Sep 21, 2009

Пешкі па велабане

У нядзелю апынуўся на велабане бяз ровара.

Але сьпярша прагуляўся да канца старога насыпу , перад якім велабан закругляеца сам у сябе. Раней там было ціхае і дзікае месца, сьцежка дасёньня парослая травой.

Цяперака — канец спакою. Адзін за адным едуць туды раварысты, што ня могуць даць веры, што велабан можа ўзяць ды скончыцца вось так ніяк. Прыедуць, стануць, паглядзяць на блізкі бераг, здымуць шлем, пачухаюць патыліцу й тады ўжо расчаравана й задуменна разьвярнуць свайго каня назад.

Даўжэй за ўсіх стаяў адзін фацэт бяз ровара. Глядзеў-глядзеў, дый спытаўся, ня зводзячы вачэй з далячыні: «А што, на той бераг маста няма? Я сюды з Ждановічаў пешшу дайшоў».

Дык вось з паходу атрымалася суцэльная ода.

Асабліва ўсьцешыла колькасьць і размаітасьць раварыстаў. Калі скажу, што ехалі яны адзін за адным, дык зманю ня шмат. 

Ехалі ў шлемах і кепках, скуранках і кашулях, пампэрсах і джынсах, кантактах і шлёпанцах. Ехалі ад 5 да 75-гадовыя, ад 18 да 180-кіляграмовыя. Ехалі й матлялі рулём на ровары ў першы раз. Ехалі й матлялі галавой на ровары сюды ў першы раз.

Велабан ня проста насьпех пакладзены асфальт для раварыстаў. Гэта такі вялікі патч для Менску, які актуалізаваў глухія куткі менскай прасторы.

Ці шмат хто быў у Дворышчах ці тым больш за Дворышчамі да сёлета? Лес у Серабранцы ажываў толькі ў засушлівую летнюю пару, у астатні час там можна было праціснуцца толькі ў гумовых ботах. Цяперака там — прамэнад. У выходныя людзей, як на базары.

Цесна, цесна бязроварнаму мінаку на велабане, асабліва з кім пад ручку!

Але, сказаў бы хто, я б не паверыў — усе, усе сустрэчныя серабранцы ішлі па ходніку ды паварочваліся бачком, каб разысьціся.

Да велабану між студгарадком БДУ і Пажарнай вуліцай была чорная дзірка. Там загаралі топлес студэнткі перад сэсіяй, а далей, пад мастамі, жылі сабе бамжы. Цяперака канец гэтым адметнасьцям — новая дарога і прыстойная набярэжная.

За стаянкай на Якубава шчэ летась вісеў калючы дрот і вылазіў праз падкоп за плот сабака. Калі я туды быў выпадкам заехаў, ахоўнік страшна на мяне сварыўся й казаў, што гэта ягоная тэрыторыя, хай і за плотам, і сабака правільна, што пільнуе. Дзядзя, я вярнуўся!

За стадыёнам ды стаянкай , што ля 2-га Роварнага завулка (там адна з найжахлівейшых велапалос у горадзе), ішла пакручастая сьцежка, якую ўрэшце размылі дажджы й нават захацеўшы, праехаць па ёй не было як. А там і безь велабану быў найкарацейшы роварны шлях зь Серабранкі.

Тупіковы парк на Чырвонаармейскай , куды забіраліся толькі сабакаводы, ажыў ды загудзеў злымі пакрышкамі.

І хоць зь велабану ня так проста выбрацца, ягонымі гасьцямі ўжо карыстаюцца гандляры па-суседзтве. Людзі з роварамі на «Сьвелце», ровары ля ўнівэрсаму «Сьвіслач», раварысты затаварваюцца на АЗС ля Нарачанскай. Спадзяюся, тамтэйшыя гандляры ўжо замовілі сабе зручныя веластаянкі?

Самае галоўнае — велабан даказаў няслушнасьць думкі, што «ў Менску няма раварыстаў, вось жа й няма каму будаваць веладарожкі», «што Менск вялікі й езьдзіць далёка ніхто ня будзе». Дастаткова зрабіць нармальны велашлях, як зьнекуль зьявяцца і неабходныя для стандарту 60 раварыстаў у гадзіну, і усе 360.


Уражаньне такое, што ўсе толькі й чакалі, калі ж зьявіцца ў Менску такая забаўка. Каб дастаць з гаўбцоў, скляпоў ды дачных хлявоў свае колісь набытыя й забытыя ровары.

Прапанова спарадзіла зайздросны попыт. І велабану ўжо мала. Так што гарадзкім гаспадарам трэба выцягнуць з далёкай шуфляды пыльныя тэчкі й зрабіць абяцаныя 300 кілямэтраў веладарожак «ня толькі па зялёных зонах, але і ўздоўж ходнікаў і нават па праезнай частцы».

*загаловак двухсэнсоўны ненаўмысна

No comments:

Post a Comment