машынамі я болей не рызыкнула. .Збочыла да падземнага пераходу на праспэкце Пераможцаў і правяла свайго жалезнага каня пад зямлёй да гасьцініцы «Юбілейная».

«Няма мне месца сярод машын», — з крыўдай падумала я. Вырашана — па праспэкце паеду сярод людзей, па пешаходных дарожках. Але і тут са сваім роварам не прыжылася. Мінакі шарахаліся ад «байка», нібыта ён — танк і здольны раздушыць любога. А на прыпынку ля ГД «На Нямізе» кабета прабурчэла наўздагон: «Знайшла дзе езьдзіць, карова»…

Ля аптэкі на вуліцы Гарадзкі Вал я ўпершыню ўзгадала людзей, якія праектавалі менскія дарогі, добрым словам. Яны здагадаліся зрабіць зручныя для раварыстаў нізкія бардзюры з спускам (ці пад’ёмам?). Ніколі раней не заўважала, што ў сталіцы такія высокія бардзюры — каб зьехаць зь іх, трэба нямала папрацаваць. Адзін няправільны рух — і з‑за сутыкненьня з гэтай каменнай перашкодай можна вельмі проста зваліцца. Напрыклад, на дарогу. Ня соладка прыходзіцца раварыстам і ў тым выпадку, калі іхняя дарога ідзе па «пукатым паліцэйскім». Праяжджаеш па ім і адчуваеш, што практычна ідзеш на ўзьлёт…

Дарэчы, падчас майго падарожжа выявілася й яшчэ адна праблема — далёка ад ровара адысьціся не атрымлівалася. Напрыклад, я так і не змагла купіць у краме бутэльку мінэральнай вады. Прыпаркаваць «байк» у цэнтры гораду не знайшлося дзе. Ніводнай веластаянкі. Усярэдзіну крамы з двухколым мяне не пусьцілі, а пакінуць яго на вуліцы я не адважылася — усё ж абяцала суседу не рызыкаваць. А безгаспадарны ровар зь вялікай доляй верагоднасьці камусь ды ўпадабаўся б.

Рэшта шляху — з Гарадзкога Валу да Заслаўскай прайшла без асаблівых складанасьцяў. Я ўжо зразумела: калі хачу ехаць побач з аўтаўладальнікамі, трэба прыняць іх правілы гульні — пастарацца быць незаўважнай. Калі вырашаю далучыцца да пешаходаў, мушу гуляць, увогуле, па тых самых правілах — стацца па магчымасьці нябачнай, пажадана — ісьці побач з роварам. Пра тое, каб не адчуваць сябе чужаніцай хаця б у адной з гэтых «супольнасьцяў», ня можа быць і гаворкі. Магчыма, зь зьяўленьнем веладарожкі ўсё зьменіцца. Зьявіцца «двухколавая супольнасьць», у якой людзям на «байках», несумненна, будуць радыя. Чакаць засталося няшмат.

Алена Клімковіч, «Мінскі кур’ер»

No comments:

Post a Comment