Sep 25, 2010

Веладарожкі па ўсёй краіне

Міністэрства спорту і турызму шукае інвэстара для стварэньня сеткі веладарожак па ўсёй Беларусі.

Пра гэта паведаміў намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга 24 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, піша TUT.BY з спасылкай на БелаПАН.

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Купрэвіча, 1/3

Шчасьце ёсьць!



У Менску знойдзеная першая эталонная веластаянка. Нават у іржавым стане яна ня можа ня выклікаць скупую сьлязу раварысцкага замілаваньня.



Сюды трэба вадзіць экскурсіі арганізаваных груп чыноўнікаў і высокія замежныя дэлегацыі. На жаль, краіна ня можа сабе дазволіць другой такой раскошы. Яна надзейна ўкапаная ў зямлю, бо іначай, несумненна, паднялася б у неба і паляцела на Марс, амэрыканцам на зайздрасьць. Бо і прыляцела яна адтуль па сакрэтнай праграме абмену. Адкуль жа яшчэ ёй тут узяцца…

Кароткі праваднік па Менскіх веластаянках. Прастораўскія

Нешта ў лесе здохла (выбачайце за натуралізм).



Здарылася «тое, чаго ніколі ня будзе». «Прастор» такі паставіў веластаянкі, хоць цьвердзіў, што яны праектам не прадугледжаныя, а паркавацца вольна і крэатыўна можна на аўтастаянках, балазе тыя стаяць напалову пустыя. Але відавочны і, што ўжо тут сьціплічаць, адзіна слушны пункт погляду, які палягае ў тым, што гіпэрмаркет бяз роварнай стаянкі ні разу не гіпэрмаркет, перамог — хто б сумняваўся! А вось тое, што перамог ён так хутка, зьдзівіла і парадавала. Дзякуй тым раварыстам, хто не ленаваўся і пісаў у кнігі прапаноў, а пасьля атрымліваў адпіскі. Дзякуй прастораўцам, што пайшлі насустрач пажаданьням сваіх пакупнікоў з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй і зайздроснай жыцьцёвай зацятасьцю (я, да прыкладу, так у «Прастор» пасьля іхнай адпіскі ні разу і ня зьезьдзіў).



Што да веластаянак — нішто сабе, гэткія «колаўторквалкі-экстра»: кола захопліваецца ня толькі зьнізу, але і сьпераду. Можна злаўчыцца і прычапіцца нават U-замком.



Камэраў назіраньня заўважыў, але такіх, каб глядзелі на веластаянкі — не.
Вышэй — карціны зь веластаянкай ля шабаноўскага «Прастора» (Партызанскі, 182, далейшы ад Ротмістрава ўваход), ніжэй — адзіны магчымы ракурс стаянкі на Дзяржынскага, 104.



Гэтая стаянка месьціцца справа ад бліжэйшага да вуліцы Ясеніна ўваходу ў цёмным куце, затое зь велапарковачным знакам над ёй. Месца зацішнае. Настолькі, што поўны чорнай няўдзячнасьці велапакупнік падчас фотасэсіі запаркаваўся, як і ў ранейшыя гады, да слупа са сьцягам ля лесьвіцы. Зь іншага боку — наўзвочны прыклад, чаму веластаянкі лепей ставіць раней, чым пазьней, а лепш адразу.

Баязьліўцам дакладаю, што камэраў, скіраваных на веластаянку, там няма. Затое ўвесь час нехта з супрацоўнікаў паліць цыгаркі, з павагай паглядаючы на атрыбуты здаровага ладу жыцьця.

А што, спытаешся, чыжоўскі «Прастор»? А чыжоўскія раварысты, відаць, слаба прасілі.

Sep 20, 2010

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. IBB

Веластаянка ля IBB-цэнтру — сама прыгажосьць: акуратная, стылёвая, гладкая, бачная і з вуліцы, і з будынку.



Вось толькі расстройства — ровар вісіць! Вісіць, нягоднік, на сьпіцах, псуе настрой і прыгажосьць. Так што useless. Калі толькі збоку ад уторквалак прычапляцца…



Праспэкт Газэты «Правда», 11.
Дзякуй lazy за наводкі.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Роварня «Райдэр»



Вуліца Чарвякова, 3.
Ля крамы спорттавараў «Райдэр».
Стаянка недапрыкручаная і гайдаецца, а яшчэ дужа малая вышыня захопу кола, калі хто зачэпіць ровар — сьмерць обаду.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. БДАТУ

Праспэкт Незалежнасьці, 99/2. Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт.
Ля корпусу ў двары — дзьве стаянкі «аграгарадоцкай» канструкцыі з кожнага боку параднага ўваходу. Пруты закругленыя там, дзе неабавязкова, і простакутныя там, дзе труцца аб раму. Сьпераду на зямлі — планка невядомага прызначэньня.


Месца зводдаль ад праспэкту і выпадковых вачэй, да таго ж выдатна праглядаецца з вокнаў, што  рэзка ўздымае рэйтынг стаянкі да ўзроўню практычна ідэальнага.

У  БДАТУ можна сьмела езьдзіць на ровары.

Двайнік стаянкі — праз двор.