Apr 13, 2009

У Польшчы п’яным раварыстам пагражае турма

П’яныя раварысты ў Польшчы сядзяць у сярэднім каля году ў турме.

Канстытуцыйны суд Польшчы падтрымаў вынесенае на гэтым тыдні рашэньне пра тое, што п’яныя раварысты мусяць быць прыраўнаваныя да кіроўцаў транспарту й адказваць за гэтае парушэньне па ўсёй строгасьці закону.

Цяпер у польскіх турмах знаходзяцца дзьве тысячы чалавек, асуджаных за язду на ровары пад хмелем.

Рашэньне Канстытуцыйнага суду выклікала шырокія дэбаты ў грамадзтве пра тое, ці заслугоўваюць раварысты такога суворага пакараньня.

Паводле прынятага ў 2000 годзе закону, чалавеку, які едзе на ровары ў нецьвярозым стане, пагражае штраф альбо да двух гадоў турмы, у залежнасьці ад ступені ап’яненьня.

Багата якія польскія суды ўжываюць больш лютую кару, і  ў сярэднім парушальнікаў прыгаворваюць да 11,5 месяцаў турмы.

Такім станам рэчаў незадаволеныя як ахоўнікі турмаў, так і некаторыя судзьдзі.

37-гадовы судзьдзя Яраслаў Сілецкі з заходняга раёну Польшчы назваў гэта абсурдам і драконаўскай мерай. Паводле ягоных слоў, такое пакараньне можа прывесьці шмат сем’яў на мяжу жабрацтва.

Ён цьвердзіць, што да раварыстаў нападпітку трэба ставіцца як да п’яных мінакоў, якім у большасьці выпадкаў пагражае штраф, а не вязьніца.

Аднак Канстытуцыйны суд вырашыў, што раварысты выкарыстоўваюць праезную частку й, апроч гэтага, значна небясьпечнейшыя, бо здатныя разьвіваць вялікую хуткасьць. Таму суд аддаў перавагу параўнаньню іх з аўтамабілістамі, паведамляе Бі-бі-сі.


No comments:

Post a Comment