Oct 25, 2011

Велапераезды на Незалежнасьці

На праспэкце Незалежнасьці зьявіліся велапераезды!

Пераяжджаць, ня сьпешваючыся, можна цяпер пераходы зь сьвятлафорамі ад вуліцы Янкі Купалы да вуліцы Дарашэвіча па няцотным баку, ад Акадэмічнай да вуліцы Калініна па абодвух баках, ад Макаёнка да Філімонава па цотным баку. Ля Дарашэвіча і Калініна можна ня злазячы з ровара легальна пераехаць праспэкт. Бяз роварных пераездаў засталіся вуліца Кісялёва і Броўкі, завулак Кузьмы Чорнага і выезд з Чырвонай вуліцы ля мастацкай галерэі.



Кароткі спойлер

0:18 Велапераезд упіраецца ў слуп з нацягнутым ланцугом.
0:37 Фарбавальнікі пераблыталі арыентацыю трохкутніка, давялося адфарбоўваць назад.
1:16 Стрэлка рэкамэндауе ўразацца ў сьметніцу.
1:35 Цераз праезд да Камуністычнай і Кісялёва велапаласы няма.
2:20 На выезьдзе зь Якуба Коласа ля мастацкай галерэі велапаласы няма.
2:25 Праехаў за сьпіной ДПСьніка =)
2:47 Завышаны бардзюр і вадасьцёкавая рашотка на велапераезьдзе.
2:56 Усе, усе! ідуць па велапераезьдзе і ня думаюць збочваць + чарговы высокі бардзюр.
4:14 Рашотка + бардзюр-велікан, і рука ня дрогнула намаляваць велапаласу. Ідыятызм вышэйшай пробы.
4:30 Завулак Кузьмы Чорнага таксама безь велапераезду.
4:45 На вуліцы Калініна велапераезд мяняе арыетацыю і накрэсьлены з дальняга ад скрыжаваньня боку. Хоць акурат тут яго варта было зрабіць бліжэй да восі праспэкту, каб раварыстам не рабіць лішніх зігзагаў на вузкім ходніку вуліцы Калінна.
7:00 А класны МАЗ, праўда?
7:25 Гістарычны момант стварэньня менскай велаінфрастуктуры.
9:20 Дзеці на чырвонае дужа добра ўпісаліся ў сюжэт =)

Oct 19, 2011

КПпМ веластаянках. Талбухіна, 12А

Колаўторквалка ля крамы «Турыст. Тавары для спорту і турызму». Карыстацца можна. З заходам сонца пагружаецца ў поўную цямрэчу.

Усе менскія веластаянкі



Ідэнтычная стаіць ля «Спорттавараў» на Якуба Коласа, 30. Сувязь між імі такая, што на Талбухіна — крама № 1, а на Якуба Коласа — № 4. Сьляды крамы № 2 страціліся ў часе і прасторы, а крама № 3 дагэтуль месьціцца на Прытыцкага, 42. Хто з тых краёў, там раптам гэткай трэцяй колаўторквалкі не паставілі?

Sep 19, 2011

Хацелі калідор — атрымалі кружку

Кіраўнік Менску Мікалай Ладуцька летась сказаў, што падчас праектаваньня жылога раёну Шчомысьліца пры будаўніцтве транспартных разьвязак трэба прадугледзець калідоры для руху раварыстаў.

Сёлета праект мікрараёну быў адным з экспанатаў на выставе архітэктурных праектаў пад плошчай Незалежнасьці. Веладарожка на ім — жоўтым колерам.


Зробім шырэй:



Прызнацца, я ўяўляў калідор як велапраезд цераз кальцавую ў бок цэнтру, да якога зьбягаюцца з усіх шчомысьліцкіх вуліц веладарожкі. Тым больш што такі калідор ужо і гатовы — пешаходны пераход ля павароту на вёску Малінаўка.

Але, выглядае, свае транспартныя праблемы шчомысьліцкія веланавасёлы будуць вырашаць самі.

Sep 14, 2011

КППМ веластаянках. Першы менскі велагараж

У Парку высокіх тэхналёгій на Купрэвіча, 1/1 зьявіўся велагараж. Роварам у ПВТ і так някепска жылося, а цяпер ім яшчэ зрабілі і першы ў Менску велагараж, як у Зялёным Бары. Цікава, ці будзе платным?











Дзякуй Zmitro Lapcionak за наводку.

КППМ веластаянках. Велазаводзкая, 7

Брак і грошы на вецер. Стандартная колаўторквалка, на якой ровар вісіць на сьпіцах. Лепш чапляцца за агароджу ля ўваходу.



КППМ веластаянках. МЗОР

Менскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, у якога адзін адрас з клюбам «Ньютон» — Кастрычніцкая, 16 — адбабахаў шыкоўную веластаянку. Што пра яе скажаш — люкс для ровара і разрыў шаблёну. Модны клюб ставіць няёмкую колаўторквалку, а завод — маднявы велашык.

Веластаянка ля Ньютона

«НьюТон. Fashion. Art. Buffet» на Кастрычніцкай, 16 адкрыўся нядаўна і адразу абзавёўся веластаянкай. Веластаянкай з сэрыі «брак і грошы на вецер», ровар зь якой вывальваецца. Застаецца спадзявацца, што ў каве з апранахай ньютонаўцы разьбіраюцца лепей.







Кароткі праваднік па менскіх веластаянках

КППМ веладарожках. Лошыцкі парк

Веладарожка ў Лошыцкім парку — сапраўднае дасягненьне беларускай веладарожкабудаўнічай школы. Гэта ня проста веладарожка зьніадкуды ўніадкуль, яна ў прынцыпе ня можа выкарыстоўвацца для асэнсаванага шляху хаця б на нейкай сваёй частцы. Калі ты, канечне, ня едзеш тапіцца.

Першая веладарожка ў вакуўме — створаная ў Беларусі. Ёсьць чым ганарыцца.

Няма сэнсу казаць, што мамы з каляскамі несумненна аддадуць перавагу каменнай крошцы перад веладарожачным асфальтам, што сам асфальт дзе-нідзе пакладзены насьпех і абы-як, што павароты залішне крутыя й бяз контраўхілаў, бо няма ніякага сэнсу гэтай дарожкай карыстацца. Калі на велапракаце не даюць ровары на 15 хвілін, ёй няма сэнсу карыстацца нават як атракцыёнам. Туды-назад — 10 хвілін. Далей што?




View Менскія веладарожкі in a larger map

Новае жыцьцё велапаласы на 2-м Роварным завулку

Увішныя жыхары тутэйшых інтэрнатаў першыя даўмеліся прымаляваць да велапаласы пэрпэндыкулярныя лініі. Вуаля — лёгкім рухам рукі велапаласа ператвараецца ў аўтастаянку, адно што зь недарэчным роварчыкам на асфальце. Праўду кажучы, стаянка з гэтага ходніка не зьнікала нават тады, калі сохла фарба сьвежай велапалоснай разьметкі.



Sep 8, 2011

КППМ веластаянках, Пераходная, 64

Ля прахадной тралейбуснага заводу аказалася нетрывіяльная колаўторквалка. Яна двухузроўневая — ніжні ўзровен вузейшы, ён ля самай зямлі, туды становіцца кола, а верхні прытрымлівае за раму ці пяро, як станеш.

Камэраў назірання не пабачыў, з будынка стаянка не праглядаецца. Затое міма начамі праяжджаюць самыя сьвежыя тралейбусы нашай краіны.




Дзякуй DziedMarozу за наводку

КППМ веластаянках. БДУшны апдэйт

Вось табе трымценьнік на нач: пачварныя веласпарудзіны ля дворыка БДУ мала таго што самі па сабе вусьцішныя, дык яшчэ і перамяшчаюцца!

Цяперака гэтае іржавае страхоцьце стаіць поруч пад дрэвамі ля хімфака. Я набраўся сьмеласьці і ўваткнуў у яго ровар. І толькі адышоўся сфатаграфаваць, як ровар сасьлізнуў на бок і павіс на коле. Думаў, каюк колу, як на той велабаннай колазьнішчалцы, але не, гэтым разам пранесла.



А на велапаркінгу пад плошчай Незалежнасьці месцаў хіба не засталося?
Дзякуй DziedMarozу за наводку

Sep 7, 2011

КППМ веластаянках. Мясьнікова, 29

Ажурная колаўторквалка зьявілася сёлета ля прыступак новай кавярні «Прыступкі». Здаля й не разьбярэш, за што там трымаецца гэты ровар, і здаецца, што расьце ён проста з кветніка.



Мяне, папраўдзе, ажурнасьць гэтая крыху трывожыць, але ровар на восьцы павісае не віхляючыся, у кавярні дзень сядзець ня будзеш, так што варыянт на паўгадзінкі прымальны. Да таго ж пакуль я фоткаў з суседніх дзьвярэй выйшаў на ганак паназіраць за мной вахцёр. Мо, ён так кожны ровар вартуе, хто ведае…




Праваднік па менскіх веластаянках
Дзякуй за наводку @kisa_anuta

Sep 3, 2011

КППМ веластаянках. Броўкі, 4 і 10

Вуліца Петруся Броўкі стараньнямі БДУІР становіцца вуліцай Узорных Веластаянак. (Зробім выгляд, што не заўважылі страхоцьця на Броўкі, 6). А пра ўзорныя стаянкі і пісаць няма чаго.





Хаця вось ля 3-га корпусу цямрэча такая, што ніякая вытрымка фоціка не спраўляецца. Страшнавата кідаць ровар, па-шчырасьці.



Яшчэ адна такая веластаянка стаіць ля 5-га корпусу і яшчэ адно страхоцьце — ля 4-га.

Dziakuj za navodku, DziedMaroz.

КППМ веластаянках. Тэатар музкамэдыі

Веластаянка за Тэатрам музкамэдыі на Мясьнікова, 44.

Колаўторквалка, якая хацела дарасьці да нармальнай веластаянкі, але не дала рады.



Кола ўваткнеш — ровар завальваецца на сьпіцы. Абаперціся рамай — шырыні з вышынёй малавата.



Асобная загадка — зь якога боку паркавацца: з правага, каб замінаць электраманцёрам, ці зь левага, каб аўтамабілям?

КППМ веластаянках. Уральская, 4

Веластаянка ля прахадной Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова.

Колаўторквалка з вострымі краямі і зашырокай як для кола адлегласьцю між прутамі. Але калі ў мышэй ёсьць толькі кактус, то ўжо будзеш плакаць і калоцца, але…







Колаўторквалка быццам вісіць у паветры, а справа ў тым, што яе паклалі на сьценку, і цяпер язычкі з адтулінамі для мацаваньнья ўпіраюцца пэрпэндыкулярна ў плітку.

Sep 1, 2011

КППМ Веластаянках, Сьвярдлова, 14 (пл. Незалежнасьці)



Па праўдзе, я і цяпер ня ўпэўнены, ці гэта веластаянка з кветнікам, ці проста кветнік з дэкаратыўнымі выгінамі, у якія я бесцырымонна ўваткнуў ровар. Калі гэта ўсё ж веластаянка, то нельга не адзначыць станоўчых зьменаў. Калі раней гэткія канструкцыі ўяўлялі зь сябе проста брак і выкінутыя на вецер грошы, то цяпер у іх можна кветкі хаця б пасадзіць. Зь іншага боку, калі мусова трэба зайсьціся ў тутэйшую краму, а працуе яна дапазна, то можна і да кветніка як небудзь злаўчыцца ды прычапіцца.

КППМВеластаянках. Галерэя «Ў»

Як ля месца з такім прасунутым іміджам магло ня быць веластаянкі ад пачатку, я не разумею. Як не разумею, паводле якіх крытэраў выбіралася гэтая веластаянка а-ля сельпо. Не, ёй можна карыстацца. Хоць справа нават ня ў гэтым — проста ля галерэі «Ў», бару «Малако» і кнігарні «Логвінаў» — траіх у адным — цяпер нарэшце можна дзе кінуць ровар. Гэта плюс, і ўсё ж. І ўсё ж застаецца пытаньне, чаму з усіх магчымых варыянтаў веластаянак была выбрана колаўторквалка зь вяршыні чарту самых жахлівых прыстасаваньняў для чапляньня ровара.

Jul 8, 2011

Велапаласа на Рафіева

На Рафіева працягнулі велапаласу на 800 мэтраў. Радасьць та якая!


Высокія бардзюры падсыпалі, і цяпер на велапаласу можна ўсьцягнуць што-небудзь шырокае!


Асфальт і падсыпаныя бардзюры трымаюць камфортны хуткасны рэжым грунтовай дарогі — 15-20 км/г!


На вуліцы Рафіева застаўся яшчэ адзін адрэзак на 800 м., маляры для яго, няйначай, ужо рыхтуюцца малярнымі ПТВ краіны па мэтавым накіраваньні.


Абнаўленьне на красавік 2013

Дарожку працягнулі да Алібегава. На тралейбусным кальцы панізілі бардзюры.

Велапаласа на Ясеніна (Рафіева — Слабадзкі праезд)

На Ясеніна ад Рафіева да Слабадзкога праезду накрэсьлілі велапаласу. Нягледзячы на тое што паласа зьявілася пасьля ладнага перапынку і за новым старшынём выканкаму, яна абсалютна паўтарае ўсе заганы папярэдняга велакрэсьленьня. І таму на ёй ідзе сваё жыцьцё, вельмі далёкае, а часам абсалютна несумяшчальнае з раварысцкім.



Ходзяць пешаходы.


Выгульваюцца сабачкі.


Зьвісае проста ў твар гальлё.


Красуюцца машынкі.


Чакаюць транспарту шаноўныя пасажыры.


Пакрыцьцё велапаласы аформлена мастацкімі расколінамі…


…і дазваляе разьвіваць хуткасьць аж да 17 км/г!


За Слабадзкім праездам велапаласа заканчваецца. Трэба пакінуць нешта й наступным мэрам.


Увогуле велапалосы — выдатнае месца для захоўваньня аўтамабіляў, бочак з квасам ці яшчэ якіх сацыяльна значных артэфактаў.


У адрозьненьне ад бардзюрышчаў на супрацьлеглым баку, па трасе велапаласы ходнікі падсыпаныя. Калі спэцыяльна для велапаласы, то гэта паўкроку наперад, хоць і парушэньне СНІПаў.