Feb 18, 2010

Падарунак да новага сэзону — штрафы да 105 тысяч

Падарунак да новага веласэзону зрабілі народныя абраньнікі ды доблесныя даішнікі. Штрафы за парушэньне якога-кольвек правіла дарожнага руху раварыстам паднялі да адной-трох базавых велічынь, то бо 35-105 тысяч, вынікае з навіны на БелТА.

Такім чынам, нясьпешлівы пераезд пешаходнага пераходу або разыходжаньне з інспэктарам у поглядах наконт магчымасьцяў руху па якім-небудзь экзатычным ходніку можа каштаваць больш як 30 даляраў.

Раней для прыдзірлівых інспэктараў раварысты дзеля сьмеху вазілі ў кішэні тры-пяцьсот, а самым вялікім штрафам была палова базавай велічыні. Новыя лічбы напэўна павысяць цікавасьць да аматараў круціць пэдалі.

Дык вось жа ня лішнім будзе прыгадаць, што кожны выезд з двара на праезную частку разглядаецца як месца, якое раварыст мусіць пераходзіць пешшу, то бо як нагода спагнаньня штрафу.

З ходнікамі прасьцей — як вядома, «няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары». І памятайма, што на тым ходніку, які б ён ні быў, няможна ставараць перашкодаў для руху мінакоў, колькі б іх ні было.

Так што не забывайся дома запаску, ключы і тры базавыя бяз рэшты.

А то яшчэ раптам сьняжок пацярушыць ці галалёд акажацца, а аплаціць сваё незаконнае знаходжаньне ў згаданых умовах надвор’я ня будзе чым.

Нізкі паклон беларускім чыноўнікам за чарговыя дзейсныя крокі па папулярызацыі здаровага і экалягічнага віду транспарту.

Раварыст у змаганьні за права езьдзіць па праезнай частцы дайшоў да Вярхоўнага суду

Гарадзенскі веласіпэдыст аспрэчвае трактаваньне правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі ДАІ.

13 ліпеня мінулага году інспэктар ДАІ саставіў пратакол на Ігара Лапеху за «кіраваньне роварам па праезнай частцы пры наяўнасці побач тратуара». Веласіпэдыст палічыў такое рашэньне незаконным.

На думку сп. Лапехі, закон дае права выбіраць веласіпэдысту паміж праездам па праезнай частцы і тратуарам.

Гарадзенец паскардзіўся на дзеяньні інспэктара кіраўніцтву ДАІ, аднак тое адмовілася пераглядаць рашэньне аштрафаваць веласіпэдыста за парушэньне правілаў дарожнага руху.

На думку сп. Лапехі, гэтым самым «кіраўніцтва Гарадзенскага абласнога ўпраўлення пазбаўляе права веласіпэдыста самастойна ацэньваць умовы руху і фактычна выключае магчымасць выезду ровара на асфальтаваную праезную частку».

У пачатку лютага Ігар падаў паўторную заяву на імя начальніка УДАІ Гарадзенскага аблвыканкама з просьбай адмяніць рашэньне пра накладзены на яго штраф, а таксама зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай «расставіць усе кропкі над „і“, і кампэтэнтна патлумачыць, як правільна трактаваць палажэньне правілаў дарожнага руху, якія рэглямэнтуюць паводзіны веласіпэдыста на дарозе».

З упраўленьня ДАІ зноў прыйшла адмова ў пераглядзе рашэньня інспэктара ў дачыненьні да Ігара Лапехі.

Вярхоўны суд адказаў гарадзенцу, што разгляд такіх зваротаў не ўваходзіць у кампетэнцыю суду.

У размове з карэспандэнтам «Твайго стылю» Ігар Лапеха паведаміў, што зьбіраецца і далей змагацца за свае правы.