Dec 14, 2009

Зімовы велабан

Колькі выпадковых фотак зь сёньняшняга велабану.

Ахвотнікам зімовых пакатушак раю прыгледзецца да суседніх паркаў і зон адпачынку — велабан пакрыты ледзянымі пупурышкамі, актыўна выкарыстоўваецца пешаходамі, ну й не забывайма пра масты — нават самы малы ля Аранскай я ўзяў толькі з разгону.

Dec 1, 2009

Спаймалі сэрыйнага велазлодзея

Практычна на канвэер паставіў 27-гадовы мянчук крадзяжы ровараў. Зь вясны да глыбокай восені злодзей умудрыўся зьвесьці больш за 50 ровараў, якія стаялі ля крамаў ды іншых гандлёвых кропак. Спосаб крадзяжу зладзюжка вынайшаў даволі арыгінальны. На «справу» ён браў заплечнік і кусачкі

Пахаджваючы ля гандлёвых цэнтраў, прыкмячаў дарагія ровары, пасьля гэтага па-гаспадарску падыходзіў да іх, прысядаў побач, пераварочваў заплечнік зь сьпіны на плячо, прасоўваў у яго руку, браў кусачкі й праз загадзя прарэзаную на дне заплечніка адтуліну зразаў замок, якім ровар быў прышпілены на стаянцы. Пасьля гэтага праз тую самую адтуліну ён уцягваў у заплечнік замок ровара, потым проста сядаў на чужога жалезнага каня, як на свайго, і зьяжджаў. Разьлік быў вельмі дакладным, бо мінакі ў ягоных руках кусачак ня бачылі, замка, адпаведна, таксама. Усё выглядала законна, то бок: прыйшоў гаспадар, завязаў матузкі й паехаў дахаты. Няўлоўнага злачынцу неаднаразова фіксавалі відэакамэры гандлёвых цэнтраў і крамаў, але дазнацца ягоную асобу было цяжка.

У канчатковым выніку супрацоўнікі міліцыі выйшлі на сьлед злодзея й затрымалі яго на гарачым. Дарэчы, мянчук не хаваючы назваў усе месцы, адкуль рабіў крадзяжы.

Прадаваў скрадзеныя ровары ён ля рынкаў за 150-200 тысяч рублёў, а атрыманыя грошы ў залежнасьці ад настрою траціў на кавярні й рэстарацыі, паведамляе Андрэй Курак з Маскоўскага РУУС у «Вячэрнім Мінску».

Nov 23, 2009

Веледарожкі патрэбныя, але сьпярша трэба зьлётаць на Марс

Заўважана, што як сканчаецца актыўны веласэзон, СМІ, чамусьці, зьвяртаюцца да велатэмы. Ну, лепш у халады, чым ніколі.

Гэтым разам парадавала віцебская газета «Народнае слова», а дакладней — начальнік аддзелу арганізацыі дарожнага руху ДАІ УУС аблвыканкаму Айвар Жораў:
— Пакуль у Віцебску будаўніцтва роварных дарожак неактуальнае і з эканамічнага пункту гледжаньня немэтазгоднае. Інтэнсіўнага руху раварыстаў у горадзе не назіраецца, а, згодна з будаўнічымі нормамі, веладарожкі прадугледжваюцца пры інтэнсіўнасьці руху больш як 50 раварыстаў у гадзіну. Мы згодныя, што веладарожкі патрэбныя, але сьпярша нам трэба выканаць больш тэрміновую працу: стаіць праблема добраўпарадкаваньня дваравых тэрыторый, забесьпячэньня месцаў для паркоўкі транспарту, пашырэньня праезнай часткі вуліц.
Што да двароў, парковак і іншага добраўпарадкаваньня, то праблема сапраўды стаіць стойма — даўно і трывала. Ды што там двары — «некартэжныя» вуліцы даўно і трывала стаяць у лужынах, ямінах і вечнай гразі. І нарэшце, калі ўжо нават у Віцебску ёсьць праблема з шырынёй праезнай часткі, то гэта званочак чыноўнікам — пацікавіцца, скуль такія праблемы бяруцца і ці дужа дапамагае лішняя паласа дарогі за кошт, скажам, зьнятага адасобленага трамвайнага руху.

Зрэшты, з адказу зразумела, што для раварыстаў у Віцебску не зьбіраюцца рабіць нічога і ніколі.

Ня бачыш веладарожкі? А яна ёсьць

Далей — цікавей. Газэта распавядае пра клопат пра раварыстаў і іх чорную няўдзячнасьць:
«У горадзе ёсьць роварная дарожка па вуліцы Чкалава на ўчастку ад Маскоўскага праспэкту да праспэкту Будаўнікоў. Але раварыстаў на ёй крайне мала».
Газэта, відаць, паверыла даішнаму начальніку на слова, бо калі б журналістка, якая не паленавалася зганяць у Нямеччыну, каб аўтарскі сфоткаць ровар дойчэпошты, праехала пару прыпынкаў да Чкалава, то магла б на свае вочы пераканацца, што 800-мэтровая бугрыстая пункцірна асфальтаваная палоска з абодвух бакоў можа выкарыстоўвацца хіба для нанясеньня калецтваў раварысту ў розных частках цела.

Гэтая палоска перакрытая галінамі дрэваў, перарэзаная сьвяжуткімі бардзюрамі, ніколі ня чышчаная, глуха перагароджаная дэкаратыўнымі агароджамі ў савецкім стылі, ну й нарэшце папросту нідзе не абазначаная якімі-кольвек знакамі, якія б суадносілі яе з раварыстамі. Будзьце пэўныя, я б зафоткаў і адправіў у кам'юніці ruki_iz_zhopi.

Старажылы кажуць, што калісьці знакі тыя стаялі й бардзюраў не было, але асфальт быў такі самы жахлівы і хто езьдзіў — той езьдзіў па праезнай частцы, балазе трафік быў тады вальнейшы і задача пашыраць праезныя часткі не стаяла.

Цяпер там ня «крайне мала», там ноль раварыстаў, я бачыў на Youtube аднаго раварыста, які ўмее езьдзіць па дрэвах ды платах, але, баюся, ён ня зь Віцебску.

Разумна, рацыянальна і ўпустую

— Будаўніцтва веладарожак — задавальненьне дарагое, — працягвае чыноўнік, — бо асфальт, праектная дакумэнтацыя, сама праца каштуюць грошай. У Менску пайшлі іншым шляхам: шырокія ходнікі сталі падзяляць разьметкай. Вельмі разумна і рацыянальна.
Вось дзе парадокс: веладарожка каштуе грошай, і разьметка каштуе грошай. Перарывістая веларазьметка асобных ходнікаў, як паказаў і працягвае паказвае «менскі шлях», не дае роўна ніякага эфэкту. То бо і фарба, і аплачаная праца проста марнуюцца. У чым жа разумнасьць і эфэктыўнасьць?

Вось бы ўсіх у аўташколы

Далей чыноўнік дзеліцца сваім сынкрэтычным уяўленьнем пра дарожны рух:

Правілы дарожнага руху не забараняюць рух раварыстаў па праезнай частцы і ходніках. Трэба толькі быць гранічна ўважлівымі, а ў цёмны час сутак абавязкова надзяваць камізэльку павышанай бачнасьці ці пазначаць сябе адблісковымі элемэнтамі, пераказвае газэта свайго суразмоўцу.
— Аўтамабільная дарога — гэта месца, дзе можна знаходзіцца, маючы пэўнае права, веды, кваліфікацыю. Правы мусяць мець усе, нават раварысты. Тады, я ўпэўнены, мы зможам пазьбегнуць многіх непрыемнасьцяў, — нагаварыў пры канцы Жораў.
Так і ўявіліся школы па ПДР для раварыстаў, а асабліва пешаходаў, якіх да атрыманьня правоў возяць на навучаньне і здабыцьцё кваліфікацыі на спэцтранспарце — бо як жа ты выйдзеш на аўтадарогу, не заслужыўшы права і не аплаціўшы ў касу.

Nov 19, 2009

Ілюстраваны запіс веларазмовы з праграмы «Пятае кола» на радыё «Сталіца»

Сёньня выйшаў з тэлефону ды ў эфір на Радыё «Сталіца» ў праграме «Пятае кола». Радыё файнае, але вяшчае на замшэлых ультракароткіх хвалях. Я званіў у Гандлёвы дом «Гарызонта», дык нават там у мяне перапыталі «А УКХ — гэта ж FM?». Дык вось каб дабро не прападала ды й каб нешта абнавіць на «Белавеле», выкладаю сюды з карцінкамі.



Дзякуй за фоткі хлопцам і дзяўчатам з onliner’а і poehali, як ужо пра іх гаварылі, дык грэх не паказаць.

Oct 1, 2009

Велазагадка ад mk.by

Агенцтва «Мінск-навіны» паведамляе, што «ў 2010-2011 гадах заплянаванае будаўніцтва яшчэ адной трасы для двухколавага транспарту на праспэкце Дзяржынскага на ўчастку ад вуліцы Кіжаватава да Менскай кальцавой аўтадарогі. Ейная працягласьць складзе 14 кілямэтраў».

Пытаньне: дзе пройдзе велатраса, калі

а) праспэкт Дзяржынскага не перасякаеца з вуліцай Кіжаватава;
б) ад пачатку праспэкта Дзяржынскага да МКАД 8 км;
в) ад пачатку Кіжаватава да МКАД 5 км?

Sep 28, 2009

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. «Родная старана»

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Веластаянка за журфакам

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Веластаянка ля «Асаблівага»

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Веластаянка ля МТС



Sep 21, 2009

Пешкі па велабане

У нядзелю апынуўся на велабане бяз ровара.

Але сьпярша прагуляўся да канца старога насыпу , перад якім велабан закругляеца сам у сябе. Раней там было ціхае і дзікае месца, сьцежка дасёньня парослая травой.

Цяперака — канец спакою. Адзін за адным едуць туды раварысты, што ня могуць даць веры, што велабан можа ўзяць ды скончыцца вось так ніяк. Прыедуць, стануць, паглядзяць на блізкі бераг, здымуць шлем, пачухаюць патыліцу й тады ўжо расчаравана й задуменна разьвярнуць свайго каня назад.

Даўжэй за ўсіх стаяў адзін фацэт бяз ровара. Глядзеў-глядзеў, дый спытаўся, ня зводзячы вачэй з далячыні: «А што, на той бераг маста няма? Я сюды з Ждановічаў пешшу дайшоў».

Дык вось з паходу атрымалася суцэльная ода.

Асабліва ўсьцешыла колькасьць і размаітасьць раварыстаў. Калі скажу, што ехалі яны адзін за адным, дык зманю ня шмат. 

Ехалі ў шлемах і кепках, скуранках і кашулях, пампэрсах і джынсах, кантактах і шлёпанцах. Ехалі ад 5 да 75-гадовыя, ад 18 да 180-кіляграмовыя. Ехалі й матлялі рулём на ровары ў першы раз. Ехалі й матлялі галавой на ровары сюды ў першы раз.

Велабан ня проста насьпех пакладзены асфальт для раварыстаў. Гэта такі вялікі патч для Менску, які актуалізаваў глухія куткі менскай прасторы.

Ці шмат хто быў у Дворышчах ці тым больш за Дворышчамі да сёлета? Лес у Серабранцы ажываў толькі ў засушлівую летнюю пару, у астатні час там можна было праціснуцца толькі ў гумовых ботах. Цяперака там — прамэнад. У выходныя людзей, як на базары.

Цесна, цесна бязроварнаму мінаку на велабане, асабліва з кім пад ручку!

Але, сказаў бы хто, я б не паверыў — усе, усе сустрэчныя серабранцы ішлі па ходніку ды паварочваліся бачком, каб разысьціся.

Да велабану між студгарадком БДУ і Пажарнай вуліцай была чорная дзірка. Там загаралі топлес студэнткі перад сэсіяй, а далей, пад мастамі, жылі сабе бамжы. Цяперака канец гэтым адметнасьцям — новая дарога і прыстойная набярэжная.

За стаянкай на Якубава шчэ летась вісеў калючы дрот і вылазіў праз падкоп за плот сабака. Калі я туды быў выпадкам заехаў, ахоўнік страшна на мяне сварыўся й казаў, што гэта ягоная тэрыторыя, хай і за плотам, і сабака правільна, што пільнуе. Дзядзя, я вярнуўся!

За стадыёнам ды стаянкай , што ля 2-га Роварнага завулка (там адна з найжахлівейшых велапалос у горадзе), ішла пакручастая сьцежка, якую ўрэшце размылі дажджы й нават захацеўшы, праехаць па ёй не было як. А там і безь велабану быў найкарацейшы роварны шлях зь Серабранкі.

Тупіковы парк на Чырвонаармейскай , куды забіраліся толькі сабакаводы, ажыў ды загудзеў злымі пакрышкамі.

І хоць зь велабану ня так проста выбрацца, ягонымі гасьцямі ўжо карыстаюцца гандляры па-суседзтве. Людзі з роварамі на «Сьвелце», ровары ля ўнівэрсаму «Сьвіслач», раварысты затаварваюцца на АЗС ля Нарачанскай. Спадзяюся, тамтэйшыя гандляры ўжо замовілі сабе зручныя веластаянкі?

Самае галоўнае — велабан даказаў няслушнасьць думкі, што «ў Менску няма раварыстаў, вось жа й няма каму будаваць веладарожкі», «што Менск вялікі й езьдзіць далёка ніхто ня будзе». Дастаткова зрабіць нармальны велашлях, як зьнекуль зьявяцца і неабходныя для стандарту 60 раварыстаў у гадзіну, і усе 360.


Уражаньне такое, што ўсе толькі й чакалі, калі ж зьявіцца ў Менску такая забаўка. Каб дастаць з гаўбцоў, скляпоў ды дачных хлявоў свае колісь набытыя й забытыя ровары.

Прапанова спарадзіла зайздросны попыт. І велабану ўжо мала. Так што гарадзкім гаспадарам трэба выцягнуць з далёкай шуфляды пыльныя тэчкі й зрабіць абяцаныя 300 кілямэтраў веладарожак «ня толькі па зялёных зонах, але і ўздоўж ходнікаў і нават па праезнай частцы».

*загаловак двухсэнсоўны ненаўмысна

Зьбіты і вінаваты

Жана Трайно, начальніца аддзелу агітацыі й прапаганды Менскай ДАІ:

— Пешаходам пры наяўнасьці ходніка выходзіць на веладарожкі забаронена. Апроч таго, яны не павінны ствараць там перашкоды раварыстам. Таму калі на роварнай дарожцы раварыст сутыкнецца зь пешаходам, вінаваты будзе апошні.


sb.by

Начны нябачны велабан

Хочаш паглядзець відэа з начнога велабану? Дачакайся цемры, зашморгні фіранкі, пагасі сьвятло, выключы манітор. Вось і ўсё кіно.

Калі зь дзьвярнога вочка ў чорным маніторы адлюструецца кропка чэзлага сьвятла зь лесьвіцы, не бяды — гэта зоркі над велабанам, або сьвятло далёкага праспэкту, або пражэктар над заводам.

Дзіва, але не пасьпееш сябе ўявіць блуканцам у бяскрайніх балотах ці дрымучых лясах, як у сьвятле фары раптам — цені. Цудоўная маскіроўка, катафот ня блісьне, фара не асьлепіць — слаўныя нашчадкі партызанаў раварысты нашага велабану.

Велабан, што праўда, месцамі асьвятляецца. Напрыклад, на Пуліхава і ўздоўж Індустрыяльнай да Дзянісаўскай. Рэшта паўночнай часткі — зацемненая.

Галоўная інтрыга нашага велабану — калі ж яго ўсё-такі адкрыюць.

Асобнае слова пра вялікія і вусьцішныя масты нашага велабану. Ля іх начапілі слушныя шыльды — «Праход забаронены» — але пры гэтым забаранілі праезд. Заматалі стужкамі ды заставілі агароджамі. Праверыў свой тармазны шлях. На шчасьце, ён аказаўся меншым за далячынь сьвятла фары.

Усе агароджы, а тым больш загарадкі велабану мусяць быць аформленыя адблісковымі элемэнтамі, як на дарогах. Тое самае тычыцца канструкцый на велапалосах, кшталту прыпынкаў, сьметніц і скрыняў зь пяском.

Цікава, веламасты на зіму зачыняць ці заліюць для санак?

Дарогай, ужо не на велабане, пачуў ад шумлівай кампаніі: ээ, глядзі, што гэта, ааа, веласіпеээ, оо, крута. Спадзяюся, гэтыя бэйбусы наступнай вясной купяць сабе такі.

Недзе там жа бабулечка, зьляканая сьвятлом фары, ліхаманкава сьцягнула зь велапаласы свайго цуцыка, адскочыла сама і... стала выбачацца, маўляў, яна забылася, задумалася, і будзе надалей сачыць за сабой і цуцыкам. Мне аж крыху няёмка стала.

Aug 8, 2009

Найчасьцей крадуць ровары з тамбураў

80% ровараў скралі з тамбураў між кватэрамі, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ва ўправе аховы правапарадку й прафіляктыкі ГУУС Менгарвыканкаму.

Крадуць таксама ровары, кінутыя на лесьвічных пляцоўках, ля крамаў, на вуліцы.

У Менску за 2008 год скралі 151 ровар. Сёлета — 117.

Вось і 5 жніўня скралі ровары на вуліцы Мельнікайтэ й Лагойскім тракце.

Ва ўправе раяць не пакідаць ровары ў пад’ездах (нават калі там ёсьць дамафон), каля крамаў ды ўстановаў, на пляжах і ў парках без нагляду.

А дзе ж тады пакідаць?

Aug 7, 2009

Веладарожка — гэта гучыць… беспантова

У навіне пра масты з сайту Менскага гарвыканкаму прагучала куды больш гордае слова — велабан!

Цытата:

Як расказаў карэспандэнту агенцтва «Менск-Навіны» дырэктар ГП «Гараўтамост» Яраслаў Паўлоўскі, на 2010 году заплянаваная рэаканструкцыя двух мастоў церазь Сьвіслач: у зоне адпачынку «Дразды», дзе цяпер вядзецца будаўніцтва велабану, і на вуліцы Ташкенцкай ля заапарку…

Jul 31, 2009

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Роварня «Трэк».



Стаянка ля роварні «Трэк», што на Някрасава, 114. Прышпіленая здаравенным ланцугом. Горш за такую стаянку можа быць толькі яе адсутнасьць (і тое, калі побач няма добра ўкапанага дарожнага знаку). Дзіўна, што прадаўцы ровараў гэтага ня ведаюць.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Белтэлекам.






Стаянка ля Белтэлекаму. За глухой сьцяной ля службовага ўваходу на Сьлясарнай вуліцы. Напісана, што праглядаецца камэрамі. Хочацца верыць, бо горшага месца для стаянкі адшукаць цяжка. Калі стаянка для супрацоўнікаў, то незразумела, чаму ёй не знашлося месца на тэрыторыі.

Велагараж у Зялёным Бары

За пяць кілямэтраў ад Менску ў амаль што звычайным спальным раёне Зялёны Бор ля амаль звычайнага панэльнага дому паставілі дзіва дзіўнае — велагараж! І паглядзі, карыстаецца папулярнасьцю! Гараж абгароджаны мэталічнай сеткай, на дзьвярах замок. І хоць не зусім веластаянка, і хоць не зусім менская, але як жа праедзеш міма такога!





Месца платнае — 19 тысяч у месяц (2009 год), пры гэтым усе ўжо разабраныя, і адміністрацыя плянуе паставіць яшчэ адзін такі велагараж.

Велапракат на АЗС — 2

Ля «алімпійскай» веладарожкі на нядаўна пабудаванай АЗC сёлета зьявіўся велапракат. Найбліжэйшы да яго прыпынак грамадзкага транспарту — «Баравая» 113-га. То б то дабірацца без машыны ня дужа зручна.

Каб узяць ровар, трэба мець пашпарт ці пасьведчаньне кіроўцы. Ну й грошы, вядома.

Цэны залежаць ад тэрмінаў. Катаешся 3 гадзіны — плаціш 10 тысяч, катаешся 7 дзён — плаціш восемдзесят.

Працуе пракат ад 8-й да 22-й гадзіны.






Jul 8, 2009

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. БДЭУ на Ванеева.

Веластаянка каля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Пад яе аддалі цэлае аўтапарковачнае месца. Прымацаваная да зямлі, праглядаецца з вокнаў, сымпатычнага дызайну, сумнеўнай зручнасьці.

Jul 6, 2009

Адзіная кіеўская веладарожка

Адзіная кіеўская веладарожка зробленая з той жа абсурднасьці й абыякавасьці да раварыстаў, што й менскія велапалосы. Але ў Кіеве абыякавасьць і абсурднасьць даведзеныя да ідэалу. Выдатная сатыра на тэму клопату пра раварыстаў, які абмяжоўваецца фарбай і бляхай для знакаў.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Экалягічны ўнівэрсытэт


Навінка 2009 году — стаянка ля Экалягічнага ўнівэрсытэту на Даўгабродзкай, 23. (Дзякуй pinguin-imp за наводку)


Зробленая з падручных трубак, прымайстрачаная саматужным спосабам. Ня дужа салідна, ня дужа зручна, але карыстацца можна.


Пры штодзённым карыстаньні вілка ровара абдзярэцца, стаянка таксама.


Ходнікі поўныя нечаканасьцяў — 2

Год таму я ўпершыню паспрабаваў праехаць праз мост на Ваўпшасава па правілах, па ходніку то бо.

За год ямінкі і яміны засыпалі і зараўнялі ператварыліся ў правалы і равы. І калі летась па ходніку праехаць, хоць і асьцярожна, але можна было, то цяпер там і пешшу хадзіць небясьпечна.



Без камэнтароў.

May 11, 2009

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Заапарк.

Стаянка ля менскага заапарку ў Чыжоўцы. Разьлічаная на 9 ровараў. Простая, але бяз вострых вуглоў. Бачная з касы й крыху з заапарку. Стаіць у людным месцы ля ўваходу.

Увесь «Кароткі праваднік па менскіх веластаянках»
 

May 3, 2009

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Кунцаўшчына

Праваднік…


У раёне Кунцаўшчыне на вуліцы Кунцаўшчыне ўжо з паўгоду ідзе будаўніцтва новай дарогі да новага спальніка — Дамброўкі. Гэтыя ж паўгоду паціху-патроху кладзецца плітка й на колішнім ходніку ад Прытыцкага да Калесьнікава. Плітка хоць блякла-, але чырвоная, амаль як у велапрасунутай Эўропе. На гэтым плюсы заканчваюцца.

Нягледзячы на тое, што веладарожка яшчэ не гатовая і абсалютна не прыдатная для руху, на ёй ужо доўгі час стаіць сапраўдны веладарожачны знак.



Неўзабаве за гэтым знакам пачынаюцца непераадольныя перашкоды.



І хоць веладарожка далёкая да завяршэньня, можна ўпэўнена спрагназаваць: бардзюрам — быць! І не абы якім.



Таксама можна з пэўнасьцю адзначыць, што гладкасьць і роўнасьць новай веладарожкі не пакіне раўнадушным ніводнага раварыста.

Весткі з балот



У Серабранцы для мэгавеладарожкі насыпалі велагрэблю на балоце. Сур’ёзны падыход!

Застаецца яшчэ адна інтрыга — праезд пад Аранскай. За яго пакуль не браліся.

May 1, 2009

Весткі з палёў

У Крупцах, каля павароту на Дразды, мэгавеладарожцы робяць разварот на 180 градусаў. Будзе нефункцыянальна, затое прыгожа з вышыні птушынага палёту — усё ідзе па пляне.

Apr 30, 2009

Велапракат на АЗС

А цяпер добрыя навіны. На праспэкце Пераможцаў на АЗС ля скрыжаваньня з Нарачанскай адкрыўся пракат ровараў.

Пракаціцца даюць на горных Trek’ах. Ёсьць Trek'і для пана і Trek'і для пані — з заніжанай рамай.

Пакуль да выбару толькі два «тарыфныя пляны» — на адну і на тры гадзіны — за 10 і 20 тысяч адпаведна. Ёсьць пляны зрабіць болей тарыфных плянаў і шырэй выбар транспартных сродкаў — апроч ровараў даваць напракат нешта самакатападобнае.

Працуе пракат ад 8-й да 22-й гадзіны.




View Rovarni in a larger map

Велапаласа вакол парку Дружбы народаў

То бо па Арлоўскай, Багдановіча, Кульман, Карастаянавай — гэткі веладарожачны квадрат. Пра гэтую веладарожку расказаў alex_radko, а да справаздачы рукі і колы не даходзілі.

Велапаласа з усімі характэрнымі адмоўнымі прыкметамі менскіх велапалос, толькі высокія бардзюры шчэ вышэйшыя і славутае «зьніадкуды ўніадкуль» даведзенае да ідэалу: веладарожка вядзе сама ў сябе.

Паглядеўшы на ўсё гэта, я дастаў штатыў і прыкруціў яго да багажніка. Каб падскокі на няроўнасьцях, ухіленьні ад сутыкненьняў зь мінакамі і мамкамі з вазкамі, пераадоленьні бардзюраў паказаць хай і ў нерэальным часе, затое ад пачатку да канца.

Для ўзмацненьня трагічнасьці карціны на самым высокім бардзюры фоцік зьвярнула на бок. Без усялякіх спэцэфэктаў і папярэдняй задумы. Проста так выйшла. Глядзець крыва, а ўяві, як ехаць!
   
Праваднік па Менскіх веладарожках

Apr 20, 2009

ДАІ: няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары.

Цікава, што фармулёўка «немагчыма праехаць» даволі ўмоўная. Месцы, дзе па тратуары можна праехаць, а дзе не, вызначаюць самі даішнікі… на вока.

ДАІ: «Такога тэрміна няма. Вызначаецца па меркаванні інспектара. Мне трэба выехаць на месца і сказаць, можна там праехаць або не. Але па-мойму няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары. На іх нават па горах ездзяць».

Еўрапейскае радыё для Беларусі.

Няма дык няма, інспэктару лепей ведаць:

Apr 13, 2009

У Польшчы п’яным раварыстам пагражае турма

П’яныя раварысты ў Польшчы сядзяць у сярэднім каля году ў турме.

Канстытуцыйны суд Польшчы падтрымаў вынесенае на гэтым тыдні рашэньне пра тое, што п’яныя раварысты мусяць быць прыраўнаваныя да кіроўцаў транспарту й адказваць за гэтае парушэньне па ўсёй строгасьці закону.

Цяпер у польскіх турмах знаходзяцца дзьве тысячы чалавек, асуджаных за язду на ровары пад хмелем.

Рашэньне Канстытуцыйнага суду выклікала шырокія дэбаты ў грамадзтве пра тое, ці заслугоўваюць раварысты такога суворага пакараньня.

Паводле прынятага ў 2000 годзе закону, чалавеку, які едзе на ровары ў нецьвярозым стане, пагражае штраф альбо да двух гадоў турмы, у залежнасьці ад ступені ап’яненьня.

Багата якія польскія суды ўжываюць больш лютую кару, і  ў сярэднім парушальнікаў прыгаворваюць да 11,5 месяцаў турмы.

Такім станам рэчаў незадаволеныя як ахоўнікі турмаў, так і некаторыя судзьдзі.

37-гадовы судзьдзя Яраслаў Сілецкі з заходняга раёну Польшчы назваў гэта абсурдам і драконаўскай мерай. Паводле ягоных слоў, такое пакараньне можа прывесьці шмат сем’яў на мяжу жабрацтва.

Ён цьвердзіць, што да раварыстаў нападпітку трэба ставіцца як да п’яных мінакоў, якім у большасьці выпадкаў пагражае штраф, а не вязьніца.

Аднак Канстытуцыйны суд вырашыў, што раварысты выкарыстоўваюць праезную частку й, апроч гэтага, значна небясьпечнейшыя, бо здатныя разьвіваць вялікую хуткасьць. Таму суд аддаў перавагу параўнаньню іх з аўтамабілістамі, паведамляе Бі-бі-сі.


Apr 3, 2009

Цуды мэгавеладарожкі

«Ужо на пачатку ліпеня можна будзе зь ветрыкам пракаціцца па новай веладарожцы працягласьцю каля 26 кілямэтраў», паведамляе «Ва-Банк» 2-га (а ня 1-га) красавіка.

Сэнсацыйная навіна, калі ўлічыць, што яшчэ ў канцы восені была гатовая толькі палоска ад Першамайскай да Андрэеўскай, і пракаціцца зь ветрыкам па ёй ну ніяк не атрымліваецца, дзякуючы сабакаводам, мамам з вазочкамі ды проста адпачывальнікам.

Для іх, піша газэта, мяркуецца зрабіць пешаходную зону паралельна веладарожцы з асьвятленьнем. Чытаючы гэтыя радкі, цяжка ўявіць вузкую палоску, выкладзеную пліткай, устыч да веладарожкі.

А вось новыя масты пад веладарожку церазь Сьвіслач і лыжаролерную трасу ўжо называюцца «велапешаходнымі», так што раварыстам, відаць па ўсім, давядзецца весьці на іх няроўную канкурэнцыю з рыбакамі і рамантыкамі.

Ёсьць навіны і пра пункты пракату ровараў. Іх мае быць чатыры, а ровары там будуць зь Менскага мотавелазаводу.

Таксама з навінаў — памянялі меркаваны маршрут трасы ў парку Горкага.

Веледарожка, піша газэта, — на кантролі старшыні гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, аднак усё ж сумніўна, што гэты кантроль настолькі цудадзейны, каб да ліпеня дарожка была здадзеная.

Зрэшты, калі верыць журналістам, цуд ужо адбыўся: «праца на ўчастку веладарожкі ад вул. Першамайскай да чыгункі ў раёне вуліцы Аранскай ужо завершаная». Што ж, а гэта няцяжка праверыць.

update: праверка паказала, што стан веладарожкі ад Першамайскай да чыгункі, на ўчастку Антонаўская — Чырвонаармейская — Леніна — Кастрычніцкая — Беларуская — чыгунка ня дужа розьніцца ад стану мінулай восені, праца далёкая ад завяршэньня, карыстацца веладарожкай нельга, веламасты не пабудаваныя, мост ля Антонаўскай на рамонце.

Гл. таксама: alex_radko: мега опупея продолжается...

Mar 6, 2009

ASSIZE — ідэальны антывелакомп

Пасьля таго, як заўчасна пагасла на роўным месцы чарговая Sigma, я ў парыве расчараваньня паехаў на Дружную й купіў там велакомп з гаваркой назвай ASSSIZE.

Пераваднымі літаркамі (такія колісь прадаваліся ў канцтаварах на Экспабеле) зьверху там напісана AS 411, а пад экранам RESET/MODE. Прадавачка сказала, што гэта самая наварочаная мадэль. Ну я та ведаў, што такое ASS з ручкамі, дакладней з адной кнопкай.

Тайваньцы ўсунулі ў прыстасовак усё, што ведалі пра велакампы: ён лічыць хуткасьць, прабег, максымум, сярэднюю, спаленыя калёрыі, час і нават частату педаляваньня — і гэта безь якіх-кольвек дадатковых датчыкаў. Такі вось цуд усходняй прыдумкі.

Кіраваць гэтым тайваньскім прыстасоўкам я вучыўся доўга, але прыручыць так рады і ня даў. Сам жа прынцып кіраваньня адной кнопкай такі: трымаеш 3 сэкунды — атрымаеш адно, трымаеш 5 сэкунд — атрымаеш другое, у тэорыі. Прычым, трэба ведаць, і зь якога месца трымаць, каб ня выйшла чаго не таго, ці каб кампутар ня ўпрогся ў які-небудзь міргальны цыкль працягласьцю ў пару хвілін, а ён любіць.

Зрэшты, мала калі мне ўдавалася ўвесьці налады зь першага разу. З улюбёных глюкаў дэвайса — рэжым палёту на Месяц, калі ўсе лічбачкі пачынаюць хаатычна круціцца без увагі на цісканьне кнопкі, — і яшчэ рэжым «не замінайце мне міргаць» , калі комп перарубаецца ў нейкае дэманстрацыйна-экзэкуцыйнае прагортваньне ўсіх сваіх калёрый і пэдаляваньняў. З гэткай карусельлю на рулі можна праехаць пару кілямэтраў, а потым, як супакоіцца, вазюкацца ўжо настрою няма.

Але што там калёрыі і пэдалі, галоўнае ж — час і хуткасьць!

Што да часу, дык літаральна праз тыдзень выпрацоўваецца звычка перад выездам зьвярацца з мабільнікам ці кампом, каб ведаць, якая папраўка ў нас сёньня. Дзеля апісаных вышэй асаблівасьцяў наладкі штодня падганяць хвіліны ахвоты няма ніякай. За месяц набягае зрух у чвэрць гадзіны сама меней. Гэтак, праз пару месяцаў злавіў сябе на тым, што зьвяраю час выключна па прыдарожных гадзіньніках і спадарожных прыкметах — прахадной МТЗ, 87-м аўтобусе і да т.п. Трох такіх арыентыраў на паўгадзіны язды аказалася цалкам дастаткова, каб арыентавацца ў часе й лішне не турбавацца, паглядаючы штопаўхвілі на велакомп.

Хуткасьць жа, калі паказваецца, паказваецца прыблізна блізка да рэальнай. Але справа ў тым, што паказваецца яна не заўжды. Комп прыкантачваецца да нейкіх загадкавых спружынак, якія, выглядае, спружыняць разам з роварам. У выніку хуткасьць можа раптам зьмяшнацца або ўвогуле зьнікаць. Спружынкі тыя я чысьціў, падцягваў, падкручваў, а ўсё дно раз-пораз, і чым далей, тым часьцей, комп трэба соўгаць ды круціць, каб ён нешта ўрэшце такі выдаў.

Затое ўсё максымальна проста з максымальнай хуткасцью — на яе можна забыцца. Комп, адразу як ставіш, выдае штось аптымістычнае, кшталту 60—90 км/г. Паспрабуй дагані!

Але паціху-патроху гэтыя мінусы склаліся ў плюс зь нечаканага боку, і аказалася, што ASSIZE — ідэальны кампутар для тых, хто хоча пераканацца, што па вялікім рахунку велакомп у горадзе не патрэбны.

Feb 18, 2009

Загінуў па правілах

На дарозе ў вёсцы Зубава Аршанскага раёну пад коламі «Фальксвагена» загінуў пешаход з роварам, паведамляе «Звязда».

42-гадовы грамадзянін а палове сёмай вечара пераходзіў дарогу на нерэгуляваным пераходзе. Ровар быў абазначаны адблісковымі элемэнтамі. Не дапамагло...

Feb 9, 2009

Камізэлькі: беларускі крэатыў узаконілі ў Польшчы

У Польшы прынялі новыя правілы для раварыстаў. У гэтым веласэзоне яны будуць абавязаныя насіць адблісковыя камізэлькі, шлем і асабісты дакумэнт.

«Кіроўца ровара альбо асоба, якая перавозіцца такім транспартам, абавязаныя:

1) карыстацца падчас язды ахоўным шлемам, адпаведным тэхнічным патрабаваньням, калі ім няма 18 гадоў.

2) карыстацца адблісковымі камізэлкамі, якія адпавядаюць тэхнічным патрабаваньням, калі яны едуць па-за забудаванай тэрыторыяй па ўзбочыне ці праезнай частцы».


Польскія роварныя актывісты абурыліся й напісалі разгорнуты ліст у Міністэрства інфраструктуры. Яны цьвердзяць, што гэткія зьмены не прывядуць да паляпшэньня бясьпекі раварыстаў, адно ўскладняць ім жыцьцё й пашкодзяць разьвіцьцю раварызму ў Польшчы. Вырашаць, апранаць камізэльку ды шлем, ці не — мусіць быць правам, а не абавязкам раварыста або бацькоў дзяцей, якія катаюцца на ровары. Дый гойсаць па лесе з пашпартам у велавопратцы ня дужа лягічна.

Да ўсяго, адзначаюць яны, з закону вынікае, што камізэльку раварысты павінны нацягваць за горадам нават удзень, што зусім бессэнсоўна.

Гэтая навіна можа закрануць і беларускіх раварыстаў — айчынныя прыхільнікі «камізэлізацыі» цяпер змогуць спасылацца на «перадавы эўрапейскі» досьвед.

Feb 6, 2009

Народ супраць мэгадарожкі

Месцам, выбарным для лыжэролернай трасы (так у газэце — cz.) ў Серабранцы, зьдзіваваны наведнік форуму vabank.by Kalinka-Malinka: фактычна пад вокнамі жылых дамоў, яшчэ крыху — і абрыў у рачулку. Ёсьць асьцярогі, што ў зьвязку з гэтым каля дамоў №№ 80 і 82 па вуліцы Якубава жыхары ня змогуць паркаваць свае аўтамабілі, а пачнуць «асвойваць» тэрыторыю вакол дому № 78, піша сёньня «Ва-Банк».


From Будаўніцтва веладарожкі ў Серабранцы

Jan 12, 2009

Па калена ў веладарожцы

Будаўніцтва менскай мэгавеладарожкі дакацілася да Серабранкі. На стаянцы ў канцы вуліцы Пляханава стаіць будаўнічая тэхніка, а насупраць унівэрсама «Сьвіслач» ляжыць завезеная плітка.

Веладарожка робіць пятлю па ўзгорку й выходзіць на ходнік ля стаянкі насупраць унівэрсаму. Па ходніку яна йдзе да трэцяй ужо стаянкі пры канцы вуліцы Якубава й абходзіць яе зьлева. Цікава, што яшчэ летась тое месца стаяначныя вартаўнікі лічылі сваёй парафіяй, сюды быў падкоп для сабак, каб ланцуг дацягваўся, а ад агароджы да дрэваў, што растуць побач на строме, быў саматугам нацягнуты калючы ды ржавы дрот.

Дроту й падкопаў цяпер няма, але брахлівыя сабакі так і надрываюцца з абодвух канцоў стаянкі.

Далей веладарожка спускаецца ўніз і абрываецца. А на горцы, у двары 82-га дому, — працяг будоўлі. Тамсама атабарылася бытоўка будаўнікоў. Калі верыць шыльдзе на ёй — веладарожку пабудуюць да сакавіка.

Праўда, штосьці ня верыцца.



Не пасьпяваеш? Націсьні паўзу і гартай уручную!
Здымкі з прывязкай да мапы
Прагляд слайдаў ва ўвесь экран


Закрыта на зіму. Падарожжа па веладарожцы ад Драздоў да Ванеева