Jul 13, 2010

555 веласантымэтраў у дзень

Раённым адміністрацыям цягам тыдня трэба прапрацаваць прапановы па далейшым разьвіцьці велатрасаў у Менску. Такое даручэньне даў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька на апэратыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.

У сярэднім у кожным адміністрацыйным раёне трэба працягнуць сетку веладарожак на пяць кілямэтраў. Тэрмін выкананьня задачы — канец 2012 году. Апроч таго, падчас праектаваньня жылога раёну Шчомысьліца пры будаўніцтве транспартных разьвязак трэба прадугледзець калідоры для руху раварыстаў, адзначыў Мікалай Ладуцька. Ён падкрэсьліў, што велатраса вельмі запатрабаваная ў месьцічаў.

Цяпер яна праходзіць цераз тры раёны гораду — Цэнтральны, Партызанскі і Ленінскі. Ейная працягласьць складае 27 кілямэтраў, паведамляюць «Мінск-навіны».

Няцяжка падлічыць, што тэмпы будаўніцтва велашляхоў па кожным з раёнаў маюць скласьці 555 сантымэтраў у дзень. Калі браць пад увагу, што «сетка веладарожак» у Менску — гэта расфарбаваныя ходнікі, то 900 дзён для малярных працаў, вядома, зашмат. Нават калі гаварыць пра дарожку ўзроўню славутага «велабану», тэрміны ўражваюць.

Пахвальны клопат пра жыхароў няісных яшчэ Шчомысьліцаў. Але вось будуецца разьвязка на Маякоўскага, рыхтуецца ў Чыжоўцы, цягнецца 1-е кальцо. Ці падбаюць пра раварыстаў на гэтых аб’ектах?

Арганізацыя велаінфраструктуры мусіць быць закладзена пры кожным новым будаўніцтве ці рамонце дарожнай сеткі. Тады ня трэба будзе на апэратыўных нарадах абмяркоўваць па адной разьвязцы за раз, а чыноўнікі змогуць заняцца больш карыснай працай, чым прыдумваньне за тыдзень, як бы ім за два з паловай гады накруціць 5 км асфальту па сваім раёне.

Яшчэ ў 2008 годзе ў рамках ініцыятывы «Партнэрства дзеля бясьпекі» на сайце sb.by былі апублікаваныя прапановы раварыстаў, пазітыўна ацэненыя ўдзельнікамі ініцыятывы.

У дапамогу чыноўніку:

Прапановы па веладарожках (PDF)

Прапановы па бардзюрах (PDF)

No comments:

Post a Comment