Jan 12, 2011

Ва ўмовах сьнегападу і галалёдзіцы

(камэнтар на poehali.net)

153. Раварысту забараняецца:

153.4. рухацца па дарозе ва ўмовах сьнегападу і (ці) галалёдзіцы;
Правілы дарожнага руху¹

Што цікава — і зімой і летам не сьціхае мазгавая актыўнасьць ахвотнікаў абгрунтаваць законную немагчымасьць перамяшчэньня на ровары ў горадзе. Варылі б боршч, чэснае слова.

Што да галадзевіледзіц. Ладуцька заўчора сказаў, што на вуліцах Парадак наведзены. Так што калі хто будзе і далей лямантаваць пра галалёдзіцу — будзе аб’яўлены дыскрэдытатарам сталіцы нашай радзімы. Усё вычышчана, пасыпана экалягічным пясочкам і засьцелена дывановымі дарожкамі. Закрылі тэму. Галалёдзіца як зьява сацыяльная ў Менску немагчымая. Кропка. За ўсе зімы ніводзін даішнік, у адрозьненьне ад тутэйшых заўсёднікаў, у гэтым не засумняваўся. Аж крыўдна. Так і хочацца пахваліцца шыпамі на пакрышцы. Яны ж, калі правілы выдумвалі, пра такое дзіва заморскае і ня чулі. (Часам у Менску можа здарацца галалёд як зьява атмасфэрная, але тут ужо коўзайся па ледзяной корцы, колькі душа схоча — правілы не забараняюць.)

Што да сьмеха…, то бок сьнегападу, то гэта, як вядома зь Вікіпэдыі — выпадзеньне сьнегу з аблокаў. Як што яшчэ далёка ня ўсе экіпажы ДАІ валодаюць апаратурай па вызначэньні, адкуль менавіта выпадае дадзены сьнег над дадзеным раварыстам, фактаў зафіксаваных прэтэнзій да апошніх пакуль не адзначана. Ну і ўвогуле здаровы дарослы чалавек, скончыўшы школьны курс фізыкі, ведае, што сьнег мяккі і пухнаты і неяк уплываць на рух ровара можа хіба пры дасягненьні ўзроўню восі кола, ды і тое ня факт.

Неабходна адзначыць, што ў правілах словы маюць своеасаблівыя значэньні, якія прадбачліва прыводзяцца ў пачатку кніжыцы. Вось калі спытацца ў мамы на велабане, ці гэта дарога, яна ад сьмеху ў Сьвіслач зваліцца. А па правілах — дарога самая сапраўдная. Недзе там глыбока пад сьнегам, але ва ўмовах сьнегападу і галалёдзіцы — ні-ні! А, дык вось менавіта сьнегапад і галалёдзіца ў правілах не апісаныя, а таму застаюцца паняткамі глыбока паэтычнымі.

Ну і нарэшце дарога, калі верыць нашым правілапісьнікам — дзеўчына такая непастаянная. Вось у адным месцы, як тут слушна заўважана, яна і ходнік, і ПЧ, і веладарожка, а ў другім, чытаем:

Афіцыйны камэнтар: У пункце 149 Правілаў панятак «рух па дарозе… на ровары» азначае рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 м ад ейнага правага краю (пункт 148 правілаў)…

А пункт гэты, пра які камэнтар, не пра нейкія лірычныя мяцеліцы з галалёдзіцамі, а пра фары ўначы. Якія, як вынікае, абавязковыя толькі на праезнай частцы дарогі, а на пеша- ды веладарожках — хоць перадавіцеся.

Дык вось. Варта ўжо зразумець, што місія апошніх правілаў — вытурыць раварыстаў з праезнай часткі. Місія выканана. Што там па-за ПЧ — зона нябачнасьці і пабарабаннасьці. Галалёды, пешаходы, сьнегапады, пешапады, мэтэорны дождж; хоць бяз фар, люстэрак, тармазоў і 15 сьпіц — катайцеся, сутракайцеся, куляйцеся і разьлятайцеся на здароўе.

No comments:

Post a Comment