Mar 31, 2008

Сакрэт пакрыцьця менскай мэґавеладарожкі

Для [веладарожкі] выкарыстоўваецца спэцыяльнае зярністае пакрыцьцё.

кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску Алег Папкоў,
«Мінскі кур’ер», 01.02.2008


Сёньня з дапамогай мэтаду візуальнага назіраньня была разгаданая інтрыга пакрыцьця менскай мэґавеладарожкі.

Да набярэжнай па вуліцы Пуліхава, па якой будзе праходзіць веладарожка, прывезьлі партыі сьвежай, даўно знаёмай менчукам звычайнай пліткі тыпу «прастакутная шэрая бясхітрасная».

Такім чынам, калі веладарожка і будзе выкладзена нейкім асаблівым зярністым пакрыцьцём, то, відавочна, ня ўся.

Што да пліткі, то горш за яе можа быць толькі спосаб яе выкладаньня: калі гэта будуць шырока распаўсюджаныя на менскіх вуліцах роўныя палоскі ці квадрацікі з падоўжнымі раўкамі-разоркамі, на якіх так проста страціць раўнавагу, то карыстацца веладарожкай будзе даволі няўтульна.

Mar 25, 2008

Дарожкі ў будучыню

«Роварнай» Беларусі пакуль вельмі далёка да Эўропы, дзе доля роварнага транспарту ў гарадзкім руху дасягае 45%.

Зьвярнулі ўвагу, але…

Гэты тэкст быў надру­ка­ва­ны ў беларускім дадатку да газэты «Труд» 22 лістапада 2007 году й зьмешчаны на сайце выданьня. Аднак цяпер ён з сайту зьнік, што і стала нагодай дастаць яго з кэшу й перакласьці на беларускую мову.

Сказаць, колькі ў краіне раварыстаў, не адважыцца ніхто. З аднаго боку, «велікі» стаяць у кватэрах як мінімум паловы беларускіх сем’яў, але разам з тым яны пасьпелі з сродку перасоўваньня ператварыцца ў элемэнт інтэр’еру. Выходзіць як у анэкдоце пра старую лядоўню: месца займае шмат, а выкінуць шкада. Праўда, цяпер з поўнай упэўненасьцю можна сказаць толькі адно — аматараў сесьці за руль двухколавага сябра з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. Тэмпы ж стварэньня неабходнай інфраструктуры для гэтай групы беларускага соцыюму з ростам колькасьці раварыстаў не супадаюць. Можна сказаць, што велааматары выпадаюць з поля зроку «зацікаўленых ведамстваў. Міністэрства спорту й турызму зацікаўленае ў падрыхтоўцы чэмпіёнаў на паўзакрытых базах. Для камітэтаў архітэктуры куды актуальнейшыя праблемы праектаваньнян й будаўніцтва будынкаў. Апошнім часам, праўда, некаторай актыўнасьцю вылучаюцца сталічныя ўлады: ствараюць веладарожкі альбо велаўчасткі ў розных раёнах гораду. Але даволі частка ўвесь гэты працэс зводзіцца да трох няхітрых дзеяньняў. Пракрэсьліць на сярэдзіне ходніка белую неперарыўную лінію — раз. Намаляваць умоўныя абазначэньні пешахода й раварыста — два. Патставіць два дарожныя знакі ў пачатку і ў канцы пешаходна‑роварнай зоны — тры! Праўда, гэтая зона можа раптам абарвацца альбо праходзіць празь лесьвіцу, але гэта ўжо мала каго хвалюе.

Зрэшты, намесьнік начальніка ўпраўленьня фізычнай культуры, спорту й турызму Менгарвыканкаму Генадзь Ліпскі ўпэўнены, што месьцічы няслушна вытлумачваюць само слова «веладарожка»:
—Мяне дзівіць, што пра іх кажуць у множным ліку. Тое, што ўсе называюць веладарожкамі, насамрэч імі не зьяўляюцца! Сапраўдная веладарожка ў нас будзе ўсяго адна, але сапраўды найвышэйшага ўзроўню. А пакуль што мы проста папрасілі кіраўніцтва менскіх раёнаў, каб на ходніках у нешматлюдных месцах яны пракрэсьлілі разьдзяляльную рысу. І колькасьць такіх участкаў расьце ўвесь час. У першую чаргу, гэта клопат пра раварыстаў, каб яны не выяжджалі на праезную частку і не рызыкавалі сваім жыцьцём. Прычым, будуюцца такія ўчасткі на сродкі муніцыпалітэту. у гэтай справе ня ўдзельнічаюць ані Міністэрства спорту й турызму, ані Фэдэрацыя веласпорту.

Раварысты ці бамжы?

Сапраўдная ж веладарожка працягнецца цераз увесь горад — ад Чыжоўкі да Вясьнянкі. Ейная працягласьць складзе 29 кілямэтраў, і яна ня будзе перасякацца з аўтатрасамі. Гэты грандыёзны праект дакладна прыцягне ўвагу менчукоў і гасьцей гораду. Праўда, нямала ў дадзенага пачыну гарадзкіх уладаў скептыкаў, нават спаміж саміх аматараў двухколавага «каня».

Вось што сказаў карэспандэнту «Труда» раварыст са стажам Андрэй Кузьнечык:
— Ёсьць асьцярогі, што выкарыстоўвацца «ісьціная» веладарожка будзе гэтаксама, як гарадзкія набярэжныя — процьма мамаў з каляскамі, пэнсыянэраў з сабакамі й бамжоў з пустымі пляшкамі. Вядома, некаторыя ўчасткі будучай веладарожкі прывабныя для руху — напрыклад, ад Нямігі да праспэкту Незалежнасьці, ад Ульянаўскай да Серабранкі й Лошыцы. Праўда, гэтак будзе толькі ў тым выпадку, калі муніцыпальныя ўлады вырашаць пытаньне падзяленьня веладарожкі на пешаходную й роварную часткі. Вельмі важна, каб мы маглі ехаць з высокай хуткасьцю й не ствараць пры гэтым праблемаў ні сабе, ні пешаходам.

«Дарожная карта» па‑беларуску

На сваім блоґу ў інтэрнэце Андрэй Кузьнечык прапанаваў уласную праграму па разьвіцьці велаінфраструктуры. Як і плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту між Ізраілем і Палестынай, ён умоўна называецца «дарожная карта». Толькі акцэнт зроблены менавіта на ягонай сувязі з дарогамі Беларусі.

Аўтар прапануе тры асноўныя пункты праграмы. Першы — разьдзяленьне зон руху па ходніках пры адсутнасьці веладарожак. Гэта, найперш, клопат пра пешаходаў. Усё‑такі пры магчымым сутыкненьні мінака й раварыста значна больш дастанецца першаму.

З наступнай прапановай будуць салідарныя многія людзі, далёкія ад веласпорту: і мамы з маленькімі дзецьмі, і інваліды‑калясачнікі. Не высокім бардзюрам у Менску! Хаця б каля пешаходных пераходаў.

І, нарэшце, трэці пункт — стварэньне большай колькасьці сапраўдных веладарожак. Было б няблага далучыць будаўніцтва веластаянак і велапарковак каля адміністрацыйных будынкаў, крамаў, прадпрыемстваў…

Праграма, вядома, малюе ідэальную, практычна недасягальную карціну, але пры гэтым цалкам можа стаць своеасаблівым маніфэстам двухколавага руху. Гэта тое, што хацелі б бачыць самі велааматары, а не чыноўнікі, якія ў апошні раз каталіся на двух колах у далёкім дзяцінстве.

Іншае жыцьцё за МКАДам

Пры гэтым варта прызнаць, што на пэрыфэрыі справы з роварнай інфраструктурай нашмат горшыя, як у сталіцы.

Намесьніца дырэктара Віцебскай велашколы Тацяна Аксютава ў размове з карэспандэнтам «Труда» не хавае свайго абурэньня:
«Мала таго, што велааматараў ні ўва што ня ставяць, дык цяпер не даюць трэніравацца яшчэ й спартоўцам! Начальнік тутэйшай ДАІ накіраваў нам афіцыйны ліст, у якім забараняе праводзіць спаборніцтвы. Можа, ён хоча зьняць зь сябе адказнасьць за іх правядзеньне? А хто тады павінен арганізоўваць хоць якісьці суправаджальны транспарт і такім чынам ствараць умовы для правядзеньня нашых спаборніцтваў?».
У Горадні, паводле слоў мясцовых чыноўнікаў, «адна дарожка ёсьць. Праўда, у лясным масіве. Там і на роварах, і на лыжэролерах катацца можна. А ў цэнтры нічога не плянуецца».

Начальніку аддзела фізычнай культуры й спорту Гомельскага гарвыканкаму Ігару Палуяну таксама няма чым парадаваць аматараў двухколавай язды:
«Веладарожак у нас няма, але нашаму гораду Беларускай фэдэрацыяй веласпорту былі перададзеныя спэцыяльныя горкі для спаборніцтваў».
То бо, у лепшым выпадку, увага зьвернутая на тых, хто марыць пра экстрым і актыўны адпачынак. Пра забесьпячэньне інтарэсаў звычайных велааматараў гаворкі няма.

Супраць «лому» няма прыёму

Ёсьць яшчэ адзін сур’ёзны тормаз для разьвіцьця «велааматарства» ў нашай краіне. У большасьці эўрапейскіх гарадоў нікому ў голаў ня прыйдзе сесьці на чужы ровар і паехаць па сваіх справах. У нас мала хто рызыкне пакідаць свае ровары каля крамаў, кінатэатраў, клюбаў і г. д.

Тут не дапаможа нават выкарыстаньне спэцыяльна збудаваных стаянак. З тым жа посьпехам можна прыблытаць ровар для дрэва ці да слупка. Ніхто ня дасьць гарантыі, што з суседняга пад’езду ня выйдзе мужык з кусачкамі, ня «выслабаніць» чужы ровар і не «загоніць» яго заўтра на рынку ў Ждановічах.

Андрэй Кузьнечык дзеліцца сваім досьведам:
— Звычайна я знаходжу слуп, замыкаю велік замком праз абодва колы, здымаю сядло й хаваю яго ў торбу. Складаней тым, хто вымушаны пакідаць свой ровар на час працы на адным і тым жа месцы на вуліцы. Рызыка немалая… У большасьці будынкаў адміністрацыя не дазваляе заносіць ровары ўсярэдзіну. Нават каля Нацыянальнай бібліятэкі, абвешанай рознымі тэхнічнымі прыбамбасамі, веластаянка не «прастрэльваецца» камэрамі відэаназіраньня.

А як у іх?

У абсалютнай большасьці эўрапейскіх краін адмаўляцца ад аўтамабіляў ня грэбуюць жыхары правінцыі й сталіц. Здаровы лад жыцьця цяперака ў модзе. Ніхто ня дзівіцца, пабачыўшы ў цэнтры Амстэрдаму ці Парыжу элегантна апранутага офіснага работніка ў строгім гарнітуры, які вяртаецца дахаты на двухколавым сябры.

Па‑першае, такім чынам праяўляецца клопат пра сваё здароўе — ровар адзін з найэфэктыўнейшых спосабаў пазбыцца лішніх калёрый.

Па‑другое, атрымліваецца істотная эканомія часу, бо любы затор можна акуратна й даволі‑такі хутка аб’ехаць па ходніку.

Па‑трэцяе, і гэта, напэўна, самае галоўнае. За «бугром» распрацаваныя і ўжыцьцяўляюццца сур’ёзныя праграмы на дзяржузроўні, вылучаюцца прыстойныя грошы на стварэньне інфраструктуры й прапаганду руху на ровары. Такі рух ужо даўно там правіла ня проста добрага, а вельмі добрага тону.

 


Паводле статыстыкі ДАІ, за дзевяць месяцаў [2007] году ў рэспубліцы было ўчынена 467 наездаў на раварыстаў, зь іх 236 — па віне саміх раварыстаў.

У выніку гэтых ДТЗ 51 чалавек загінуў. Вядома, тыя ж веладарожкі не змаглі б прадухіліць усе аварыі, але пры іх наяўнасьці хаця б некалькі жыцьцяў можна было ўратаваць…


Ягор Марціновіч, газэта «Труд», 22.11.2007

«Сільна не гані»


©Белгазета
Непрыемная, хоць і не нечаканая навіна ад Jek’а: паводле распрацоўшчыкаў менскай супэрмэґавелатрасы ўздоўж Сьвіслачы, яна будзе мець «рэкрэацыйнае значэньне», гэта значыць хуткая язда там у прынцыпе не прадугледжаная.

Такім чынам, «адзіная сапраўдная велдарожка» імкліва ператвараецца ў проста набярэжную, якой і цяпер больш чым дастаткова для «рэкрэацыйных мэтаў».

Архітэктарам застаецца толькі запраектаваць знакі & .

Ну, каб зразумела было, за якое перавышэньне будуць штрафаваць.

І колькі слоў пра вушы: калі пра гэтую дарожку нават не было вядома, колькі мільёнаў даляраў яна будзе каштаваць, ужо на форумах казалася, што хоць нейкі сэнс у ёй будзе, калі можна будзе рухацца з нармальнай дарожнай раварысцкай хуткасьцю, а летась 22 лістапада гэты сыґнал дайшоў і да старонак рэспубліканскага друку:

«Вельмі важна, каб мы маглі ехаць з высокай хуктасьцю і не ствараць пры гэтым праблем ні сабе, ні пешаходам», — пісаў беларускі выпуск «Труда» 22 лістапада.


Карацей, маё даўняе падазрэньне наконт таго, што гэта будзе атракцыён, кшталту «аўтадрому», на жаль, пацьвярджаецца.

А на атракцыёнах ня езьдзяць дахаты.

І аптымістычная нота: на блоґу by-cycling зьбіраюцца подпісы, ідэі й ініцыятыўныя людзі, каб паспрабаваць растлумачыць патрэбы карыстальнікаў веладарожак стваральнікам гэтых веладарожак.

Mar 21, 2008

Велаколеры блаґасфэры

Глеб Лабадзенка ў сваім блоґу зьмясьціў здымак з двума дзясяткамі ДПСнікаў на веладарожцы. Чым не ілюстрацыя да навіны пра тыдзень паляваньня на раварыстаў?

А апошняя падборка цікавых здымкаў zagda парадавала маляўнічай фотаілюстрацыяй наступстваў сьнегападу ў канадыйскім Манрэалі. З-пад сьнегу тырчаць толькі сёдлы і рулі.

Mar 20, 2008

Галяндзкі хлопчык праехаў 960 км за шэсьць дзён

Паліцыя Польшчы спаймала галяндзкага падлетка, які ўцёк з хаты, каб дабрацца да Кітаю.

Хлопец праехаў без прыпынку 960 км за шэсьць дзён. З сабой у 16‑гадовага Коліна Бэйкера было ўсяго толькі 12 даляраў, а зь ежы — пачак чыпсаў і бутэлька мінэральнай вады.

Паводле слоў хлопчыка, ён пакінуў дом з‑за непрыхільнасьці да айчыма. Пасьля таго, як малады раварыст выехаў з свайго роднага гораду ў Галяндыі, ён пасьпеў перасячы ўсю Нямеччыну і палову Польшчы ў надзеі ўрэшце дабрацца да Кітаю.
«Я хацеў трапіць туды, таму што ні разу там ня быў», — патлумачыў сваё рашэньне падлетак.
Працягнуць свой шлях хлопчыку перашкодзіў пільны паляк. Ён заўважыў юнака, які ні слова не разумеў па‑польску, і патэлефанаваў у паліцыю.

Вартаўнікі парадку адправілі Коліна ў аздараўленчы цэнтар для дзяцей на час, пакуль ня вырашыцца ягоны далейшы лёс.

Паводле gorodfm.ru

Mar 17, 2008

Паляваньне на раварыстаў пачалося!


карцінка nn.by

БелаПАН паведаміў пра чарговы велакрэатыў даішнікаў. Сам міністар Навумаў ініцыяваў акцыю «Если сел на велосипед, не забудь одеть жилет», што на беларускую мову можна перакласьці як «Калі сеў ужо на ровар, мусіш выглядаць як клоун».

Лішне казаць, што ў правілах дарожнага руху няма ніякай згадкі пра нашэньне раварыстамі той вопраткі, якую ім падбярэ ДАІ. Пра неадпаведнасьць рамонтнай камізэлькі стандартам велавопраткі лішне і казаць. Самае цікавае, што апроч таго, што яна матляецца як адарваны ветразь і замінае ехаць, яна яшчэ, як гэта ні дзіўна, адчувальна грэе і тым замінае потавывядзеньню, якая б тэрмабялізна ні была адзетая пад ёй.

Застаецца спадзявацца, што шараговыя інспэктары ня ўспрымуць словы свайго міністра як загад і задаволяцца звычайнымі сьвятлістымі палоскамі на велавопратцы і заплечніках, катафотамі і ліхтарамі сьпераду ды ззаду.

Mar 10, 2008

Велапаласа на Асаналіева (скасаваная)

2013: Веладарожка скасаваная. Разьметка сьцёртая. Знакі замененыя на пешаходныя.

2008: Велапаласа вядзе ад вуліцы Сярова да шапіка. Акрамя выбітнага маршруту, велапаласа вылучаецца тым, што праведзена па нязвыкла вузкім ходніку, да таго ж дрэннай якасьці.



Глядзець рэпартаж на мапе
Глядзець рэпартаж у сваім Google Earth
Паглядзець слайды ў лепшай якасьці ва ўвесь экран

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Самая бардзюрная велапаласа

Велапаласа на 2-м Роварным завулку б’е ўсе рэкорды па бардзюрах, ямах, сустрэчных машынах, калясках і дзецях і ператварае бяскрыўднае катаньне на ровары ў бесьперапынную аркаду.


Глядзець рэпартаж на мапе
Глядзець рэпартаж у сваім Google Earth
Паглядзець слайды ў лепшай якасьці ва ўвесь экран

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Велапаласа на Кашавога ля Ўсходняга аўтавакзалу



Глядзець рэпартаж на мапе
Глядзець рэпартаж у сваім Google Earth
Паглядзець слайды ў лепшай якасьці ва ўвесь экран