Jul 8, 2010

Правілы не пры чым

Сур’ёзны тэкст пра рух па ПЧ — Vehicular Cyclists - Cycling's Secret Sect.

І вось якія думкі пасьля прачытаньня:

Нашыя правілы не такія і кепскія. Для масавасьці раварызму, для вываду веларуху ў мэйнстрым, такі, каб выбар ровара быў больш зручны ў параўнаньні з выбарам аўто, трэба: ніякіх ПЧ, ніякіх правоў, ніякіх абавязковых шлемаў і камізэлек, ніякай велапрасунутасьці. Мінімальны стартавы набор для ўваходу ў веласупольнасьць. Гэта ўсё закладзена ў нашых наяўных правілах. Капаць трэба ня тут.

Капаць трэба ў справе рэалізацыі закладзенага.

1. Інфраструктура

1.1 Выкананне зноў жа існых, наяўных, гатовых нарматываў. Пакласці бардзюр 20 см вышынёй ці 0 см, як належыць, — каштуе тыя самыя грошы. Выдаткі — 0 р. 0 к. Дарогі з парушэннем нарматываў не павінны прымацца горадам.

1.2. Перасячэньне веладарожкі з дарогай наносіцца побач зь пераходамі. Хай там веладарожкі і няма. Выдаткі — фарба. Разьметка ў правілах ёсьць, але не выкарыстоўваецца. Ад гэтай фобіі трэба пазбаўляцца.

1.3 Ходнікі. Расфарбаваць. Даўно пара расфарбаваць праспэкт, відавочная і капеечная справа. Ямы трэба латаць. Шкло трэба прыбіраць. Не таму, што раварыстам хочацца, проста і так трэба. Без рэвалюцый. Трэба ўжо цяпер і па цяперашніх нормах.

Горад мае права выбраць, што яму выгадней — прывесьці да ладу ходнікі ці адгарадзіць раварыстам велапаласу на ПЧ з забаронай паркоўкі і заезду.

Даць людзям на працы ставіць ровары ў склеп, на стаянку, за вахцёрам, у курылцы ці дзе яшчэ, каб не баяцца. Агромністыя памяшканьні на прадпрыемствах заваленыя лухтой ці проста стаяць пустыя. Офісныя будынкі нічым ня лепшыя. На крайні выпадак можна скінуцца на такі велагараж, як у Зялёным Бары. Капейкі.

Усе нашы беды ўпіраюцца ў тое, што тэарэтычна ўсё як мае быць, толькі робіцца «пусьці — павалюся».

Але па вялікім рахунку правілы тут не пры чым. Кепска толькі, што па ідэалістычных правілах штрафуюць на рэальных дарогах. Але запісаць «наша краіна — савок, езьдзіце, маньякі, хоць пасярод дарогі, усё роўна ніколі для вас нічога нармальнага ня зробяць», — ну хто ж так напіша... ДАІ на ўсе прапановы можа сказаць «у нас ах...енныя правілы, хоць пад музыку сьпявай, а што ходнікі фіговыя, бардзюры высокія, — гэта не праблема ДАІ». Так што ДАІ трэба раскручваць на лібэралізацыю пераезду ПЧ і ўвогуле ліквідацыю сцэнару «раварыст сьпешваецца» — з дапамогай магчымасьцяў існых ПДР.

Астатняе — гэта ўжо іншыя франты. І ў адрозьненьні ад ДАІ, якое спраўна выдае нам штрафы, дасканала выконваючы свае прафэсійныя абавязкі, дарэчы, — там цьма цьмушчая.

Дорага? Велабан — гэта дорага. Каравыя масты — гэта дорага. Рабіць ляніва і няякасна, замест апэратыўна і як след — гэта дорага.

No comments:

Post a Comment