Jan 31, 2008

Галоўны архітэктар і эрудыцыя

Галоўны архітэктар сталіцы Віктар Нікіцн у інтэрвію «Вячэрняму Мінску» бліснуў эрудыцыяй:

«Не каждый город может похвастаться обустроенной велодорожкой протяженностью 27 км».

Jan 30, 2008

Раварысты ў законе

Яшчэ адна краіна павярнулася тварам да раварыстаў — Ізраіль. Простыя і відавочныя рэчы для разьвіцьця раварызму зрабілі там сёньня законам.

Рэцэпт раварызацыі просты і ўнівэрсальны: пракладаньне веладарожак падчас будаўніцтва, рэканструкцыі ці пашырэньня аўтамабільных дарог плюс пастаянны разьдзел у бюджэце на разьвіцьцё роварнай інфраструктуры.

Але, як паведамляе тамтэйшае агенцтва «Курсор», кнэсэт Ізраілю пайшоў нават далей і запатрабаваў ад працадаўцаў абсталёўваць на працоўных месцах душавыя кабіны, каб простаму раварысту было дзе спаласнуцца з дарогі.

Тым больш, што з дарогамі праблем ня будзе: да шараговых веласьцежак цягам наступных гадоў дадасца велатраса праз усю краіну — ад крайняй паўночнай кропкі да крайняй паўднёвай, а гэта, між іншым, тысяча кілямэтраў з гакам.

Jan 21, 2008

Мабільнікі, парасоны, кляксоны і навушнікі

Без усяго гэтага цяпер давядзецца абыходзіцца японскім раварыстам.

У Японіі раварысты ня змогуць больш за рулём размаўляць па мабільных тэлефонах, хавацца ў дождж пад парасонамі й безь відавочнай патрэбы карыстацца званком і лякаць мінакоў.

Такое рашэньне прыняла галоўная паліцэйская ўправа краіны, якая зьбіраецца перагледзець правілы для вулічных раварыстаў упершыню за апошнія 30 гадоў, паведамляе сайт Helpix.

Уладальнікам папулярных у Японіі двухколавых транспартных сродкаў давядзецца таксама ўстрымацца ад праслухоўваньня музыкі ў навушніках, а таксама перавозіць сама болей аднаго пасажыра за раз.

Jan 16, 2008

Матч адбдудзецца ў любое надвор’е

Папросту таму, што матчы па велаболе праходзіць у залях.

Велабол — спалучэньне футболу й веласпорту. У камандзе двое спартоўцаў. Мэта гульні — пярэднім колам ровара або галавой забіць гол. Матч доўжыцца два таймы па сем хвілін кожны.

Пра папулярнасьць велаболу сьведчыць той факт, што ў апошнім чэмпіянаце сьвету ўзялі ўдзел 15 краін, а толькі ў Нямеччыне на сёньняшні дзень налічваецца больш за 10 тысяч ліцэнзаваных гульцоў.

Паводле ICTV

Jan 15, 2008

Паўцарства за ровар

Centro Stile Alfa Romeo і кампанія Ducale выпусьцілі лінейку шыкоўных ровараў пад маркай Alfa Romeo.

У калекцыі прадстаўленыя шашэйныя Stradale, Cross для перасечанай мясцовасьці і гоначныя Competizione.

Ровар Alfa Romeo Stradale для прагулак атрымаў раму з алюмініевага сплаву, пярэднюю карбонавую вілку, выдатныя тармазы, а таксама складнікі ад знакамітага вытворцы абсталяваньня для шашэйных ровараў Campagnolo, піша Cars.

Cross абсталяваны пярэдняй амартызацыйнай вілкай вытворчасьці Rock Shox. У лінейцы Cross прадстаўленыя 3 мадэлі: LX, XT і XT Disco, кожная зь якіх аснашчаная складнікамі сэрыі Shimano Deore.

Рамы й пярэднія вілкі з карбону мадэлі Competizione дазваляюць значна зьнізіць вагу ровараў: да 6,9 кг. Асноўныя складнікі выраблены кампаніяй Campagnolo. У калекцыі прадстаўленыя 4 мадэлі.

Ровары Stradale прадаюцца ў афіцыйных дылераў Alfa Romeo ў Расеі па цане ад 2720 даляраў. Цэны на лінейку Cross — ад 4680 да 5730 даляраў. Competizione Chorus каштуе 7680 даляраў, Record — 10 тысяч даляраў, Record Fashion — 13920 даляраў. Цана 8С Competizione яшчэ ня вызначаная¹.

Паводле ИА REGNUM

Падрабязнасьці і фатаздымкі — на italiaspeed.com


¹ Цэны прыведзены ў пераразьліку з расейскіх рублёў паводле даведачнай сыстэмы Google'a і могуць не супадаць з рэальнымі.

Jan 14, 2008

І ровар засьпявае

Вытворцы навушнікаў ставяць у сваіх інструкцыях раварыстаў перад няпростым выбарам: або слухаць музыку, або ехаць на ровары. Дый ня дзіва: такая язда сапраўды можа быць небясьпечнай і ў некаторых краінах нават забароненая правіламі.

Дык вось прагрэс прыйшоў насустрач аматарам музыкі з роварамі ў выглядзе дынаміка зь невымоўнай назвай iH85B, вынайдзенага для папулярнага плэера iPod.

Прыстасовак мацуецца на раму, усярэдзіну ўстаўляецца сам iPod, а на рулі прыкручваецца бесправадны пульт кіраваньня. Музыка сабе і людзям будзе гучаць у любое надвор’е: вынаходніцтва, як і мае быць, непрамакальнае.

Застаецца толькі націснуць на понажы і — на play!

Хаця не — сьпярша трэба разьлічыцца: каштуе цапстрык бяз цэнта 80 даляраў. Гэта без уліку iPod’а :).