Sep 21, 2009

Начны нябачны велабан

Хочаш паглядзець відэа з начнога велабану? Дачакайся цемры, зашморгні фіранкі, пагасі сьвятло, выключы манітор. Вось і ўсё кіно.

Калі зь дзьвярнога вочка ў чорным маніторы адлюструецца кропка чэзлага сьвятла зь лесьвіцы, не бяды — гэта зоркі над велабанам, або сьвятло далёкага праспэкту, або пражэктар над заводам.

Дзіва, але не пасьпееш сябе ўявіць блуканцам у бяскрайніх балотах ці дрымучых лясах, як у сьвятле фары раптам — цені. Цудоўная маскіроўка, катафот ня блісьне, фара не асьлепіць — слаўныя нашчадкі партызанаў раварысты нашага велабану.

Велабан, што праўда, месцамі асьвятляецца. Напрыклад, на Пуліхава і ўздоўж Індустрыяльнай да Дзянісаўскай. Рэшта паўночнай часткі — зацемненая.

Галоўная інтрыга нашага велабану — калі ж яго ўсё-такі адкрыюць.

Асобнае слова пра вялікія і вусьцішныя масты нашага велабану. Ля іх начапілі слушныя шыльды — «Праход забаронены» — але пры гэтым забаранілі праезд. Заматалі стужкамі ды заставілі агароджамі. Праверыў свой тармазны шлях. На шчасьце, ён аказаўся меншым за далячынь сьвятла фары.

Усе агароджы, а тым больш загарадкі велабану мусяць быць аформленыя адблісковымі элемэнтамі, як на дарогах. Тое самае тычыцца канструкцый на велапалосах, кшталту прыпынкаў, сьметніц і скрыняў зь пяском.

Цікава, веламасты на зіму зачыняць ці заліюць для санак?

Дарогай, ужо не на велабане, пачуў ад шумлівай кампаніі: ээ, глядзі, што гэта, ааа, веласіпеээ, оо, крута. Спадзяюся, гэтыя бэйбусы наступнай вясной купяць сабе такі.

Недзе там жа бабулечка, зьляканая сьвятлом фары, ліхаманкава сьцягнула зь велапаласы свайго цуцыка, адскочыла сама і... стала выбачацца, маўляў, яна забылася, задумалася, і будзе надалей сачыць за сабой і цуцыкам. Мне аж крыху няёмка стала.

2 comments:

  1. На Кірава ў велакраме назіраў як тоўсты дзядзька пад 50 з такой жа жонкай выбіралі сабе ровары. Справа адбывался як раз праз тыдзень пасля адкрыцця велабану. Дагэтуль у гэтай краме таўклісь толькі падлеткі ды бацькі куплялі ровары дзеля сваіх малых.

    ReplyDelete
  2. я ў нядзелю бачыў на велабане парачкі далёка за 50 =)

    ReplyDelete