Jun 25, 2008

На генпляне Менску намалююць веладарожкі

Дзяржаўтаінспэкцыя адказала на некаторыя пытаньні раварыстаў, зададзеныя ў рамках праекту «СБ — Беларусь Сегодня» «Партнэрства дзеля бясьпекі». Перш‑наперш чыноўнікі далі сьмелую самахарактарыстыку свайго унёску ва ўмовы існаваньня раварыстаў у сталіцы:
Дзяржаўтаінспэкцыя максымальна спрыяе разьвіцьцю ў Менску інфраструктуры роварнага руху.
Гэтая ацэнка падмацоўваецца ўжо звыклым арґумэнтам:
Цяпер вядзецца будаўніцтва веладарожкі працягласьцю 26 кілямэтраў.
Далей між радкоў хаваецца шматабяцальная навіна пра тое, што
па даручэньні камітэту архітэктуры й горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму пры карэктыроўцы генпляну гораду УП «Мінскграда» будзе распрацоўваць канцэпцыю разьвіцьця сеткі веладарожак.
З стандартнай схемы канструяваньня веладарожак падчас новага будаўніцтва і рэканструкцыі вуліц чыноўнікі вырашылі ўзяць на ўзбраеньне палову:
Прадугледжваецца будаўніцтва веладарожак і падчас праектаваньня новых жылых раёнаў, а пры праектаваньні буйных аб’ектаў сацыяльна‑бытавога прызначэньня плянуецца будаўніцтва паркоўкі для ровараў.
Улічваючы тое, што ў межах кальцавой амаль усе тэрыторыі ўжо запраектаваныя, новыя веладарожкі паўстануць ня ў блізкай будучыні ды на далёкіх ускраінах.

З адказу таксама зразумела, што ў паняцьце «максымальнае спрыяньне інфраструктуры роварнага руху» не ўваходзіць арганізацыя бясьпечных умоў для роварнага руху ў месцах, дзе ў гэтым найбольшая патрэба.
Аднак трэба ўлічваць і наяўную забудову цэнтральнай часткі гораду. Да жалю, на багата якіх вуліцах будаўніцтва адасобленых веладарожак практычна немагчымае, а абсталяванне паласы для раварыстаў на праезнай частцы вуліц ускладнена, бо прывядзе да зьніжэньня прапускной здольнасьці, утварэньня заторавых сытуацый, пагаршэньня экалягічнай абстаноўкі.
Тэзыс пра тое, што стварэньне ўмоў для роварнага транспарту прывядзе да пагаршэньня экалягічнай абстаноўкі, — несумненны чыноўніцкі посьпех у жанры бюракратычнага парадоксу.

З адказу становіцца таксама зразумела, што крэатыўшчыкі дзяржаўтаінспэкцыі не зьбіраюцца адмаўляцца ад ідэі абавязковага апрананьня ўсіх раварыстаў у «рамонтніцкія» камізэлькі, «нават у сьветлы час сутак».
Так, прымяненьне камізэлек павышанай бачнасьці дапамагае ўбачыць раварыста нават у сьветлы час сутак. У цемры камізэльку з устаўкамі зь сьвятлоадлюстроўвальнага матэрыялу варта разглядаць як дадатковы элемэнт бясьпекі. З канца 2007 году Дзяржаўтаінспэкцыя рэкамэндуе раварыстам увесь час выкарыстоўваць такія камізэлькі. А ў найбліжэйшай пэрспэктыве іх укараненьне цалкам можа стаць нормай правілаў дарожнага руху.
Веладарожкі ў далёкай будучыні, і ніколі ў цэнтры, увядзеньне дрэс-коду для раварыстаў у найбліжэйшай пэрспэктыве — выглядае, выраз «максымальнае спрыяньне» значыць, што раварыстам ад ДАІ большага чым ёсьць (а няма практычна нічога), чакаць не выпадае.

Jun 14, 2008

Цана чыноўніцкага валаводжаньня

Цягам першых дзёсяці дзён лета ў Кіеве здарылася чатыры наезды на раварыстаў, у выніку якіх два раварысты загінулі, яшчэ двое атрымалі цяжкія траўмы.

  • 3‑га чэрвеня аўтамабіль Chevrolet Aveo наехаў на раварыста — той з чэрапна‑мазгавой траўмай трапіў у лякарню.

  • 8‑га чэрвеня аўтамабіль зьбіў вядомага ўкраінскага перакладчыка літаратуры Анатоля Пэрэпадзю[1][2] , які ехаў на ровары ў Суполку пісьменьнікаў. 10‑га чэрвеня ён, не апрытомнеўшы, памёр у лякарні.

  • 9‑га чэрвеня каля 1‑й гадзіны начы аўтамабіль BMW, кіраваны п’яным кіроўцам, зьбіў 23‑гадовага музыку, студэнта Кіеўскага палітэхнічнага інстытуту Аляксея Башкірцава . Празь некалькі гадзін юнак памёр у лякарні.

  • 10‑га чэрвеня ўвечары быў зьбіты яшчэ адзін раварыст. Кіроўца аўта ўцёк зь месца здарэньня. Раварыст з мноствам траўмаў трапіў у лякарню.

  • «Цягам апошніх гадоў прадстаўнікі Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі неаднаразова анансавалі распрацоўку праектаў абсталяваньння роварнай інфраструктуры, але дагэтуль ніводнай роварнай дарожкі ці стаянкі ў Кіеве не было створана. Раварысты вымушаныя езьдзіць па адных дарогах з аўтамабілямі, кіроўцы якіх усё часьцей сядаюць за стырно нецьвярозымі», — гаворыцца ў лісьце Асацыяцыі раварыстаў Кіева да мэра Кіева Леаніда Чарнавецкага.
    Неўзабаве на сайце Кіеўскай гарадзкой рады зьявілася рэакцыя гарадзкога кіраўніка.

    Мэр Кіева Леанід Чарнавецкі даручыў прысьпешыць працэс адаптацыі сталічных аўташляхоў пад роварны транспарт, паведаміў намесьнік кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Дзяніс Бас:
    «Беручы пад увагу тыя дарожна‑транспартныя здарэньні, што сталіся цягам некалькіх апошніх дзён на сталічных дарогах з удзелам раварыстаў, мэр Кіева Леанід Чарнавецкі даручыў прысьпешыць працэс адаптацыі сталічных аўташляхоў пад роварны транспарт».
    «Цягам году будзе зробленая мадэрнізацыя шэрагу дарог і вуліц у Кіеве. Гэтак, мы заплянавалі стварыць роварныя дарожкі дзесь на 50 вялікіх вуліцах. Большая іх частка разьмешчаная ў кірунку выезду з гораду ў рэкрэацыйныя зоны, якія асабліва любяць раварысты. Для вызначэньня месца разьмяшчэньня дарожак мы праводзілі спэцыяльныя апытаньні між раварыстаў».
    Апроч таго, паводле слоў Дзяніса Баса, кіеўскія ўлады супрацоўнічаюць з ДАІ, якая ў рамках праекту будзе сачыць за культурай кіроўцаў, праводзіць тлумачальную працу, а пазьней і штрафаваць кіроўцаў аўтамабіляў, якія будуць заяжджаць на роварныя дарожкі.

    Паводле слоў генэральнага дырэктара «Кіеўаўтадару» Георгія Глінскага, паводле дзейных правілаў, роварныя дарожкі разьмяшчаюцца на магістральных вуліцах рэгуляванага руху, вуліцах мясцовага значэньня, а таксама пад’ездах да гандлёвых цэнтраў, прамысловых прадпрыемстваў, стадыёнаў, паркаў, выстаў, рынкаў і аўтастаянак.

    Зь ягоных слоў, паводле дзейных правілаў шырыня дарожкі для раварыстаў павінна быць ня меншай за 1,5 мэтра.
    «Да праблем абсталяваньня роварных дарожак трэба падыходзіць узважана, асабліва ў цэнтральнай частцы гораду, дзе гэта магчыма толькі пры ўмове зьмяншэньня ходнікаў. Што, у сваю чаргу, можа прывесьці да ўскладненьня руху пешаходаў. Таксама мы прапануем прадугледжваць іх найперш падчас будаўніцтва новых дарог», — заўважыў Георгі Глінскі.

    Jun 7, 2008

    Велацытаты: Шлем і камізэлька

    Начальнік ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Карзюк:
    Камізэлька і шлем — гэтыя атрыбуты могуць быць распаўсюджаны і на кіроўцаў квадрацыклаў, і нават на раварыстаў.
    «Рэспублiка», 30 траўня 2008 г.

    У выпадку неспакою коней належыць сысьці з ровара

    Колькі сёньня ў Менску раварыстаў — ня ведае ніхто. А вось стагодзьдзе таму парадку ва ўліку было болей: у 1906 годзе гарадзкая ўправа зарэгістравала 297 раварыстаў, у 1913 годзе гэтая колькасьць павялічылася да 495.

    Што ні паведамленьне ў хроніцы стагадовай даўніны — то тэма для гісторыка‑бытапісца:
    Велапрабег Пецярбург — Менск. Вядомы менскі раварыст і канькабежац Асьвецымскі робіць прабег на ровары Санкт‑Пецярбург — Менск. Ён выехаў з Санкт‑Пецярбургу ў аўторак 8 траўня й паводле разьлікаў у нядзелю 13 траўня ад 7 да 10 гадзіны вечара прыбудзе на трэк Менскага таварыства аматараў спорту, дзе яго будуць сустракаць. («Минское слово», 1912 г.)
    За горад — на роварах. Грамадзкія паездкі прываблівалі многіх удзельнікаў, асабліва ў пачатку сэзону: у прызначаныя па ўзгадненьні дні пад кіраўніцтвам камандора грамадзкіх паездак сп. Прывалава аматары загарадных прагулак, нярэдка ў колькасьці 10‑15 чалавек, выпраўляліся зраньня, робячы па 20‑25 вёрстаў, а невялікая група ў 5 чалавек езьдзіла нават у Слуцак. (Справаздача пра дзейнасьць Менскага таварыства аматараў спорту за 1899 г.)
    У Губэрнатарскім садзе. …Днём па алеях саду шалёна імчацца раварысты, разганяючы публіку сваёй яздой. («Минское слово», 1912 г.)
    Раварысты і вершнікі. Варта б каму сьлед зьвярнуць увагу на бойкасьць нашых раварыстаў, ад якіх рашуча няма праходу ў Губэрнатарскім садзе й на сквэры, яны маюць катацца цэлымі групамі, наяжджаюць ззаду на публіку, што шпацыруе. («Минский курьер», 1920 г.)
    Пачатак працэсу рэгуляваньня «роварнага пытаньня» быў пакладзены 29 жніўня 1897 году, калі менскі губэрнатар прыняў выключна глыбока прапрацаваную пастанову «Пра язду на роварах па горадзе Менску». Першы пункт гэтага выбітнага дакумэнту абвяшчаў: « Хуткая язда па горадзе забараняецца».

    І далей у тым жа духу:
    «Абганяючы экіпажы альбо пешаходаў варта прыцішыць хаду й загадзя даць званок; лепш паўтарыць званок некалькі разоў зьлёгку, а не ўжываць рэзкі нечаканы званок. Заўвага: ужываньне трубкі альбо гудка, замест званка, пры язьдзе на роварах у горадзе забараняецца. У выпадку неспакою коней належыць сысьці з ровара».
    Гарадзкая дума ў пачатку ХХ стагодзьдзя прыняла пастанову «Пра збор з ровараў»:
    «1 р. 40 к. з уключэньнем платы за нумарны знак». Рупь сорак па тых часах было немалой сумай — сем паўпляшак гарэлкі або дзевяць хунтаў ялавічыны.
    І тым больш самі ровары, як і ўвогуле тэхнічныя прадметы ўжытку, былі нятаннымі. У Менску ў краме Г.Б.Рубенчыка на вуліцы Захар’еўскай ля гасьцініцы «Адэса» (прыблізна, там, дзе сёньня на праспэкце Незалежнасьці месьціцца Цэнтральная кнігарня) знакаміты ровар «Расія» фабрыкі Лейтнэра каштаваў 85 рублёў. Ангельскія мадэлі «Гумбэр», «Кайнар», «Энфілд» і «Брыльянт» ацэньваліся яшчэ даражэй.

    Культура ровара пацягнула за сабой шлейф аксэсуараў для язды, стварыла моду на новыя прадметы, адным зь якіх быў «веласіпедычны картуз». Чытаем ва Ўладзімера Набокава ў рамане «Іншыя Берагі»:
    «…камэрдынэр майго бацькі, прыхоўваў для яго «дарожны» ровар «Дукс» з усімі аксэсуарамі, — карбідам для ліхтара, званкамі двух гатункаў, дадатковым тормазам, помпай, трохкутным скураным футаралам з інструмэнтамі й нават заціскачыкамі для прывідна‑белых Максавых нагавіц».
    Ганаровы старшыня Менскага таварыства раварыстаў Яўстах Любанскі быў калярытнай постацьцю: памешчык новага тыпу, удачлівы прадпрымальнік, гаспадар сьпіртзаводу й вялікіх зямельных дзялянак, дэпутат Першай Дзяржаўнай думы. Валодаў ён прыгарадным маёнткам Лошыца, і ў тутэйшым парку гэты аматар да коней ды жыцьцёвых асалод, гуляка, пакравіцель пажарнікаў і спартоўцаў ладзіў яскравыя імпрэзы з удзелам раварыстаў.

    У грамадзтве на «цыклістаў» глядзелі нярэдка скоса. Чарнасоценскія газэты лякалі чытачоў «сьведчаньнямі» дактароў мэдыцыны пра тое, як «эрэкцыі, што ўзьнікаюць з‑за вянознага застою, да таго мучаюць раварыстаў, што часта яны вымушаныя перапыняць язду».

    Але насуперак усяму паэт Улад. Анфілаў бадзёра ўсклікаў у сваёй «Одзе ровару»:

      Цыклісьце, хай журба мінае!
      Круці слухмяныя пэдалі,
      Прапагандуй усюды наш
      Нездаганяльны экіпаж!


    Паводле: Сяргей Крапівін, «Экспресс-НОВОСТИ»

    Выкінь машыну — атрымай ровар

    Улады Канады вырашылі па-новаму заахвочваць аўтаўладальнікаў, якія будуць здаваць ва ўтыль старыя машыны. Цяпер людзям, якія захочуць пазбыцца свайго хламу, улады будуць выдаваць адзіны праязны на грамадзкі транспарт або ровар. А тыя, хто ня хоча катацца на веліку, змогуць проста атрымаць 300 даляраў гатоўкай.

    Прадстаўнікі канадзкіх уладаў падкрэсьліваюць, што старыя аўтамабілі вельмі шкодныя для навакольнага асяродзьдзя. Бо багата якія машыны, зробленыя 15-20 гадоў таму, выкідаюць у 19 разоў болей шкодных рэчываў, чым новыя.

    Паводле auto.mail.ru

    Роварныя асаблівасьці нямецкіх правілаў дарожнага руху

    Раварысты «жывуць» на дарогах дзесьці між пешаходамі й кіроўцамі. Для гэтай асаблівай групы рызыкі ў Нямеччыне дзейнічаюць некаторыя адмысловыя правілы.

    Нагодай для гэтай нататкі стала невялічкая абвестка на адным з аўтобусных прыпынкаў у Кёльне. Ейная аўтарка прасіла дапамагчы знайсьці кіроўцу машыны, які зьбіў яе на суседнім скрыжаваньні, перад гэтым груба парушыўшы дарожныя правілы. Жанчына ехала на ровары й атрымала цяжкія траўмы. У апісаньні аўтамабіля гаварылася пра нумарныя знакі адной з краін — буйной рэспублікі былога Савецкага Саюзу. Цалкам нумар ёй запомніць не ўдалося, але код краіны і колер сьцягу былі пазначаныя. Парушальнік зь месца здарэньня ўцёк.

    Іншаземным кіроўцам варта памятаць, што ў чужую краіну з сваімі правіламі ня езьдзяць. У буйных гарадах Расеі й іншых краін СНД раварысты застаюцца целам іншародным — бяспраўным і прыгнятаным удзельнікам дарожнага руху. Калі пры выезьдзе на нямецкія дарогі не пераключыць закладзеную ў кіроўскай галаве «родную» праграму, то можна хутка нарвацца на непрыемнасьці, як гэта й здарылася, відаць па ўсім, зь невядомым кіроўцам вышэйзгаданага аўтамабіля. Калі яго затрымаюць, то апроч пакараньня за парушэньне правіл яму пагражае крымінальная адказнасьць за ўцёкі зь месца здарэньня. Аднак гэткая ж доля спасьцігла б яго практычна ў любой краіне сьвету, мы ж спынімся на некаторых правах і абавязках раварыстаў у Нямеччыне.

    Адно з параўнальна новых правілаў, пра якое не падазраюць і шмат якія жыхары краіны, палягае ў тым, што пры наяўнасьці спэцыяльна пазначаных дарожак, якія ідуць паралельна з праезнай часткай, яны абавязаныя карыстацца імі.

    Асобная гісторыя — вуліцы з аднабаковым рухам. Раварысты часта едуць «пад цагліну», то бо супраць руху, што ёсьць найгрубейшым парушэньнем правілаў. Аднак некалькі гадоў таму гарадзкім уладам дазволілі адкрываць аднабаковыя вуліцы для сустрэчнага руху раварыстаў. Гэтыя вуліцы пазначаныя спэцыяльнымі знакамі. Адзін зь іх — прастакутнік з роварам і надпісам «Frei», то бо «Дазволена» пад забараняльнай «цаглінай».

    У апошнія гады ў Нямеччыне павялічваецца колькасьць скрыжаваньняў з кругавым рухам. Калі на іх няма спэцыяльнай дарожкі для раварыстаў, то пры ўезьдзе ў круг раварыст абавязаны, як і кіроўцы, прапусьціць тых, хто ўжо знаходзіцца ў ім. Выехаўшы на кругавое скрыжаваньне, ён ня мусіць «прыціскацца» да краю, а рухацца пасярэдзіне праезнай часткі, каб іншыя ўдзельнікі руху яго лепш бачылі й не рабілі спробаў абагнаць. Перад тым, як пакінуць круг, неабходна зрабіць знак рукой, як і пры любым павароце альбо зьмене паласы.

    Па‑за кругавым рухам раварысты абавязаныя рухацца па правым краі праезнай часткі, адзін за адным. Ехаць паралельна ім дазволена толькі ў тым выпадку, калі яны не замінаюць іншым удзельнікам руху.

    Доўгі час самыя розныя нямецкія суды цікавіла пытаньне, ці абавязаныя кіроўцы машын прапускаць раварыстаў, калі тыя перасякаюць вуліцу па «зебры», то бо па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Цяпер па гэтым пытаньні ў служкаў Фэміды ў Нямеччыне склалася адзінае й вельмі хітрае меркаваньне. Такім чынам, калі раварыст рухаецца па «зебры» на сядзеньні і/або круціць пэдалі, то ён перавагай перад аўтамабілямі не валодае. Калі ён каціць ровар, то зьяўляецца пешаходам, гэта значыць кіроўцы абавязаныя яго прапусьціць. Каб стаць «пешаходам», яму дастаткова, застаючыся на ровары, падняцца зь сядзеньня й адной нагой адштурхоўвацца аб асфальт, другая ж можа заставацца на понажы. Вось такія тонкасьці нямецкага правасудзьдзя.

    Паводле: Максім Нялюбін, Deutsche Welle

    У Піцеры веладарожкі зробяць «дзе толькі магчыма»

    «Камітэту па добраўпарадкаваньні й дарожнай гаспадарцы даручана зрабіць роварныя дарожкі ўсюды, дзе толькі магчыма. Хай да гэтай нашай ініцыятывы падключацца й кіраўнікі раёнаў», — заявіла 3 чэрвеня на пасяджэньні гарадзкога ўраду губэрнатарка Пецярбургу Валянціна Матвіенка.

    У працяг сваёй думкі Матвіенка зьвярнулася да кіраўнікоў раёнаў‑прыгарадаў Пецярбургу:
    «У Петрадварцовым раёне, у Колпіна, у Пушкіне — там увогуле раскоша! Там трэба ўвогуле закрыць аўтамабільны рух і ўсіх перасадзіць на ровары», — сказала губэрнатарка.

    Пры гэты Матвіенка даручыла кожнаму раёну цягам 2‑х месяцаў падрыхтаваць свае праграмы па стварэньні роварных дарожак.

    Да гэтага на ўрадзе выступіў віцэ‑губэрнатар Алег Віралайнен. Ён заявіў, што ў найбліжэйшыя 3 гады на вуліцах, у садах і парках Пецярбургу зьявяцца дзясяткі роварных дарожак.

    Паводле слоў Віралайнена, роварныя дарожкі зьявяцца ўздоўж Сафійскай вуліцы да Колпіна, на Віцебскім праспэкце, Суздальнскім праспэкце, Шувалаўскім праспэкце, у Юнтолаўскім заказьніку, у парку Сасноўка, ва Ўдзельным парку. Таксама прынятае рашэньне пра будаўніцтва веладарожак у парку імя Сахарава, на бульвары Крыленкі, у парку 24 кварталу Купчына, у Паўднёва‑Прыморскім парку, на праспэкце Луначарскага ад праспэкту Культуры да вуліцы Руставэлі. Ужо сёлета пры канцы году веладарожкі зьявяцца на 1, 3 і 7 праездах у Рыбацкім.

    Апроч гэтага, у раёне Пулкаўскіх вышынь будзе пабудаваная кальцавая роварная траса, адпаведная ўсім вымогам рэглямэнту Міжнароднага зьвязу раварыстаў, што дазволіць праводзіць у Пецярбургу міжнародныя спаборніцтвы. Таксама кальцавыя роварныя трасы зьявяцца ў раёне возера Фінскае ў пасёлку Парголава, паведамляе Росбалт.RU.

    Мода на ґібрыды

    У роварнях Нью‑Ёрку ўзьнік дэфіцыт на пупулярныя мадэлі ґібрыдных ровараў.

    Ровар‑ґібрыд уяўляе зь сябе нешта сярэдняе між гоначнай мадэльлю й так званым роварам‑горнікам. Гэта лёгкая мадэль зь сярэдняй таўшычыні шынамі, якая карыстаецца папулярнасьцю ў тых, хто ня мкнецца паставіць рэкорд хуткасьці й ня мае намеру пераадольваць перасечаную мясцовасьць.

    Уладальнік крамы Larry’s Bicycles Plus Лэры Дафус кажа, што паўспартовыя ровары сталі настолькі папулярнымі, што ўпершыню іхні продаж склаў палову ад агульнага продажу ровараў у ягонай краме, — распавядае карэспандэнт NRS.com Вадзім Ярмалінец

    Jun 2, 2008

    Іх норавы

    У Маскве АМАП затрымаў 8 раварыстаў за тое, што яны… ехалі па ходніках. Небаракам выпісалі штраф з фармулёўкай «раварыст кіраваў роварам па ходніку й стварыў перашкоду для руху пешаходаў».

    Разам з тым, падобная фармулёўка зусім ня выключаная ў нашых умовах. Бо раварыстам хоць і загадана езьдзіць па ходніках, але забаронена ствараць перашкоды для руху пешаходаў.

    Беларуская чыгунка прыраўняла ровары да раварыстаў

    З заўтрашняга дня, 3 чэрвеня, Беларуская чыгунка значна пагаршае ўмовы правозу ровараў у прыгарадных цягніках.

    Цяпер перавозка ровара будзе каштаваць столькі сама, колькі поўны білет да патрэбнай станцыі. Дагэтуль максымальны кошт правозу ровара складаў няпоўныя 2 тысячы рублёў.

    Гэтак, да прыкладу, яшчэ сёньня даехаць зь Менску да станцыі Параф’янава (19 зона) з роварам можна за 10340 рублёў, а ўжо заўтра за тую ж вандроўку давядзецца заплаціць 16720.

    Раварыстам застаецца на выбар або плаціць за ровар, як за сябе, або перад паездкай разьбіраць яго і ўпакоўваць. Пры гэтым агульная вага багажу разам з роварам не павінна стаць большай за 36 кіляграмаў. За лішак давядзецца таксама выкласьці поўны кошт «чалавечага» білету, зноў жа паводле новых правілаў чыгункі.

    Нагода прыгадаць, што Беларускай чыгункай дагэтуль ня створана ніякіх умоў для перавозкі ровараў ні ў прыгарадных, ні ў міжгародніх цягніках.

    Да бюракратычных абмежаваньняў па суме парамэтраў упакаванага ровара ў міжгародніх цягніках, неабдуманага патрабаваньня перавозіць ровар у вузкіх тамбурах з чатырма дзьвярыма ў цягніках прыгарадных цяпер дадаецца высокі кошт на перавозку.