Mar 6, 2009

ASSIZE — ідэальны антывелакомп

Пасьля таго, як заўчасна пагасла на роўным месцы чарговая Sigma, я ў парыве расчараваньня паехаў на Дружную й купіў там велакомп з гаваркой назвай ASSSIZE.

Пераваднымі літаркамі (такія колісь прадаваліся ў канцтаварах на Экспабеле) зьверху там напісана AS 411, а пад экранам RESET/MODE. Прадавачка сказала, што гэта самая наварочаная мадэль. Ну я та ведаў, што такое ASS з ручкамі, дакладней з адной кнопкай.

Тайваньцы ўсунулі ў прыстасовак усё, што ведалі пра велакампы: ён лічыць хуткасьць, прабег, максымум, сярэднюю, спаленыя калёрыі, час і нават частату педаляваньня — і гэта безь якіх-кольвек дадатковых датчыкаў. Такі вось цуд усходняй прыдумкі.

Кіраваць гэтым тайваньскім прыстасоўкам я вучыўся доўга, але прыручыць так рады і ня даў. Сам жа прынцып кіраваньня адной кнопкай такі: трымаеш 3 сэкунды — атрымаеш адно, трымаеш 5 сэкунд — атрымаеш другое, у тэорыі. Прычым, трэба ведаць, і зь якога месца трымаць, каб ня выйшла чаго не таго, ці каб кампутар ня ўпрогся ў які-небудзь міргальны цыкль працягласьцю ў пару хвілін, а ён любіць.

Зрэшты, мала калі мне ўдавалася ўвесьці налады зь першага разу. З улюбёных глюкаў дэвайса — рэжым палёту на Месяц, калі ўсе лічбачкі пачынаюць хаатычна круціцца без увагі на цісканьне кнопкі, — і яшчэ рэжым «не замінайце мне міргаць» , калі комп перарубаецца ў нейкае дэманстрацыйна-экзэкуцыйнае прагортваньне ўсіх сваіх калёрый і пэдаляваньняў. З гэткай карусельлю на рулі можна праехаць пару кілямэтраў, а потым, як супакоіцца, вазюкацца ўжо настрою няма.

Але што там калёрыі і пэдалі, галоўнае ж — час і хуткасьць!

Што да часу, дык літаральна праз тыдзень выпрацоўваецца звычка перад выездам зьвярацца з мабільнікам ці кампом, каб ведаць, якая папраўка ў нас сёньня. Дзеля апісаных вышэй асаблівасьцяў наладкі штодня падганяць хвіліны ахвоты няма ніякай. За месяц набягае зрух у чвэрць гадзіны сама меней. Гэтак, праз пару месяцаў злавіў сябе на тым, што зьвяраю час выключна па прыдарожных гадзіньніках і спадарожных прыкметах — прахадной МТЗ, 87-м аўтобусе і да т.п. Трох такіх арыентыраў на паўгадзіны язды аказалася цалкам дастаткова, каб арыентавацца ў часе й лішне не турбавацца, паглядаючы штопаўхвілі на велакомп.

Хуткасьць жа, калі паказваецца, паказваецца прыблізна блізка да рэальнай. Але справа ў тым, што паказваецца яна не заўжды. Комп прыкантачваецца да нейкіх загадкавых спружынак, якія, выглядае, спружыняць разам з роварам. У выніку хуткасьць можа раптам зьмяшнацца або ўвогуле зьнікаць. Спружынкі тыя я чысьціў, падцягваў, падкручваў, а ўсё дно раз-пораз, і чым далей, тым часьцей, комп трэба соўгаць ды круціць, каб ён нешта ўрэшце такі выдаў.

Затое ўсё максымальна проста з максымальнай хуткасцью — на яе можна забыцца. Комп, адразу як ставіш, выдае штось аптымістычнае, кшталту 60—90 км/г. Паспрабуй дагані!

Але паціху-патроху гэтыя мінусы склаліся ў плюс зь нечаканага боку, і аказалася, што ASSIZE — ідэальны кампутар для тых, хто хоча пераканацца, што па вялікім рахунку велакомп у горадзе не патрэбны.