Mar 22, 2010

Раварысцкі разьдзел ПДР з афіцыйнымі камэнтарамі

Абнавіў Правілы дарожнага руху для раварыстаў афіцыйнымі камэнтарамі да раварысцкага разьдзелу, знойдзенымі на stop-gai.by. Не забыўся ўставіць свае 5 капеек.

З самага цікавага — на пераходах павінна быць хуткасьць, як у пешаходаў, вось і прапісалі сьпешвацца. Вось жа, на мой погляд, калі ехаць на сьвятлафоры з хуткасьцю пешаходаў, то дух правілаў не парушаецца і ганяць за гэта няслушна. Ну і яшчэ, хоць у гэта цяжка паверыць, выглядае, уначы можна расьсякаць безь сьвятла дзе заўгодна, абы не на праезнай частцы. Я «ў шосе».


148. Рух на ровары мусіць ажыцьцяўляцца па роварнай дарожцы, а пры ейнай адсутнасьці — па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы, без чыненьня перашкод для бясьпечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасьці згаданых элемэнтаў дарогі ці немагчымасьці руху па іх дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 мэтар ад яе правага краю. Пры гэтым:
[з роварнымі дарожкамі — усё проста, назіраецца поўная іх адсутнасьць; узбочына — гэта не абавязкова рыхлы пясок і гразішча каля дарогі, гэта кавалак асфальту збоку, аддзелены суцэльнай лініяй; ровар на ходніку сам па сабе перашкода для бясьпечнага руху пешахода, што ўнемагчымлівае рух па ім, да таго ж за ходнікамі глядзяць шчэ горш як за дарогамі: яміны, правалы, незачыненыя люкі — звычайная справа, ну і бардзюры... хай бы які даішнік патлумачыў, як магчыма рухацца па бардзюрах у 15-30 см вышынёй, а заадно прадэманстраваў гэта на сваім уласным аўтамабілі; пачаткоўцам, што праўда, адразу на вялікія дарогі і тлумныя ходнікі выяжджаць ня варта; нарэшце, на дарозе няма чаго рабіць бяз шлему і спраўнага сьветлавога рыштунку ўцемначы, ну і бязь веданьня правілаў, ясны перац]

Афіцыйны камэнтар: Ровар па савіх хуткасных якасьцях можна аднесьці да ліку ціхаходных транспартных сродкаў, аднак ровар не трапляе пад панятак «ціхаходны транспартны сродак», які выкарыстоўваецца ў Правілах. Дзеля сваёй ціхаходнасьці і адносна невысокой манэўранасьці ровар на дарозе ўяўляе сабой такую ж перашкоду для транспартных сродкаў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху, як і пешаход. З гэтай прычыны Правілы прадугледжваюць рух ровараў па роварнай дарожцы, пешаходнай дарожцы, а пры іх адсутнасьці — па ўзбочыне. Пры гэтым мяркуецца, што стан узбочыны мусіць быць прыдатным для руху на ровары.

[Ладна, хай ціхаходны, але наконт нізкай манэўранасьці — гэта, па-мойму, паклёп =)]

У Правілах не сказана, па якой узбочыне (правай ці левай) мусіць рухацца раварыст. Раварыст можа рухацца па любой узбочыне, калі маршрут ягонага руху не прадугледжвае выезду на праезную частку дарогі.
Пры дастатковай шырыні ўзбочыны магчымы сустрэчны рух раварыстаў па ёй. Пры сустрэчным разьезьдзе між сабой раварысты мусяць кіравацца патрабаваньнямі пункта 3 Правілаў, пры гэтым выезд ровара на праезную частку дарогі недапушчальны.

Раварыст можа рухацца па ўзбочыне да скрыжаваньня насустрач транспартным сродкам, якія рухаюцца па праезнай частцы дарогі гэтага кірунку. На скрыжаваньні раварыст мусіць саступіць дарогу транспартным сродкам, што паварочваюць, кіроўцы якіх кіруюцца пунктам 100 Правілаў. Для захаваньня прыярытэту ў руху ў такой сытуацыі раварысту можа быць рэкамэндавана сысьці з ровара (сьпешыцца) і перайсьці на скрыжаваньні праезную частку перасякальнага кірунку па лініі ўзбочыны.

[То бо раварысту можна ехаць, прапусьціўшы машыны, або ісьці з роварам, не прапускаючы.]

Пры адсутнасьці ўзбочыны ці ейнай непрыдатнасьці для руху на ровары раварыст мусіць рухацца па ходніку ці пешаходнай дарожцы. Пры руху па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы раварыстам ня мусіць ставарацца перашкода для бясьпечнага руху пешаходаў.

Рух раварыстаў па праезнай частцы неабходна разглядаць як выключны выпадак, які паўстае пры адсутнасьці роварнай ці пешаходнай дарожкі, ходніка ці ўзбочыны ці немагчымасьці руху па ім.
Толькі пры пералічаных вышэй умовах дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы ў адзін шэраг не далей за 1 м ад ейнага правага краю ў спадарожным кірунку.

[Цуду не адбылося, што такое «немагчымасьць руху», так і застаецца незразумелым. Адно што дадалося яшчэ лірыкі: «непрыдатнасьць», «выключны выпадак»]


148.1. выезд далей за 1 мэтар ад правага краю праезнай часткі дарогі дапускаецца адно для аб’езду перашкодаў і ў дазволеных выпадках для павароту налева ці развароту;
[у горадзе заўсёдныя перашкоды — сьцёкавыя рашоткі, не нарадзілася ў Беларусі яшчэ дарожніка, які б вынайшаў, як іх класьці ўпоравень з дарогай, а ў іншых мы, як вядома, не пазычаем; на незнаёмых вуліцах пацемначы лепш ехаць з тым разьлікам, каб не трапляць на рашоткі зусім, нярэдка яны дрэнна замацаваныя, або іх проста няма, або пруты завараныя ўздоўж; не забывайся таксама папярэджваць пра манэўры жэстамі рук]

Афіцыйны камэнтар: 1. Выезд раварыста далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі для аб’езду перашкоды дапушчальны, калі няма іншай магчымасьці аб’ехаць яе альбо сьпешыцца й абысьці перашкоду справа.

[Па-праўдзе, ідэя сьпешвацца на праезнай частцы ці шукаць «свайго» аб’езду нейкай перашкоды падаецца мне не зусім адпаведнай духу «забесьпячэньня бясьпекі» раварыста]

2. Патрабаваньне падпункта 148.1 пункта 148 Правілаў у гэтай частцы распаўсюджваецца толькі на выпадкі руху па дарогах, якія маюць ня больш за адну паласу для руху ў дадзеным кірунку, і якія ня маюць трамвайнай каляіны пасярод дарогі.

На дарогі ў жылой і пешаходнай зоне, абгароджанай тэрыторыі лецішчаў і на іншых закрытых тэрыторыях, на якіх можа адбывацца рух раварыстаў, патрабаваньні падпункта 148.1 пункта 148 не распаўсюджваюцца.

[увогуле пасыл нашых правілаў такі, што раварыстам па горадзе найспакайней перамяшчацца па дварах =)]

148.2. калёны раварыстаў пры руху па праезнай частцы дарогі мусяць быць падзеленыя на групы ня больш як па 10 раварыстаў. Адлегласьць паміж групамі мусіць складаць ня менш за 100 мэтраў;

Афіцыйны камэнтар: Калёнай раварыстаў належыць лічыць групу з двух і болей раварыстаў, якая можа быць як арганізаванай, так і неарганізаванай. Правіламі падрабязна не рэглямэнтуецца іх рух, аднак зыходзячы з агульных падыходаў да рашэньня аналягічных пытаньняў з пункту гледжаньня бясьпекі дарожнага руху можна рэкамэндаваць рух арганізаванай калёны раварыстаў у суправаджэньні транспартнага сродку з запаленым блізкім сьвятлом фараў толькі па крайняй правай паласе праезнай часткі дарогі групамі ня больш як па 10 раварыстаў, ня больш як у два шэрагі.

Раварысты, якія едуць па дарозе, якая мае па адной паласе руху ў кожным кірунку, мусяць рухацца ў адзін шэраг адзін за адным не далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі, калі яны не суправаджаюцца транспартным сродкам апэратыўнага прызначэньня з запаленым праблісковым маячком сіняга ці чырвонага сьвятла.

Пры руху ў неарганізаванай калёне раварысты мусяць рухацца ў адзін шэраг адзін за адным не далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі. На раварыстаў, якія рухаюцца ў неарганізаванай калёне, у поўнай меры распаўсюджваюцца патрабаваньні Правілаў, як і для аднаго раварыста.

Патрабаваньне пра падзел калёны па 10 раварыстаў зьвязанае зь неабходнасьцю забесьпячэньня бясьпекі дарожнага руху пры яе апярэджваньні ці абгоне больш хуткаходнымі транспартнымі сродкамі.

Пры выкананьні абгону калёны раварыстаў у фазе руху па сустрэчнай паласе кіроўца транспартнага сродку мае магчымасьць вярнуцца на сваю паласу ў «зазор» даўжынёй ня менш за 100 м між групамі раварыстаў пры зьяўленьні сустрэчнага транспартнага сродка.

На раварыстаў, якія рухаюцца ў складзе калёны, тэрмін «транспартная калёна» не распаўсюджваецца.

148.3. пры наяўнасьці на праезнай частцы дарогі лініі гарызантальнай дарожнай разьметкі 1.2, якая абазначае ейны край, гэтая лінія мусіць знаходзіцца зьлева ад раварыста.
[праблема толькі ў тым, што лінію гэтую нярэдка малююць устыч да бардзюраў, ці да ўзбочыны, там, дзе самы раструшчаны асфальт; пільнуйся гэтага правіла, пакуль гэта бясьпечна]

Афіцыйны камэнтар: Патрабаваньне падпункта 148.3 пункта 148 Правілаў скіраванае на гарантаваньне бясьпекі раварыста і не распаўсюджваецца на: адзначаныя такім чынам веладарожкі, якія сумешчаныя (мяжуюць) з праезнай часткай дарогі; участкі, дзе шырыня ўзбочыны за лініяй гарызантальнай дарожнай разьметкі 1.2 дастатковая для сустрэчнага разьезду раварыстаў.

149. Падчас руху па дарозе ў цёмны час сутак і (ці) пры яе недастатковай бачнасьці на ровары ... мусяць быць запаленыя: сьпераду — фара (ліхтар) зь белым сьвятлом, ззаду — ліхтар з чырвоным сьвятлом.
[гэта найчасьцей парушанае правіла, да раварысцкага сораму; ліхтары тыя каштуюць капейкі; заўваж, што сьвятло варта запальваць нават калі едзеш па ходніку ці веладарожцы, хаця...]

Афіцыйны камэнтар: У пункце 149 Правілаў панятак «рух па дарозе... на ровары» азначае рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 м ад ейнага правага краю (пункт 148 правілаў)...

[пачакайце-пачакайце, гэта ж што значыць? што на ходніку, веладарожцы і дзе ўздумаецца, абы не на ПЧ, ноччу афіцыйна можна езьдзіць безь сьвятла?! чыя сьветлая галава гэта прыдумала?]

Падчас руху ў цёмны час сутак і ва ўмовах недастатковай бачнасьці дарогі абавязковая наяўнасьць сьпераду ровара... фары (ліхтара), які выпраменьвае белае сьвятло, а ззаду — ліхтара, які выпраменьвае чырвонае сьвятло. Пры іх адсутнасьці ці няспраўнасьці раварыст... ва ўмовах, калі бачнасьць дарогі ў кірунку руху становіцца меншай за 300 м ці з надыходам цёмнай часіны сутак, мусіць сысьці з ровара... і весьці яго побач з сабой. З гэтага моманту раварыст мусіць кіравацца патрабаваньнямі пункта 19 Правілаў.

150. Па-за скрыжаваньнямі на нерэгуляваным скрыжаваньні роварнай дарожкі з дарогай раварыст абавязаны даць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па гэтай дарозе.
[бязграматная фармулёўка: веладарожка — гэта таксама дарога]

Афіцыйны камэнтар: Перасячэньне роварнай дарожкі з дарогай ня ёсьць скрыжаваньнем. Арганізацыя дарожнага руху ўсіх яго ўдзельнікаў заснаваная на прыярытэтах, зацьверджаных Правіламі. На нерэгуляваным скрыжаваньні роварнай дарожкі з дарогай прыярытэт у руху даецца транспартным сродкам, якія рухаюцца па дарозе. Значыць, раварыст, які рухаецца па роварнай дарожцы, у месцы перасячэньня роварнай дарожкі з дарогай ня мае перавагі й мусіць саступіць права пазачарговага руху раварысту, які рухаецца па дарозе.

151. Пры перасячэньні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе раварыст мусіць весьці ровар побач з сабой і кіравацца вымогамі, прадугледжанымі гэтымі Правіламі для пешаходаў.
[вось і сутнасьць: па дарогах ня едзь — едзь па ходніку, а як ходнік выходзіць на скрыжаваньне — ня едзь, а ідзі ты... калі б я езьдзіў па ходніках ды пераходзіў пераходы, па дарозе да працы за 12 км я мусіў бы саскокваць, крочыць і заскокваць на ровар 30 разоў; у краінах, дзе дбаюць пра зручнасьць ды здаровы лад жыцьця, раварыстам нават адмысловыя поручні на сьвятлафорах чапляюць, каб ім зь сядла не ўставаць, а пераходы проста падзеленыя на раварысцкія і пешаходныя зоны; калі ты раптам вырашыш, што раварысты на тое і раварысты, каб не хадзіць пешшу, трымайся на пераходзе хуткасьці людзей, будзь прадказальны для кіроўцаў]

Афіцыйны камэнтар: Патрабаваньне пункта 151 Правілаў прадыктаванае меркаваньнямі забесьпячэньня бясьпекі, у прыватнасьці, раварыстаў. Большая хуткасьць руху раварыста (падчас язды) у параўнаньні зь пешаходам дазваляе яму зьявіцца на пешаходным пераходзе ў вельмі кароткі прамежак часу. Патрабаваньне весьці ровар побач з сабой дае магчымасьць кіроўцу транспартнага сродку разглядаць ровар як пешахода і мець большы запас часу на ацэнку дарожна-транспартнай сытуацыі, якая складаецца.

[Як бачна, сэнс у хуткасьці. Дык чаму ж было не напісаць «з хуткасьцю пешахода»? Таму паводле духу правілаў атрымліваецца, што весьці ровар на зялёнае сьвятло па пераходах, на якія няма аданчасовага дазволенага павароту аўтамабіляў, а таксама забарона на пераезд рэгуляванага пешаходнага пераходу з адной хуткасьцю зь людзьмі абумоўлена толькі тым, што аўтары тэксту Правілаў не далі рады знайсьці правільнай фармулёўкі].

1 comment:

  1. Правілы-правілы, правілы-#уявілы, што нам з тых правілаў, калі па велабану рассякаюць жжыпы і не толькі (учора ў Вяснянцы не раз бачыў, яму западло выехаць на аўтадарогу ў найбліжэйшым месцы, ён па#уярыў па веладарожцы далёка, бо яна пустая, прыемна ехаць, а рэдкія роварысты і мамы з каляскамі пайдуць на#уй. Ну і г. д. наконт паркоўкі на тратуарах і язды па пешаходных дарожках.

    Ёсць права, а ёсць і правапрымяненне...

    ReplyDelete