Feb 18, 2010

Падарунак да новага сэзону — штрафы да 105 тысяч

Падарунак да новага веласэзону зрабілі народныя абраньнікі ды доблесныя даішнікі. Штрафы за парушэньне якога-кольвек правіла дарожнага руху раварыстам паднялі да адной-трох базавых велічынь, то бо 35-105 тысяч, вынікае з навіны на БелТА.

Такім чынам, нясьпешлівы пераезд пешаходнага пераходу або разыходжаньне з інспэктарам у поглядах наконт магчымасьцяў руху па якім-небудзь экзатычным ходніку можа каштаваць больш як 30 даляраў.

Раней для прыдзірлівых інспэктараў раварысты дзеля сьмеху вазілі ў кішэні тры-пяцьсот, а самым вялікім штрафам была палова базавай велічыні. Новыя лічбы напэўна павысяць цікавасьць да аматараў круціць пэдалі.

Дык вось жа ня лішнім будзе прыгадаць, што кожны выезд з двара на праезную частку разглядаецца як месца, якое раварыст мусіць пераходзіць пешшу, то бо як нагода спагнаньня штрафу.

З ходнікамі прасьцей — як вядома, «няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары». І памятайма, што на тым ходніку, які б ён ні быў, няможна ставараць перашкодаў для руху мінакоў, колькі б іх ні было.

Так што не забывайся дома запаску, ключы і тры базавыя бяз рэшты.

А то яшчэ раптам сьняжок пацярушыць ці галалёд акажацца, а аплаціць сваё незаконнае знаходжаньне ў згаданых умовах надвор’я ня будзе чым.

Нізкі паклон беларускім чыноўнікам за чарговыя дзейсныя крокі па папулярызацыі здаровага і экалягічнага віду транспарту.

2 comments:

  1. Дык не спыняцца, чаго прасьцей?

    ReplyDelete
  2. "Дык вось жа ня лішнім будзе прыгадаць, што кожны выезд з двара на праезную частку разглядаецца як месца, якое раварыст мусіць пераходзіць пешшу"

    -

    Я, например, на свете лучшей книгой
    Считаю кодекс уголовный наш.
    [...]
    Открою кодекс на любой странице,
    И не могу, читаю до конца.

    ReplyDelete