Sep 19, 2011

Хацелі калідор — атрымалі кружку

Кіраўнік Менску Мікалай Ладуцька летась сказаў, што падчас праектаваньня жылога раёну Шчомысьліца пры будаўніцтве транспартных разьвязак трэба прадугледзець калідоры для руху раварыстаў.

Сёлета праект мікрараёну быў адным з экспанатаў на выставе архітэктурных праектаў пад плошчай Незалежнасьці. Веладарожка на ім — жоўтым колерам.


Зробім шырэй:



Прызнацца, я ўяўляў калідор як велапраезд цераз кальцавую ў бок цэнтру, да якога зьбягаюцца з усіх шчомысьліцкіх вуліц веладарожкі. Тым больш што такі калідор ужо і гатовы — пешаходны пераход ля павароту на вёску Малінаўка.

Але, выглядае, свае транспартныя праблемы шчомысьліцкія веланавасёлы будуць вырашаць самі.

Sep 14, 2011

КППМ веластаянках. Першы менскі велагараж

У Парку высокіх тэхналёгій на Купрэвіча, 1/1 зьявіўся велагараж. Роварам у ПВТ і так някепска жылося, а цяпер ім яшчэ зрабілі і першы ў Менску велагараж, як у Зялёным Бары. Цікава, ці будзе платным?











Дзякуй Zmitro Lapcionak за наводку.

КППМ веластаянках. Велазаводзкая, 7

Брак і грошы на вецер. Стандартная колаўторквалка, на якой ровар вісіць на сьпіцах. Лепш чапляцца за агароджу ля ўваходу.



КППМ веластаянках. МЗОР

Менскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, у якога адзін адрас з клюбам «Ньютон» — Кастрычніцкая, 16 — адбабахаў шыкоўную веластаянку. Што пра яе скажаш — люкс для ровара і разрыў шаблёну. Модны клюб ставіць няёмкую колаўторквалку, а завод — маднявы велашык.

Веластаянка ля Ньютона

«НьюТон. Fashion. Art. Buffet» на Кастрычніцкай, 16 адкрыўся нядаўна і адразу абзавёўся веластаянкай. Веластаянкай з сэрыі «брак і грошы на вецер», ровар зь якой вывальваецца. Застаецца спадзявацца, што ў каве з апранахай ньютонаўцы разьбіраюцца лепей.







Кароткі праваднік па менскіх веластаянках

КППМ веладарожках. Лошыцкі парк

Веладарожка ў Лошыцкім парку — сапраўднае дасягненьне беларускай веладарожкабудаўнічай школы. Гэта ня проста веладарожка зьніадкуды ўніадкуль, яна ў прынцыпе ня можа выкарыстоўвацца для асэнсаванага шляху хаця б на нейкай сваёй частцы. Калі ты, канечне, ня едзеш тапіцца.

Першая веладарожка ў вакуўме — створаная ў Беларусі. Ёсьць чым ганарыцца.

Няма сэнсу казаць, што мамы з каляскамі несумненна аддадуць перавагу каменнай крошцы перад веладарожачным асфальтам, што сам асфальт дзе-нідзе пакладзены насьпех і абы-як, што павароты залішне крутыя й бяз контраўхілаў, бо няма ніякага сэнсу гэтай дарожкай карыстацца. Калі на велапракаце не даюць ровары на 15 хвілін, ёй няма сэнсу карыстацца нават як атракцыёнам. Туды-назад — 10 хвілін. Далей што?




View Менскія веладарожкі in a larger map

Новае жыцьцё велапаласы на 2-м Роварным завулку

Увішныя жыхары тутэйшых інтэрнатаў першыя даўмеліся прымаляваць да велапаласы пэрпэндыкулярныя лініі. Вуаля — лёгкім рухам рукі велапаласа ператвараецца ў аўтастаянку, адно што зь недарэчным роварчыкам на асфальце. Праўду кажучы, стаянка з гэтага ходніка не зьнікала нават тады, калі сохла фарба сьвежай велапалоснай разьметкі.



Sep 8, 2011

КППМ веластаянках, Пераходная, 64

Ля прахадной тралейбуснага заводу аказалася нетрывіяльная колаўторквалка. Яна двухузроўневая — ніжні ўзровен вузейшы, ён ля самай зямлі, туды становіцца кола, а верхні прытрымлівае за раму ці пяро, як станеш.

Камэраў назірання не пабачыў, з будынка стаянка не праглядаецца. Затое міма начамі праяжджаюць самыя сьвежыя тралейбусы нашай краіны.




Дзякуй DziedMarozу за наводку

КППМ веластаянках. БДУшны апдэйт

Вось табе трымценьнік на нач: пачварныя веласпарудзіны ля дворыка БДУ мала таго што самі па сабе вусьцішныя, дык яшчэ і перамяшчаюцца!

Цяперака гэтае іржавае страхоцьце стаіць поруч пад дрэвамі ля хімфака. Я набраўся сьмеласьці і ўваткнуў у яго ровар. І толькі адышоўся сфатаграфаваць, як ровар сасьлізнуў на бок і павіс на коле. Думаў, каюк колу, як на той велабаннай колазьнішчалцы, але не, гэтым разам пранесла.



А на велапаркінгу пад плошчай Незалежнасьці месцаў хіба не засталося?
Дзякуй DziedMarozу за наводку

Sep 7, 2011

КППМ веластаянках. Мясьнікова, 29

Ажурная колаўторквалка зьявілася сёлета ля прыступак новай кавярні «Прыступкі». Здаля й не разьбярэш, за што там трымаецца гэты ровар, і здаецца, што расьце ён проста з кветніка.



Мяне, папраўдзе, ажурнасьць гэтая крыху трывожыць, але ровар на восьцы павісае не віхляючыся, у кавярні дзень сядзець ня будзеш, так што варыянт на паўгадзінкі прымальны. Да таго ж пакуль я фоткаў з суседніх дзьвярэй выйшаў на ганак паназіраць за мной вахцёр. Мо, ён так кожны ровар вартуе, хто ведае…




Праваднік па менскіх веластаянках
Дзякуй за наводку @kisa_anuta

Sep 3, 2011

КППМ веластаянках. Броўкі, 4 і 10

Вуліца Петруся Броўкі стараньнямі БДУІР становіцца вуліцай Узорных Веластаянак. (Зробім выгляд, што не заўважылі страхоцьця на Броўкі, 6). А пра ўзорныя стаянкі і пісаць няма чаго.





Хаця вось ля 3-га корпусу цямрэча такая, што ніякая вытрымка фоціка не спраўляецца. Страшнавата кідаць ровар, па-шчырасьці.



Яшчэ адна такая веластаянка стаіць ля 5-га корпусу і яшчэ адно страхоцьце — ля 4-га.

Dziakuj za navodku, DziedMaroz.

КППМ веластаянках. Тэатар музкамэдыі

Веластаянка за Тэатрам музкамэдыі на Мясьнікова, 44.

Колаўторквалка, якая хацела дарасьці да нармальнай веластаянкі, але не дала рады.



Кола ўваткнеш — ровар завальваецца на сьпіцы. Абаперціся рамай — шырыні з вышынёй малавата.



Асобная загадка — зь якога боку паркавацца: з правага, каб замінаць электраманцёрам, ці зь левага, каб аўтамабілям?

КППМ веластаянках. Уральская, 4

Веластаянка ля прахадной Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова.

Колаўторквалка з вострымі краямі і зашырокай як для кола адлегласьцю між прутамі. Але калі ў мышэй ёсьць толькі кактус, то ўжо будзеш плакаць і калоцца, але…







Колаўторквалка быццам вісіць у паветры, а справа ў тым, што яе паклалі на сьценку, і цяпер язычкі з адтулінамі для мацаваньнья ўпіраюцца пэрпэндыкулярна ў плітку.

Sep 1, 2011

КППМ Веластаянках, Сьвярдлова, 14 (пл. Незалежнасьці)



Па праўдзе, я і цяпер ня ўпэўнены, ці гэта веластаянка з кветнікам, ці проста кветнік з дэкаратыўнымі выгінамі, у якія я бесцырымонна ўваткнуў ровар. Калі гэта ўсё ж веластаянка, то нельга не адзначыць станоўчых зьменаў. Калі раней гэткія канструкцыі ўяўлялі зь сябе проста брак і выкінутыя на вецер грошы, то цяпер у іх можна кветкі хаця б пасадзіць. Зь іншага боку, калі мусова трэба зайсьціся ў тутэйшую краму, а працуе яна дапазна, то можна і да кветніка як небудзь злаўчыцца ды прычапіцца.

КППМВеластаянках. Галерэя «Ў»

Як ля месца з такім прасунутым іміджам магло ня быць веластаянкі ад пачатку, я не разумею. Як не разумею, паводле якіх крытэраў выбіралася гэтая веластаянка а-ля сельпо. Не, ёй можна карыстацца. Хоць справа нават ня ў гэтым — проста ля галерэі «Ў», бару «Малако» і кнігарні «Логвінаў» — траіх у адным — цяпер нарэшце можна дзе кінуць ровар. Гэта плюс, і ўсё ж. І ўсё ж застаецца пытаньне, чаму з усіх магчымых варыянтаў веластаянак была выбрана колаўторквалка зь вяршыні чарту самых жахлівых прыстасаваньняў для чапляньня ровара.