Feb 28, 2011

Варшава — ня вёска, каб па ёй на ровары езьдзіць

Сайт «Польшча на ровары» склаў гіт-парад самых  абсурдных  чыноўніцкіх выказваньняў на велатэму, тым чарговы раз падкрэсьліўшы інтэрнацыянальны характар як раварызму, так і бюракратызму. Вось толькі некалькі цытат.

«Варшава — ня вёска, каб па ёй на ровары езьдзіць».
(Марэк Вось, варшаўскі Дэпартамэнт гарадзкіх дарог).

«Калі [раварысты] наракаюць на цеснату, то хай купяць сабе вузейшыя ровары».
(Дырэктар дэпартамэнту гарадзкіх дарог і грамадзкага транспарту Быдгошча Ян Сюда).

«Веладарожка не павінна быць роўнай, як аэрадром — чым больш няроўнасьцяў, тым цікавейшай становіцца паездка».
(Прэзыдэнт гарадзкога воднага таварыства Радама Марэк Пакорскі).

«Пакуль я віцэ-прэзыдэнт, веладарожкі на Вале Медзяшыньскім ня будзе!»
(Віцэ-прэзыдэнт Варшавы Анджэй Урбаньскі, 2004).

«Давайце не перагінаць палку з будаўніцтвам веладарожак».
(Лех Качыньскі, прэзыдэнт Варшавы, 2003).

Увесь гіт-парад — на сайце «Польшча на ровары» — з камэнтарамі, але па-польску.
І дарэчы, Анджэй Урбаньскі ўжо не віц-прэзыдэнт Варшавы, а на Медзяшыньскім вале веладарожак аж цэлыя дзьве.
І дарэчы, у мінулую пятніцу ў Сэйме прынялі папраўкі ў Правілы дарожнага руху, закліканыя палепшыць існаваньне польскіх раварыстаў і выклікаць зайздрасьць у раварыстаў беларускіх.

Feb 21, 2011

Горад раварыстаў, 1984 год




Хрэстаматыйнае відэа, я лічу.
Унівэрсальная праграма раварызацыі на зразумелай постсавецкаму чынавенству мове.

Feb 1, 2011

500

Менск акальцуюць роварныя дарожкі. Да 2015 году іхняя працягласьць складзе 500 кілямэтраў. Такія парамэтры закладзены ў Канцэпцыі разьвіцьця роварнага руху.

Яе распрацавалі адмыслоўцы Беларускай асацыяцыі экспэртаў і сурвэйвэраў на транспарце.

Як расказаў карэспандэнту «Менск-Навінаў» старшыня асацыяцыі Юры Важнік, сёлета ўвесну пачнецца рэалізацыя першага этапу канцэпцыі. У Маскоўскім і Першамайскім раёнах сталіцы плянуецца зьняць высокія бардзюры ды іншыя перашкоды для руху й арганізаваць бесканфліктны рух раварыстаў і мінакоў.