May 17, 2010

Уся праўда пра раварыстаў

Раварыст — значыць Злосны Безадказны Парушальнік. Каб тры словы не гаварыць, прыдумалі адно — раварыст.

Вось сеў раварыст на ровар, паехаў па ходніку. Горад вялікі, пешаходаў шмат, пешаходам некамфортна. Пешаход фыркае, лаецца, абураецца. А ўначы запаліць раварыст фару, дык пешаход скардзіцца, што яму вочы сьлепіць, бо й праўда, цемра на тых ходніках, а ўсе ліхтары на машынную дарогу завернутыя. Едзе і замінае раварыст рухацца спакойна пешаходам па спрадвеку іхным ходніку. А нельга ж па правілах замінаць-та. Спэцыяльна напісана.

Падумае раварыст, паслухаецца пешаходаў, вырашыць, што няма ўжо сілаў пужаць сабой мінакоў, выхаваньне не дазваляе і фізычныя кандыцыі, асабліва надвячоркам, уварочвацца ад п’яных кампаній, сабак з даўгімі павадкамі і малымі без павадкоў, якія радасна спазнаюць сьвет ва ўсіх кірунках, — ну ніякай магчымасьці. Выедзе на дарогу. На 1 м ад краю, як у правілах напісана. Але і тут парушае. Бо не раварысту вырашаць, магчыма яму ці немагчыма, а таварышам аўтамабілістам, у якіх правы і праўда шырэйшая, во хто й бібікне, хто падрэжа, а тады й даішнік спыніць, штраф дасьць, бо лічыць, што па ходніках з бардзюрамі і пешаходамі езьдзіць магчыма, хоць ён на сваёй машыне ні разу не спрабаваў.

А тут раптам аказваецца, што і выезды з двароў аўтамабілісты лічаць дарогай, перад якой раварыст мусіць зьлезьці, пакланіцца да зямлі, і тады ўзяць ровар пад ручку і перакаціць яго нясьпешліва. А выездаў гэтых, калі скрыжаваньні не лічыць, столькі, што пахадзіць раварысту па часе выйдзе ці ня столькі сама, колькі ехаць. І нават калі пачне раварыст злазіць, як пешаход тут як тут: ты мне, кажа, нагой у вуха заехаў, дык яно цяпер брудна-чырвонае і ня чуе, дык зара, кажа, я зь цябе якую аэрадынамічную форму ўтвару, капытастая ты скаціна.

А ёсьць такія, якія сабе шыпаваныя пакрышкі ставяць і езьдзяць пад сьнегам, што зусім парушэньне нечуванае, надругацельства папросту. Такіх трэба асобна за сьнег, асобна за пакрышкі штрафаваць.

Таму раварыст дзе б ні ехаў, усё адно парушае, калі не ідзе. Пешаходам замінае, аўтамабілістаў раздражняе, а шчэ чаго хуткасны рэжым у 20км/г перавысіць. Таму можна любога сярод ночы падымаць з ложку і выпісваць штраф з заробку аж да пэнсіі, бо безадказны чалавек — ведае, што ўсім замінае, а ўсё адно маячыць.

2 comments:

  1. Сьвет несправядлівы, ёлы. Раверыст сам абраў свой шлях. Цяпер няхай ці пандусы выбівае, ці веладарожкі, ці права ездзіць побач з ганзалесамі на БМВ "тройках". Ці сам непакоіцца пра сваю бясьпеку, як гэта робяць (з розным посьпехам) іншыя удзельнікі дарожнага руху, а не патрабуе гэта ад навакольных.

    ReplyDelete
  2. Зара ён разгоніцца непакоіцца, ён жа Злосны Безадказны Парушальнік. А калі раварысту шчэ дазволіць сабе свой шлях абіраць, ён жа адразу на разьдзяляльную паласу праспэкта Пераможцаў Скарыны выпрацца, скажа, што гэта такая веладарожка, міні-фармат.

    А пра бясьпеку раварыста клапоцяцца толькі аўтамабілісты і даішнікі, бо раварыст, ён жа без глуздоў зусім, ён таго і глядзі наравіць які дваравы выезд пераехаць ці шчэ горш пераход са сьветлафорам. Там, пакуль ён ташніць, маглі б тры машыны незаўважна прасачыцца, а так во стой прапускай. Думае, дурында, што гэта бясьпечна, не разумее, што машына — гэта ж сродак павышанай небясьпекі, як пабачыш яе дзе на даляглядзе, трэба тут жа на дрэва караскацца.
    І балазе яшчэ, што ў нас дзяржава гуманная, у суседніх во азіёпах усіх гэных раварыстаў на праезную частку выперлі і на ходнікі не пушчаюць. Гэта каб ґанзалесы іх паперадавілі ўсіх, а то псуюць аблічча сталіц горш за якія тралейбусы.

    ReplyDelete