Jun 30, 2010

Знайдзі 10 адрозьненьняў з экспанатамі нашай сталіцы

Вытрымка з будаўнічых нормаў і правілаў «Вуліцы і дарогі гарадоў, пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў», БНБ 3.03.02 — 97.

4.5 Роварныя дарожкі

4.5.1 Роварныя дарожкі варта прадугледжваць

— на тэрыторыях жылых і прамысловых раёнаў, у парках і лесапарках;

— на магістральных вуліцах і вуліцах мясцовага значэньня катэгорый Е, Ж, якія забясьпечваюць пад’езд да гандлёвых цэнтраў, прадпрыемстваў, стадыёнаў, пляжаў, паркаў, выстаў, рынкаў, гаражоў пры інтэнсіўнасьці руху больш як 50 раварыстаў на гадзіну.

Прапускную здатнасьць адной паласы веларуху варта прымаць 300 раварыстаў на гадзіну.

4.5.2 Шырыня паласы роварнага руху і веладарожак прымаецца ў адпаведнасьці з табліцай 4.9.

Тып Шырыня, м
у вольных умовах мінімальная ў абмежаваных умовах
Паласа роварнага руху 1,5 1,0
Веладарожкі
аднабаковага руху 2,5 1,75
двухбаковага руху 3,0 2,5

4.5.3 Уздоўж магістральных дарог у паркавых зонах, лесапарках роварныя дарожкі робяцца для руху ў двух кірунках на адасобленым земляным палатне.

Пры двухбаковым руху варта прадугледжваць разьдзяляльную паласу шырынёй ня менш за 0,5 м, зробленую ў адным узроўні з праезнай часткай веладарожак.

4.5.4 Роварныя дарожкі робяцца на вуліцах, якія маюць прадольны ўхіл ня больш за 30%.

Дапускаецца прымаць прадольны ўхіл веладарожкі ад 40 да 60% на ўчастках працягласьцю ня больш за 300 і 100 м, на ўчастках большай працягласьці неабходна рабіць участкі з ухілам ня больш за 30% працягласьцю ня менш за 20 м. Папярочны ўхіл веладарожак прымаюць 15-25%.

4.5.5 Павароты веладарожак робяцца з радыюсам ня меншым за 5,0 м. На паваротах з радыюсам меншым за 5,0 м робяцца віражы згодна з табліцай 4.10. На скрыжаваньнях вуліц віражы на закругленьнях веладарожак ня робяцца.

Радыюс павароту, м Хуткасьць руху, км/г Ухіл віражу, %
5-10 10-15 30
10-20 10-15 20
20-50 10-20 15

Для часовага захоўваньня ровараў варта прадугледжваць стаянкі памерам 2×0,6 м на адзін ровар, падзеленыя стойкамі (скобамі) вышынёй 0,75 і даўжынёй 1,6 м.

Jun 29, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Кальварыйская, 3

Ля прадуктовай крамы ля выхаду з Фрунзэнскай на Кальварыйскай, 3 — новая колаўторквалка. Ня самая горшая сярод «суродзічаў». Праблема ў іншым: справа — падземны пераход, зьлева — падземны пераход. Раварысты звычайна такія зачараваныя мясьціны стараюцца аб’яжджаць. Ну але раней там увогуле не было дзе прыткнуцца.





Jun 28, 2010

Яшчэ адна велакропка на «Сьвелце»



Велапракат адкрыўся ў двары гандлёвага павільёну на рынку «Сьвелта», пад адной шыльдай з салярыем. Месца зручнае, побач велабан (нармальнага зьезду на які ўсё-такі няма). Заадно і рамантуюць.

Сайт — veloprokat.by.

Малініна, 35А.

Яшчэ на «Сьвелце» ёсьць велакрама і стаянка.

Jun 25, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Шэпічы

Узорная колаўторквалка зьявілася ля праспэкта Ракасоўскага, 35.
Ровар не вісіць, кола ўлазіць, воська не чапляецца.
Адно трывожна — кожная стойка стаіць паасобку, прыкручаная двума нітамі. Зрэшты, перакусіць тросік пры жаданьні прасцей…









Ну і бардзюры перад крамай маглі б падсыпаць, раз стаянка ўжо.

Дзякуй Аляксандру Дзешчанку за наводку.

Jun 22, 2010

Роварам няма «Bigzz»’а

(Сцэнка ў адной дзеі. Месца дзеяньня — Менск, Скрыжаваньне Лагойскага тракту і МКАД)

— А дзе ў вас можна ровары прыпаркаваць?

— Нідзе.



з.ы: Напісаў ліста

Jun 17, 2010

Лясная дарога ў горад

Колькі ж вы надыхаецеся, пакуль едзеце праз прамзону, пытаюцца раз-пораз у мяне спачувальна. І не разумеюць усьмешкі ў адказ. Якая прамзона? Вы што! Сонца, лес, карэньчыкі, пясочак, зяленіва і салаўі. Цудоўныя краявіды, вясковыя хаткі, усе віды пакрыцьця дарог. І гэта за гадзіну падарожжа да працы. Кожны дзень. Без турпуцёвак.

Ніхто ня верыць. З Ангарскай? З Шабаноў? Дык!


View Шабаны — Паўночны Пасёлак — Акадэмія навук in a larger map

Upd 2012. Лясная дарога, як на відэа ніжэй, ужо не атрымаецца. На Карвата ўтачылі новы гмах і да яго абгарадзілі стаянку для аўтамабіляў гэтатак, каб месца абысьці-аб’ехаць не засталося.

На мапе — актуальны і ня менш атракцыйны варыянт лясной дарогі ў горад.

Jun 14, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Унівэрмаг «Беларусь»

З боку вуліцы Жылуновіча ля ўнівэрмагу «Беларусь» зьявілася канструкцыя, па шэрагу прыкметаў з улікам мясцовых асаблівасьцяў падобная да веластаянкі.

Яна ўкручаная ў плітку, і хоць на выгляд нагадвае палову даху якога-небудзь павільёна, нешта з-пад яе прадаць цяпер ужо праблематычна. Так што трэба глядзець у вочы праўдзе, якой бы страшнай яна ні была.

Гэта — веластаянка.

Рэальна Вялікая Веластаянка.

Яе, мабыць, рабіў чалавек, які ні разу ў жыцьці ня меў ровара. Уяві, яму хутка на пэнсію, а ён так і не навучыўся катацца. Гэта ягоная Рэальна Вялікая Мара, якую можна ўтачыць у гэтую фіговіну, і яна нават воськай не кранецца. Звычайны ж ровар у гэтай РВВ утопіцца й падрапае фарбу аб квадратныя пруты.

Можна паспрабаваць ставіць задам у шырэйшыя дзіркі, а там на падстаўку ды замком абхапіць. Карацей, як фантазія падкажа.

Думаю, супрацоўнікі райвыканкаму, што праз дарогу, ідучы ў абед падзакупіцца, з замілаваньнем глядзяць на тое, якія Сапраўды Вялікія Рэчы робяцца для раварыстаў у Заводзкім раёне нашай сталіцы.







Jun 9, 2010

Роварам няма «Прастора»

(Сцэнка ў адной дзеі. Месца дзеяньня — Менск, Партызанскі праспэкт, 182)

— Добры дзень! Ці далёка вашая кніжка прапановаў? Хачу вам веластаянку прапанаваць.

— А ў нас ужо ёсьць!

— Веластаянка?

— Прапановы!

— І як веластаянка?

— Ня будзе!

— Чаму?

— Гэта вельмі дорага.

— Мэталічныя слупы ўкапаць?

— Вы ведаеце, колькі трэба ўзгадненьняў? Гэта вялікія грошы — зацьверджаны праект памяняць!

— Гэта ж не гіпэрмаркет перабудаваць, гэта паставіць маленькую металічную канструкцыю.

— Вось нават у кватэры пляніроўку памяняць — на мільён узгадненьняў! А гэта ж гіпэрмаркет...

— Ну але ж вось «Гіпа» і «Карона» неяк паставілі.

— Ня ведаю. Тут жа яшчэ разьвязка не дабудаваная нармальна.

— ?

— Будуць рабіць разьвязку на Партызанскі.

— І як гэта зьвязана зь веластаянкай?

— Ну ня ведаю.

— Але ўсё ж давайце я вам прапаную.

— Калі ласка. Але не разумею, навошта прапаноўваць тое, чаго ніколі ня будзе. Вось паглядзіце, у нас ужо адказ гатовы. Вам такі самы прыйдзе.

(Працягвае паперку)

— Выдатна, будзе свой, адсканірую, у інтэрнэт павешу.

— Няўжо часу не шкада?

— Я сьцісла.

Jun 7, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Цнянская

Дарожка гэтая пачынаецца ад лесьвіцы ля вуліцы Мірашнічэнкі і троху не даяжджае да Цнянскага вадасховішча. Затое з абодвух канцоў зробленыя разваротныя кольцы, каб больш камфортна было езьдзіць зьніадкуды ўніадкуль. Якасьць асфальту і разьметка практычна велабанныя. Роўненька паралельна дарожцы стаіць знак, паводле якога па дарожцы могуць хадзіць і пешаходы. Праўда, на самой дарожцы не пазначана, дзе і на якой паласе. Так што ходзяць і езьдзяць усе дзе заманецца.






Злазь, прыехалі!


View Праваднік па менскіх веладарожках in a larger map

Jun 6, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. ГУМ

Відавочнае неверагоднае! Веластаянка ля ГУМа! Дзе з усіх парковачных магчымасьцяў дагэтуль — маладыя саджанцы і прыпынак соткі. Здорава, хоць стаянка, па-шчырасьці, трывожная. Па-першае, яна да канца не прыкручаная. Ня ведаю, у чым задума, але калі бачыш недакручаныя шрубы, так і хочацца ўзяць ды паторгаць. Па-другое, колаўторквалка неяк нягжэчна хапае кола. Пасьля бяскрыўднай з выгляду велабаннай стаянкі, якая сагнула мне кола, колаўторквалкі, якія трымаюць ровар за кошт нацяжэньня сьпіцаў, мяне насьцярожваюць. Па-трэцяе, большасьць велапазыцый у крузе не назавеш зручнымі. З аднаго боку выезд з двара. Не, ровар яго не закрывае, але ўпрытык. З другога боку ровар становіцца ўпоперак дарогі пешаходам. А пешаходы ў цэнтры нашай сталіцы дужа размаітыя. Стаянка, як ля «Мабільнага гораду», глядзелася б менш манумэнтальна, але больш дарэчна для праспэкта.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. «Сьвіслач», Якубава, 58

Веледарожкі прыцягваюць веластаянкі. У дадатак да «Сьвелты» зьявілася веластаянка ля ўнівэрсаму «Сьвіслач» — ну тым проста доктар прапісаў, столькі сасьмяглых галодных раварыстаў праносяцца міма. Кола ўторкваецца, ровар трошку боўтаецца. Пандус — справа, можна заехаць. Каб астатнім крыўдна не было, разам з роварнай зрабілі «стаянку» сабачую, нават значкі павесілі. А ўсё роўна сабак прывязваюць да ручак. Калі ў заплечніку U-замок, ровары таксама зручней прывязваць да агароджы. А, і яшчэ вісіць камэра назіраньня, што, вядома, цешыць. Першаадкрывальнік — alex_radko.









Сьнежань 2010: стаянка зьнікла

Jun 3, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Рынак «Сьвелта»

Самая каляровая стаянка зьявілася на рынку «Сьвелта» ў Серабранцы. На тэрыторыі, а не пад плотам. Стандартная колаўторквалка суправаджаецца парэнчынамі, на якія можна абаперці раму. Парэнча ўтварае трохкутнік, туды можна ўдзець дадатковы замок, бо асноўны я б не ўдзяваў — перамычка выглядае ня дужа надзейнай.

Хоць захоп кола большы, чым на велабанаўскіх колазьнішчальных стаянках, крайняя дзірка без парэнчыны, месца тлумнае, хто зачэпіць — і вось табе тэарэтычная васьмёрка.








Каб два разы не ўставаць — побач зь веластаянкай адчынілася роварня з «Longus»’амі ды іншымі бюджэтнымі цапстрыкамі.