Feb 28, 2011

Варшава — ня вёска, каб па ёй на ровары езьдзіць

Сайт «Польшча на ровары» склаў гіт-парад самых  абсурдных  чыноўніцкіх выказваньняў на велатэму, тым чарговы раз падкрэсьліўшы інтэрнацыянальны характар як раварызму, так і бюракратызму. Вось толькі некалькі цытат.

«Варшава — ня вёска, каб па ёй на ровары езьдзіць».
(Марэк Вось, варшаўскі Дэпартамэнт гарадзкіх дарог).

«Калі [раварысты] наракаюць на цеснату, то хай купяць сабе вузейшыя ровары».
(Дырэктар дэпартамэнту гарадзкіх дарог і грамадзкага транспарту Быдгошча Ян Сюда).

«Веладарожка не павінна быць роўнай, як аэрадром — чым больш няроўнасьцяў, тым цікавейшай становіцца паездка».
(Прэзыдэнт гарадзкога воднага таварыства Радама Марэк Пакорскі).

«Пакуль я віцэ-прэзыдэнт, веладарожкі на Вале Медзяшыньскім ня будзе!»
(Віцэ-прэзыдэнт Варшавы Анджэй Урбаньскі, 2004).

«Давайце не перагінаць палку з будаўніцтвам веладарожак».
(Лех Качыньскі, прэзыдэнт Варшавы, 2003).

Увесь гіт-парад — на сайце «Польшча на ровары» — з камэнтарамі, але па-польску.
І дарэчы, Анджэй Урбаньскі ўжо не віц-прэзыдэнт Варшавы, а на Медзяшыньскім вале веладарожак аж цэлыя дзьве.
І дарэчы, у мінулую пятніцу ў Сэйме прынялі папраўкі ў Правілы дарожнага руху, закліканыя палепшыць існаваньне польскіх раварыстаў і выклікаць зайздрасьць у раварыстаў беларускіх.

No comments:

Post a Comment