Jan 16, 2011

Горад для людзей

Цікавая лекцыя пра плянаваньне гарадзкога асяродзьдзя і пра тое, адкуль у горадзе бяруцца раварысты, асабліва ўзімку.




...Cправа ня ў клімаце — справа ў стварэньні культуры, магчымасьцяў і стымулаў круглы год.

Капэнгаген стварае велакультуру, якая існуе і ўзімку.

30 гадоў таму Капэнгаген быў падобны да большасьці іншых гарадоў сьвету. Дужа мала людзей езьдзілі на ровары. Гэта распаўсюджаная аблуда, што ў Капэнгагене людзі спаконвеку езьдзілі на роварах. Папраўдзе, гэта ня так.

Але мы пачалі ствараць стымулы, пачалі «запрашаць» людзей езьдзіць на роварах. У цэнтры гораду кожную вуліцу рэканструявалі, зрабілі добрыя ходнікі і веладарожкі. Але гэта рабілася не ўвадначас, а паступова. Кожнага разу, калі рамантавалі вуліцу, стваралі зручныя ходнікі і зручныя веладарожкі. Паступова іх сетка расла. І разам з ростам сеткі веладарожак расла і колькасьць раварыстаў.

А потым мы сталі ўводзіць невялікія і простыя хітрыкі. Напрыклад, на сьвятлафорах аўтобусы і раварысты пачынаюць рух на 6 сэкундаў раней за аўтамабілі.

Муніцыпалітэт Капэнгагена штогод праводзіць апытаньне, чаму вы езьдзіце на ровары. Я думаю, яны ў тайне спадзяцца, што людзі скажуць: «Таму што гэта добра для ўстойлівага разьвіцьця». Але кожны год каля 70% людзей адказваюць «Таму што гэта самы хуткі і зручны спосаб руху». Сутнасьць палягае ў стварэньні умоваў і велакультуры.

На скрыжаваньні ходнік і веладарожка не перарываюцца, каб кіроўцы ведалі, што перасякаюць тэрыторыю ровараў і мінакоў і калі заяжджаюць, і калі выяжджаюць з завулка. Магу вас запэўніць, што для вялікай машыны не ўяўляе цяжкасьці пераехаць цераз такую перашкоду. Але для маленькай бабулькі спусьціцца, а потым зноў падняцца на бардзюр на кожным скрыжаваньні з завулкам ці праездам — пэўная праблема.

Учора мы былі ў Park Extention (раёне Манрэалю), і там у кожным месцы, дзе ёсьць гараж, увесь ходнік нахілены, каб машына магла заехаць — двойчы ў дзень, раніцай і ўвечары. А старыя жанчыны мусяць тамака хадзіць скасавураныя.

Гэта пытаньне расстаноўкі прыярытэтаў і стварэньня ўмоваў.

У Капэнгагене веладарожкі паднятыя на 4 цалі (каля 10 см) ўвышыню ад дарогі, а ходнікі на 4 цалі ўвышыню ад веладарожкі. Такім чынам машынам цяжэй трапіць на веладарожку, а раварысты ня езьдзяць па ходніках ды не трывожаць мінакоў. Гэта вельмі просты спосаб падтрыманьня добрай культуры дарожнага руху. Да таго ж гэта вельмі добры стымул для людзей езьдзіць на ровары і хадзіць пешшу ў горадзе.

Натуральна, ва ўсім грамадзкім транспарце можна перавозіць ровар. Вядома, вы можаце ехаць і на інвалідным вазку, і зь дзіцячай каляскай, і везьці багаж. Такім чынам, у Капэнгагене вельмі проста і зручна перасоўвацца. Гэта тычыцца і новага мэтро. Развой сетак, стварэньні мікрасетак, калі можна карыстацца грамадзкім транспартам і пры гэтым езьдзіць на ровары — вельмі прывабная магчымасьць для людзей.

На ўсіх асноўных магістралях, якія вядуць у цэнтар гораду, мы зрабілі «зялёную хвалю», але не для машын, а для ровараў. Так што цяпер ад 6-й ранку да паўдня, калі вы едзеце ў цэнтар гораду з хуткасьцю 20 км/г, для вас будзе «зялёная хваля» аж да самага цэнтру. А днём, з 12-й да 18-й гадзіны, у вас будзе «зялёная хваля» на выезд з цэнтру. Гэта таксама значыць, што машыны, якія едуць хутчэй, мусяць спыняцца на сьвятлафорах.

Калі вы хочаце падтрымаць культуру, вам трэба стварыць для яе ўмовы.

У нас цяпер ёсьць вялікая сетка веладарожак на вуліцах, і гэта вельмі важна, бо вуліцы сталі бясьпечнейшымі, на іх ёсьць жыцьцё, ёсьць рух. Вуліцы — першы крок. Цяпер мы ўводзім «зялёную структуру» — «зялёныя» дарожкі цераз паркі, зялёныя і жылыя зоны. То бок вам ня трэба ехаць побач з аўтамабілямі.

Гэта дае вельмі цікавы станоўчы эфэкт — раней безаблічныя раёны набываюць адметныя рысы. Зьяўляецца рух і як вынік пачынае віраваць жыцьцё, адчыняюцца крамкі, людзі прыяжджаюць туды і сустракаюцца. Гэтае вельмі невялікае ўмяшальніцтва, але яно нясе вялікія перамены для жыхароў гэтай мясьціны.

Мінула 30 гадоў, і цяпер 37% жыхароў езьдзяць на працу на ровары кожны дзень. Гэта ў «Вялікім Капэнгагене». У цэнтры ж гораду больш за 50% людзей езьдзяць на працу роварам. Мэта для «Вялікага Капэнгагена» да 2012 году, каб больш за 50% насельніцтва езьдзіла на працу на роварах.

Што ж адбываецца ўзімку, калі ідзе сьнег?

Перш за ўсё, веладарожкі чысьцяцца перш за дарогі. Таму што калі мы зробім наадварот, раварысты будуць вымушаны ехаць па дарогах і гэта створыць хаос. Гэта таксама адносіцца да стварэньня стымулаў і ўмоў.

Вядома, не заўжды ўдаецца своечасова прыбраць сьнег, але горад стараецца чысьціць веладарожкі да дарог, расстаўляючы гэткім чынам прыярытэты.

Заўважце, ніхто зь людзей, якія едуць узімку, не апрануты ў спартовую форму, ніхто зь іх ня ў латэксе, ніхто зь іх не выглядае як раварыст кшталту «я буду ўкручваць, пакуль не памру». Гэта звычайныя людзі, якія едуць на працу. Я неяк праводзіў лекцыю на тэму «мода на ровары», і ведаеце, высокія абцасы і футра — вельмі распаўсюджаныя.

На ўсіх веламаршрутах мы паставілі лічыльнікі раварыстаў, каб людзі бачылі, што яны робяць свой унёсак у паляпшэньне гораду.

Дзяцей ў вазках мы таксама перавозім на роварах. Раней у нас былі веладарожкі шырынёй 2,5 мэтра, цяпер мы пераходзім на 3 мэтры, бо гэткія ровары займаюць шмат месца.

70% людзей працягваюць езьдзіць на роварах узімку.

Такая сытуацыя ў Капэнгагене. І я думаю, гэта багата ў чым, як і ў іншых выпадках, пытаньне стварэньня культуры, стварэньня спрыяльных умоваў для гэтай культуры ва ўсе сэзоны, пытаньне стварэньня магчымасьцяў, каб гэтая культура існавала круглы год. Я думаю, гэта самае важнае, чаму вучыць досьвед Капэнгагена.

Вядома, вы можаце сказаць, што Капэнгаген — цудоўны стары горад. Таму я хацеў бы паказаць, што мы зрабілі ў Нью-Ёрку.

...Мэта была зрабіць Нью-Ёрк больш устойлівым і зручным для жыцьця. Мы зразумелі, што гэта вымагае зьмяненьня ладу мысьленьня і вылучылі 3 чыньнікі:

1. Мы хацелі зьменшыць аб’ём аўтамабільнага трафіку.
2. Мы хацелі стварыць умовы для альтэрнатыўнага транспарту.
3. Мы хацелі палепшыць грамадзкую прастору.

І мы зрабілі з гэтага стратэгію.

З таго, што мы прапанавалі 2 гады таму, Нью-Ёрк ужо рэалізаваў значную частку. На Мэдысан Сквэр, Гаральд Сквэр і Таймс Сквэр мы пераканалі Нью-Ёрк закрыць Брадвэй для аўтамабільнага руху, каб палепшыць скрыжаваньні і стварыць новыя грамадзкія прасторы.

Мы змаглі зрабіць роварныя дарожкі. Мы палепшылі пешаходныя пераходы і сувязі, мы стварылі астраўкі бясьпекі, так што маленькая бабулька можа перайсьці палову вуліцы, а потым пераадолець астатнюю палову. Мы скарысталі вулічныя паркоўкі, каб запаволіць рух машын па вуліцы, і зрабілі так, каб можна было адчыняць дзьверы машын без пагрозы раварыстам.

...Я думаю, матэматыка вельмі простая. Ці мы хочам атрымаць 12 шчасьлівых уладальнікаў прыпаркаваных машын, ці некалькі сотняў шчасьлівых нью-ёркцаў?

Справа ня ў тым, каб прыбраць машыны, але ў тым, каб даць месца ўсім.

І што цікава — закрыцьцём Таймс Сквэр і Геральд Сквэр, вядома, былі заклапочаныя аўтаўладальнікі і кіроўцы таксовак. Але ў выніку аказалася, што сярэдняя хуткасьць руху на 7-й авэню вырасла на 17%, а на 6-й — на 37%. Вось жа ўдалося стварыць грамадзкую прастору, аддаць месца людзям, арганізаваць прыемнае для знаходжаньня асяродзьдзе, зручныя ўмовы для раварыстаў і мінакоў, — і ў выніку гэта дазволіла машынам рухацца хутчэй.

1 comment:

  1. «на сьвятлафорах аўтобусы і раварысты пачынаюць рух на 6 сэкундаў раней за аўтамабілі.»
    Дзікія людзі...

    ReplyDelete