Dec 27, 2010

Цуды на Каляды

Дакладней, магічныя зьнікненьні.

3 месца. Зьнік велабан. Летам быў, а цяпер няма. Цуд так сабе, бо ўжо другі год тое самае.

2 месца. Зьнікла веластаянка ля ўнівэрсама Сьвіслач. І сапраўды, калі разважыць — і велабан побач зьнік, і раварыстаў тэарэтычна быць не павінна. Навошта стаяць ёй іржавець? Можа, таваравед пад стол засунула для лепшай захаванасьці казённай маёмасьці. Што да практыкі — дык ля «Гіпа» ля веластаянкі сьнег веласьляды не пасьпявае зацярушваць.

1 месца. На 2-м Роварным завулку зьніклі высокія бардзюры. Не пад сьнегам зьніклі, а самі. Бардзюры ў нас кшталту фэтышаў: ходнік можа быць замеценым, затое бардзюры — вычышчаны, як медзякі. Дык вось тыя бардзюры — здрабнелыя зусім, трэба будзе вясной праваднік па гэтай велапаласе перапісваць. Калі фарба не сатрэцца ўшчэнт ды знакі не адваляцца.

Dec 16, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Мотавела

Партызанскі праспэкт, 8.

Новая мадыфікацыя тутэйшых трохкутных фантазій. Першы раз я гэтую канструкцыю бачыў яшчэ летам ля нейкай адзежнай крамы, дык падумаў, што гэта якая прыстасовіна для гандлю гарнітурамі, кашулямі ці іншай апранахай.

З пачуцьцём ніякаватасьці паспрабаваў прыладзіць ровар у гэтую вешалку. Той залез нехвотна, пачапляўшыся вілкай.

Хоць, можа, я яго няправільна ставіў. Можа, яго таксама трэба таго… дагары нагамі?







Nov 10, 2010

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Чэрвенскі рынак

На Чэрвенскім рынку зноў узьнікла веластаянка.



Каб Віталіч больш не адкруціў, канструкцыю прыбілі кавалкам арматуры.


Я ведаю ноль прычын, каб пакідаць ровар каля Чэрвенскага рынку. Ну але традыцыйны дзякуй за клопат пра раварыстаў, хай сабе і ў несэзон.

На Чэрвенскім цяжка выбраць зручнае месца для велапаркоўкі, але выбралі самае нязручнае — на вузкім ходніку адразу ля ўваходу на прадуктовы базар. Ровар тут замінае. А зручна для ўсіх прыпаркавацца пры жаданьні можна да гэтых цудоўных мэталічных выгінаў агароджы.

Nov 5, 2010

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Вуліца Якуба Коласа, 30

Колаўторквалка ля «Спорттавараў» на Якуба Коласа.



Канструкцыя па колаўторквальным рэйтынгу добрая.



Ну але ровар здорава вытыркаецца на пешаходную частку, хто задзене — пярэдняе кола пагне.



Тут бы колаўторквалку на сама болей тры месцы ды разьвярнуць, каб ровар паралельна сьценцы стаяў. А лепш увогуле былі б П-падобныя стойкі, але гэта пакуль нашы сьветлыя галовы вынайдуць…

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. 2-я БДУшная

Вядучы ўнівэрсытэт краіны зрабіў яшчэ адну страхотную канструкцыю, у якую можа ўлезьці кола ровара. Але паставіў яе гэтым разам не ў глухім куце, а пад самым носам вартаўніка брамы ўнівэрсытэцкага дворыка. Месца вырашае.







Старая стаянка таксама стаіць, але там нікога там прыпаркаванага не было.
А яшчэ ж ля БДУ падземны велапаркінг ёсьць. Эх, мае студэнцкія гады…

2011 год: Абедзьве веластаянкі перанесьлі пад дрэва ля хіфаку.

Oct 7, 2010

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Машэрава, 77

Колаўторквалка ля крамы «Прэстан».



Ровараў-гігантаў для яе яшчэ належыць вынайсьці вядучым айчынам АН, НДІ і СПТВ.



Стаіць у глухім куце аўтастаянкі.





Чамусьці ля другой крамы «Прэстан», на Багдановіча, веластаянкі няма.

Oct 5, 2010

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Лабанка, 94


Стандартная «гуманная» колаўторквалка ў «прастор»-стылі ля сухараўскага «Максімуса».

Варыянт на тры ровары. Стаіць перад уваходам на бачным месцы.

Ровар не вісіць, кола трымаецца ў двух месцах — што яшчэ трэба?

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Купрэвіча, 1/1


Другая слушная веластаянка па адным адрасе.

Стаіць у арцы — дождж не заліе. Ёсьць камэры.

Непадалёк у двары — звышвысокатэхналягічная, зарослая травой велаўторквалка.

Калі аднойчы адчыняць веламузэй, гэта будзе цэнтральны экспанат.

Sep 25, 2010

Веладарожкі па ўсёй краіне

Міністэрства спорту і турызму шукае інвэстара для стварэньня сеткі веладарожак па ўсёй Беларусі.

Пра гэта паведаміў намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга 24 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, піша TUT.BY з спасылкай на БелаПАН.

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Купрэвіча, 1/3

Шчасьце ёсьць!



У Менску знойдзеная першая эталонная веластаянка. Нават у іржавым стане яна ня можа ня выклікаць скупую сьлязу раварысцкага замілаваньня.



Сюды трэба вадзіць экскурсіі арганізаваных груп чыноўнікаў і высокія замежныя дэлегацыі. На жаль, краіна ня можа сабе дазволіць другой такой раскошы. Яна надзейна ўкапаная ў зямлю, бо іначай, несумненна, паднялася б у неба і паляцела на Марс, амэрыканцам на зайздрасьць. Бо і прыляцела яна адтуль па сакрэтнай праграме абмену. Адкуль жа яшчэ ёй тут узяцца…

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Прастораўскія

Нешта ў лесе здохла (выбачайце за натуралізм).



Здарылася «тое, чаго ніколі ня будзе». «Прастор» такі паставіў веластаянкі, хоць цьвердзіў, што яны праектам не прадугледжаныя, а паркавацца вольна і крэатыўна можна на аўтастаянках, балазе тыя стаяць напалову пустыя. Але відавочны і, што ўжо тут сьціплічаць, адзіна слушны пункт погляду, які палягае ў тым, што гіпэрмаркет бяз роварнай стаянкі ні разу не гіпэрмаркет, перамог — хто б сумняваўся! А вось тое, што перамог ён так хутка, зьдзівіла і парадавала. Дзякуй тым раварыстам, хто не ленаваўся і пісаў у кнігі прапаноў, а пасьля атрымліваў адпіскі. Дзякуй прастораўцам, што пайшлі насустрач пажаданьням сваіх пакупнікоў з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй і зайздроснай жыцьцёвай зацятасьцю (я, да прыкладу, так у «Прастор» пасьля іхнай адпіскі ні разу і ня зьезьдзіў).



Што да веластаянак — нішто сабе, гэткія «колаўторквалкі-экстра»: кола захопліваецца ня толькі зьнізу, але і сьпераду. Можна злаўчыцца і прычапіцца нават U-замком.



Камэраў назіраньня заўважыў, але такіх, каб глядзелі на веластаянкі — не.
Вышэй — карціны зь веластаянкай ля шабаноўскага «Прастора» (Партызанскі, 182, далейшы ад Ротмістрава ўваход), ніжэй — адзіны магчымы ракурс стаянкі на Дзяржынскага, 104.



Гэтая стаянка месьціцца справа ад бліжэйшага да вуліцы Ясеніна ўваходу ў цёмным куце, затое зь велапарковачным знакам над ёй. Месца зацішнае. Настолькі, што поўны чорнай няўдзячнасьці велапакупнік падчас фотасэсіі запаркаваўся, як і ў ранейшыя гады, да слупа са сьцягам ля лесьвіцы. Зь іншага боку — наўзвочны прыклад, чаму веластаянкі лепей ставіць раней, чым пазьней, а лепш адразу.

Баязьліўцам дакладаю, што камэраў, скіраваных на веластаянку, там няма. Затое ўвесь час нехта з супрацоўнікаў паліць цыгаркі, з павагай паглядаючы на атрыбуты здаровага ладу жыцьця.

А што, спытаешся, чыжоўскі «Прастор»? А чыжоўскія раварысты, відаць, слаба прасілі.

Sep 20, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. IBB

Веластаянка ля IBB-цэнтру — сама прыгажосьць: акуратная, стылёвая, гладкая, бачная і з вуліцы, і з будынку.



Вось толькі расстройства — ровар вісіць! Вісіць, нягоднік, на сьпіцах, псуе настрой і прыгажосьць. Так што useless. Калі толькі збоку ад уторквалак прычапляцца…



Праспэкт Газэты «Правда», 11.
Дзякуй lazy за наводкі.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Роварня «Райдэр»



Вуліца Чарвякова, 3.
Ля крамы спорттавараў «Райдэр».
Стаянка недапрыкручаная і гайдаецца, а яшчэ дужа малая вышыня захопу кола, калі хто зачэпіць ровар — сьмерць обаду.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. БДАТУ

Праспэкт Незалежнасьці, 99/2. Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт.
Ля корпусу ў двары — дзьве стаянкі «аграгарадоцкай» канструкцыі з кожнага боку параднага ўваходу. Пруты закругленыя там, дзе неабавязкова, і простакутныя там, дзе труцца аб раму. Сьпераду на зямлі — планка невядомага прызначэньня.


Месца зводдаль ад праспэкту і выпадковых вачэй, да таго ж выдатна праглядаецца з вокнаў, што  рэзка ўздымае рэйтынг стаянкі да ўзроўню практычна ідэальнага.

У  БДАТУ можна сьмела езьдзіць на ровары.

Двайнік стаянкі — праз двор.

Aug 19, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Громава, 20

Унівэрсам «Суседзі» — першая запэленгаваная веластаянка ў Малінаўцы.



Я нават не пасьпеў схадзіць у краму, а пешаходы ўжо незадаволена хмыкалі, што ім трэба абыходзіць мой ровар на аптымальнай траекторыі да сходаў.



Колаўторквалка прыкручаная, але хістаецца.
Дзякуй lazy за наводку.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Напалеона Орды, 6



Стандартная колаўторквалка ля новай «Омы» ў Брылевічах.



Толькі адлегласьць між прутоў такая, што кола не сьцісакаецца, а нават боўтаецца.



U-замком не прычэпішся, ну але дзякуй і за гэта.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Велагараж у Зялёным Бары (2).

У першым велагаражы ўжо не засталося месцаў, вось ля навабуду па Аляксандрава, 16 і зрабілі новы.



Паводле мясцовых жыхароў, арэнда месца платная, 19 тысяч у месяц.



Адно што з выгляду веластойка ў гаражы абы-якая, хапае колы за сьпіцы.



Што да відэакамэраў, дык імі абвешаны ўвесь гэты незвычайны мікрараён.

p.s.: ля 1 пад’езду гэтага ж, 16 дому, стаіць у дадатак звычайная гасьцявая веластаянка.



Мікрараён узорнага велаўтрыманьня.