Sep 25, 2010

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Прастораўскія

Нешта ў лесе здохла (выбачайце за натуралізм).



Здарылася «тое, чаго ніколі ня будзе». «Прастор» такі паставіў веластаянкі, хоць цьвердзіў, што яны праектам не прадугледжаныя, а паркавацца вольна і крэатыўна можна на аўтастаянках, балазе тыя стаяць напалову пустыя. Але відавочны і, што ўжо тут сьціплічаць, адзіна слушны пункт погляду, які палягае ў тым, што гіпэрмаркет бяз роварнай стаянкі ні разу не гіпэрмаркет, перамог — хто б сумняваўся! А вось тое, што перамог ён так хутка, зьдзівіла і парадавала. Дзякуй тым раварыстам, хто не ленаваўся і пісаў у кнігі прапаноў, а пасьля атрымліваў адпіскі. Дзякуй прастораўцам, што пайшлі насустрач пажаданьням сваіх пакупнікоў з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй і зайздроснай жыцьцёвай зацятасьцю (я, да прыкладу, так у «Прастор» пасьля іхнай адпіскі ні разу і ня зьезьдзіў).



Што да веластаянак — нішто сабе, гэткія «колаўторквалкі-экстра»: кола захопліваецца ня толькі зьнізу, але і сьпераду. Можна злаўчыцца і прычапіцца нават U-замком.



Камэраў назіраньня заўважыў, але такіх, каб глядзелі на веластаянкі — не.
Вышэй — карціны зь веластаянкай ля шабаноўскага «Прастора» (Партызанскі, 182, далейшы ад Ротмістрава ўваход), ніжэй — адзіны магчымы ракурс стаянкі на Дзяржынскага, 104.



Гэтая стаянка месьціцца справа ад бліжэйшага да вуліцы Ясеніна ўваходу ў цёмным куце, затое зь велапарковачным знакам над ёй. Месца зацішнае. Настолькі, што поўны чорнай няўдзячнасьці велапакупнік падчас фотасэсіі запаркаваўся, як і ў ранейшыя гады, да слупа са сьцягам ля лесьвіцы. Зь іншага боку — наўзвочны прыклад, чаму веластаянкі лепей ставіць раней, чым пазьней, а лепш адразу.

Баязьліўцам дакладаю, што камэраў, скіраваных на веластаянку, там няма. Затое ўвесь час нехта з супрацоўнікаў паліць цыгаркі, з павагай паглядаючы на атрыбуты здаровага ладу жыцьця.

А што, спытаешся, чыжоўскі «Прастор»? А чыжоўскія раварысты, відаць, слаба прасілі.

No comments:

Post a Comment