Sep 19, 2008

Дзень без аргумэнтаў

22 верасьня Менск падтрымае сусьветную акцыю «Дзень без аўтамабіляў» — упершыню на афіцыйным узроўні.

З ініцыятывай далучыцца да «Дня без аўтамабіля» выступіла сёлета ў ліпені міністэрства транспарту. У верасьні эстафэту падхапіла міністэрства прыроды.

Менш аўтамабіляў — гэта здаровы лад жыцьця, чыстае паветра, бясьпека на дарогах. Дасягнуць гэтага за дзень немагчыма, але паказаць, што калі аднаго ранку машыны так і застануцца сабе спаць у гаражы, сьвет не абрынецца — можна.

Зрэшты, першы беларускі дзень без аўтамабіляў пройдзе пераважна на паперы. У лепшым выпадку — на дзьвюх вуліцах: Маркса і праспэкце Пераможцаў — іх, магчыма, перакрыюць. Аўтмабілісты могуць перакваліфікавацца ў пасажыраў ці раварыстаў па жаданьні. Скуль гэтаму жаданьню ўзяцца, не ўдакладняецца. Довады адваротнага — у менскім цэнтры спрэс. Праз паўгораду ня ходзяць трамваі, паездка ў мэтро спалучаецца з знадворнымі перабежкамі й двайной аплатай, праспэкт Дзяржынскага — у гразі і заторах. Ня ўздоўж кожнай дарогі ў горадзе ёсьць нармальны ці нават хоць які ходнік, і адзінкі зь іх прыстасаваныя для бясьпечнай язды раварыстаў. А прыехаўшы на ровары на працу, большасьці давядзецца шукаць вольнае дрэва пад вокнамі — цывілізавана пакінуць экалягічны транспарт няма дзе.

Таму калі хто з аўтамабілістаў забыўся, як гэта жыць без машыны ў Менску, «Дзень без аўтамабіляў» — выдатная нагода пераканаць яго ў слушнасьці паездак на аўто.

«Дзень без аўтамабіляў» мае сэнс, калі ёсьць аргумэнты для аўтамабілістаў. Якасныя веладарожкі, бясьпечныя велапаркоўкі, свабодны і прадказальны грамадзкі транспарт з дакладным раскладам на прыпынках, тралейбусы, у якіх не цячэ дах, аўтобусы, у якіх не баісься самлець.

Абавязковай гэтая акцыя стане хіба для пракурорскіх работнікаў па ўсёй краіне. Ім прапанавана прыйсьці на працу пешшу або прыехаць на грамадзкім транспарце. Пракурорскі работнік на ровары — відаць, занадта рэвалюцыйнае відовішча.

Тым часам, у панядзелак эфэктыўнасьць акцыі замярацьмуць фізычна, каб дазнацца, ці паменела шкодных рэчываў у менскім паветры. Вось толькі ці не змарнуе ўсе высілкі ўдзельнікаў акцыі пара старэнькіх МАЗаў?

Першы «Дзень без аўтамабія» быў праведзены ў францускім Ля Рашэлі ў 1997 годзе. Праз год гэтая акцыя ахапіла ўсю краіну. У 1999 годзе да Францыі падключыліся Італія і Швайцарыя, пасьля чаго ідэя распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе. У 2005 годзе акцыя праходзіла ў 1005 гарадах 33 эўрапейскіх краін. У 2007 годзе ў ёй ужо бралі ўдзел 1353 гарады ў 37 эўрапейскіх краінах і ў некаторых гарадах Канады. Штогод прыхільнікі экалёгіі пры падтрымцы адміністрацый гарадоў і мястэчак спрабуюць паказаць, што ў гарадах можна цудоўна жыць без аўтамабіляў, загазаванасьці й затораў.