Feb 18, 2010

Раварыст у змаганьні за права езьдзіць па праезнай частцы дайшоў да Вярхоўнага суду

Гарадзенскі веласіпэдыст аспрэчвае трактаваньне правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі ДАІ.

13 ліпеня мінулага году інспэктар ДАІ саставіў пратакол на Ігара Лапеху за «кіраваньне роварам па праезнай частцы пры наяўнасці побач тратуара». Веласіпэдыст палічыў такое рашэньне незаконным.

На думку сп. Лапехі, закон дае права выбіраць веласіпэдысту паміж праездам па праезнай частцы і тратуарам.

Гарадзенец паскардзіўся на дзеяньні інспэктара кіраўніцтву ДАІ, аднак тое адмовілася пераглядаць рашэньне аштрафаваць веласіпэдыста за парушэньне правілаў дарожнага руху.

На думку сп. Лапехі, гэтым самым «кіраўніцтва Гарадзенскага абласнога ўпраўлення пазбаўляе права веласіпэдыста самастойна ацэньваць умовы руху і фактычна выключае магчымасць выезду ровара на асфальтаваную праезную частку».

У пачатку лютага Ігар падаў паўторную заяву на імя начальніка УДАІ Гарадзенскага аблвыканкама з просьбай адмяніць рашэньне пра накладзены на яго штраф, а таксама зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай «расставіць усе кропкі над „і“, і кампэтэнтна патлумачыць, як правільна трактаваць палажэньне правілаў дарожнага руху, якія рэглямэнтуюць паводзіны веласіпэдыста на дарозе».

З упраўленьня ДАІ зноў прыйшла адмова ў пераглядзе рашэньня інспэктара ў дачыненьні да Ігара Лапехі.

Вярхоўны суд адказаў гарадзенцу, што разгляд такіх зваротаў не ўваходзіць у кампетэнцыю суду.

У размове з карэспандэнтам «Твайго стылю» Ігар Лапеха паведаміў, што зьбіраецца і далей змагацца за свае правы.

3 comments:

  1. Позва слушная, але ж Вярхоўны суд адмовіў абсалютна лягічна. Калі я правільна разумею нашую сыстэму, Вярхоўны суд мае функцыі нагляду -- то бок, ён разглядае толькі скаргі на выракі судоў ніжэйшае інстанцыі. І адзінае, што можа -- адмяніць пастанову такога суда і накіраваць справу на перагляд.

    Таму варта было б пачынаць з позвы ў раённы суд, і патрабаваць адмены пратаколу.

    ReplyDelete
  2. Так і бачу аўтамабілістых у змаганні за права ездзіць і паркавацца на тратуарах, пешаходных дарожках і газонах...

    ReplyDelete
  3. што ім змагацца — яны і так езьдзяць і паркуюцца.

    ReplyDelete