Dec 1, 2009

Спаймалі сэрыйнага велазлодзея

Практычна на канвэер паставіў 27-гадовы мянчук крадзяжы ровараў. Зь вясны да глыбокай восені злодзей умудрыўся зьвесьці больш за 50 ровараў, якія стаялі ля крамаў ды іншых гандлёвых кропак. Спосаб крадзяжу зладзюжка вынайшаў даволі арыгінальны. На «справу» ён браў заплечнік і кусачкі

Пахаджваючы ля гандлёвых цэнтраў, прыкмячаў дарагія ровары, пасьля гэтага па-гаспадарску падыходзіў да іх, прысядаў побач, пераварочваў заплечнік зь сьпіны на плячо, прасоўваў у яго руку, браў кусачкі й праз загадзя прарэзаную на дне заплечніка адтуліну зразаў замок, якім ровар быў прышпілены на стаянцы. Пасьля гэтага праз тую самую адтуліну ён уцягваў у заплечнік замок ровара, потым проста сядаў на чужога жалезнага каня, як на свайго, і зьяжджаў. Разьлік быў вельмі дакладным, бо мінакі ў ягоных руках кусачак ня бачылі, замка, адпаведна, таксама. Усё выглядала законна, то бок: прыйшоў гаспадар, завязаў матузкі й паехаў дахаты. Няўлоўнага злачынцу неаднаразова фіксавалі відэакамэры гандлёвых цэнтраў і крамаў, але дазнацца ягоную асобу было цяжка.

У канчатковым выніку супрацоўнікі міліцыі выйшлі на сьлед злодзея й затрымалі яго на гарачым. Дарэчы, мянчук не хаваючы назваў усе месцы, адкуль рабіў крадзяжы.

Прадаваў скрадзеныя ровары ён ля рынкаў за 150-200 тысяч рублёў, а атрыманыя грошы ў залежнасьці ад настрою траціў на кавярні й рэстарацыі, паведамляе Андрэй Курак з Маскоўскага РУУС у «Вячэрнім Мінску».

No comments:

Post a Comment