Jan 11, 2011

Фрырайд па Радыяльнай

148. Рух на ровары мусіць ажыцьцяўляцца па роварнай дарожцы, а пры ейнай адсутнасьці — па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай дарожцы, без чыненьня перашкод для бясьпечнага руху пешаходаў.

Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, 10.01.2011


Што ж, зіма ёсьць, ходнік ёсьць, вуліцы з наведзеным парадкам ёсьць — паехалі!

Радыяльная вуліца — частка другога кальца, дарога з Аўтазаводу ў цэнтар. Справа — прыватны сэктар, зьлева — імпэрыі заводаў, так што дарог «у горад» усяго адна. Калі ня ўлічваць адсутнасьць ходніка на пачатку Радыяльнай і слой слоты да вобада далей, пачатак някепскі, але насупраць ТЭЦ…

Прыехалі!



Я дворніка-трактарных унівэрсытэтаў не канчаў, таму як навукова называецца гэты прыём упарадкаваньня засьнежаных вуліц, ня ведаю. Але ён дужа распаўсюджаны. Па дарозе да Акадэміі навук сустрэўся чатыры разы. Хай будзе «вялікая пешаходная сьцяна». (№1)


За «вялікай пешаходнай сьцяной» (№1) кашы становіцца болей (гаршчочак, не вары!). Не язда, а выяжджаньне. Хуткасьць 6 км/г. Затое застаюцца сьляды ў гісторыі =). Гэты, справа, — мой учорашні, яму ўжо суткі. Колькі пройдзе да наступнага прышэсьця трактара з шуфляй?


Па выежджанай аўтамабілямі каляіне відаць, які запас таяньня сьнежнай дрыгвы назьбіраў упарадкавальнік вуліцы Радыяльнай. Куча сьмецьця — пэрформанс неразгаданага мной прызначэньня.


Перад мостам на Запарожскую — мяжа ўплываў. Трактар сваю тэрыторыю «зачысьціў», а чорна-зялёныя чалавечкі счышчаюць веласьляды з сваёй тэрыторыі. Нэйтральная зона абазначаная «вялікай пешаходнай сьцяной» (№2)


і «вялікай пешаходнай нічыйнасьцю» (№3).

№4 — акурат за прыпынкам «Вуліца Сталетава». Фоткаць перадумаў, і так канцэпцыя зразумелая.

Назад вырашыў зрабіць крук, каб ня коўзацца ў сьнежнай кашы, але быў жорстка абламаны на вуліцы Смаленскай. Там, дзе яна сустракаецца з абрубкам зарэчнай Чырвонаармейскай, увогуле зрабілі сьнежную звалку і ператварылі ходнік у самазвальнік.

Відэавэрсія ў рэвэрсным рэжыме




Апдэйт з пазнакай «маланка»


15 студзеня рух па Радыяльнай спыніўся зусім. Сэкунд на 5. Я аслупянеў. Перад вачыма ляжала Радыяльная, вычышчаная так шырока, як ніколі. Ці то так супала, ці то нехта ў Заводзкім раёне чытае «БелаВела», але ходнік на Радыяльнай (строга ў межах Заводзкага раёну) так шырока на маёй памяці ня чысьціўся ні разу. Рэспэкт завадчанам.

Партызаны, у вас ледзяная горка на спуску ля «Слодыча».
Першамайцы, у вас ад Макаёнка на Баграціёна дык зусім бабсьлейная траса без надзеі на тармажэньне. Бярыце прыклад!

3 comments:

  1. Во ўжо гэтыя пешаходы-лузэры. Навучыліся, як прусакі, абпаўзаць машыны, што стаяць на ходніках і газонах, то паспрабуем цяпер іх - снегам. Колькі можна пешшу хадзіць, калі ўсе нармальныя людзі на машынах ездзіюць?..

    ReplyDelete
  2. Я сёньня па старабарысаўскім тракце абхадзіў ёлупа с нейкім карчом, што быў кінуты на ходніку, дык з усёй дуры рогам улупіў па крыле пярэднім - амаль наскрозь дзірку прабіў. Хаха.

    ReplyDelete
  3. Ну, ровар на руках праз сугроб каціў, а тое перачытаў камент і не зразумеў сам, што напісаў (8

    ReplyDelete