Apr 6, 2010

Галоўная санітарная лекарка — за ровары

У гарадах Беларусі неабходныя праграмы па разьвіцьці карыстаньня роварамі. Пра гэта заявіла намесьніца міністра аховы здароўя, галоўная дзяржаўная санітарная лекарка Валянціна Качан 5 красавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Паводле яе, такія дакумэнты мусяць прадугледжваць паступовае пашырэньне карыстаньня роварамі ў гарадах да таго ўзроўню, які адзначаецца ў краінах Эўразьвязу, дзе створаныя ўмовы для перасоўваньня раварыстаў і захоўваньня ровараў.

«Я думаю, што рана ці позна мы прыйдзем да таго, што гараджане будуць адмаўляцца ад аўтатранспарту й будуць выкарыстоўваць ровары», — сказала намесьніца міністра.

Яна адзначыла, што сёньня найвялікшай праблемай для Менску й іншых вялікіх гарадоў ёсьць інтэнсіўны рух аўтатранспарту й ягоная паркоўка. Беларусь займае між краінамі СНД першае месца па колькасьці аўтамабіляў на аднаго жыхара.

Качан падкрэсьліла, што захады, якія робяцца ў Менску, па будаўніцтве падземных парковак і паркінгаў, загарадных стаянак сёньня недастатковыя.

Намесьніца міністра лічыць, што пашырэньне выкарыстаньня ровараў здатнае палепшыць сытуацыю. «Тым больш што ў нас ёсьць свой роварны завод, які выпускае ровары добрай якасьці», — адцеміла яна.

На думку Качан, для актыўнага выкарыстаньня ровараў неабходна стварыць умовы: вылучаць для іх асобныя палосы руху, ствараць веладарожкі ў тых месцах, якія былі б найменш забруджаныя выхлапнымі газамі. Гэтак ня толькі вырашацца праблемы аўтатранспарту й павысіцца ўзровень фізычнай актыўнасьці грамадзян, але й будзе бясьпечна, паведамляе tut.by з спасылкай на БелаПАН.

No comments:

Post a Comment