Oct 9, 2012

Стаянка ля «Кастрычніка»

Стаянка  нармальная. Але між рэклямнымі шчытамі, лічы што ў сьляпой зоне, ставіць яе было ня варта. Тут і раварыст можа які наскочыць, а калі пакінеш ровар, скажам, на час сэансу, пасярод ходніка, то як тут кіно спакойна глядзець?

Адзіны кінатэатар, куды я не баюся прыяжджаць  на ровары, — «Цэнтральны», бо там пад плошчай Незалежнасьці паркінг з роварнай стаянкай і ахоўнікам.


Колаўторквалка ля «Кірмаша»

На Дзяржынскага, 100 ля ўваходу на «Кірмаш» паставілі распаўсюджаную ў тых мясьцінах мадэль колаўторквалкі. Ніколі б ня ўторкваў кола ў тую мадэль. Калі й паркавацца, то збоку, упоперак ці да парэнчаў ля ўваходу.


Стаянка з кавай

Даволі марнатраўная веластаянка на тры ровары ля Coffee On на Інстытуце культуры. Лепш, чым у «Ньютона», але не параўнаць з «Макдональдсам».
Заканамернасьць такая: калі ля дзьвярэй чагосьці стаіць колаўторквалка, тым больш з проставугольных профіляў, да таго, што за дзьвярыма трэба ставіцца з насьцярогай.
Хоць трэба аддаць належнае крэатыўнай расфарбоўцы і ня горшаму прыкладу колаўторквалкі.
Але, як па мне — разьбірацца ў каве — неверагодны талент. Разабраўшыся ў каве, разабрацца ў веластаянках нашмат прасьцей. Дык чаму ж?..


Страх і вусьціш ля «Сілуэта»

Звараныя абгрызкі арматуры, недарэчныя гарызантальныя перамычкі, шырыня між прутамі — лепшай ілюстрацыі слову «страхоцьце» і не прыдумаеш.
Раварыст, калі й прыпаркуе як-небудзь тут свой ровар, у гандлёвы цэнтар зойдзе з адной думкай: «брак і грошы на вецер».

Веры Харужай, 1а.

Веластаянка ля Макдональдса на Дзяржынскага, 96

Бліскучыя веластаянкі зьявіліся прыканцы лета ля амаль усіх менскіх Макдональдсаў. Выглядаюць яны эталонна. Цяпер калі аўтары сталічных колаўторквалак становяцца ў чаргу на макдрайв (а ніхто не сумняваецца, што аўтары сталічных колаўторквалак не на роварах езьдзяць), у іх зьнікае апэтыт і парушаецца страваваньне.



Sep 20, 2012

Second-hand на Пуліхава



вул. Пуліхава, 21

Як па мне, вуліца Пуліхава заслугоўвае больш стылёвых рашэньняў. Але з утылітарнага гледзішча — веластаянкай карыстацца можна бяз рызыкі пагнуць кола і падрапаць раму. Дзякуй і за гэта.

Веластаянка ля гіпэр-«Суседзяў»



Даўгінаўскі тракт, 178

Адна з самых нязручных канструкцый колаўторквалак. Адносна бясьпечна прыпаркаваць ровар можна толькі ўпоперак.

Aug 15, 2012

Велавільня. Падарожныя нататкі

Бардзюры


Нацыянальны літоўскі пераходны бардзюр — гэта бардзюр, укапаны пад вуглом 45°. Укапаны акуратна, але ад гэтага 45° не становяцца чымсьці зручным для заезду — я ўсяляк спрабаваў. Не цураюцца віленчукі і бардзюраў у поўны рост. Вось узьбіраешся па Лепкальнаўскай вуліцы на найвышэйшую кропку Вільні, гару Лайміса, дзе ростань зь Менскай шашой, потам умываешся — і табе бардзюры, як trisdešimt trys богатыря, усе як на заказ.

Аўтамабілісты


Імклівыя. Хутка стартуюць, хутка тармозяць. Калі каціцца па пераходзе з турыстычнай слабінкай у вачах — не прапусьцяць, абсыгналяць і абдадуць выхлапам. Гэтак можна здагадацца, што і па літоўскіх правілах пераходы, нават рэгуляваныя, трэба пераходзіць з роварам пад ручку.

Важны момант — як правіла, ім направа на скрыжаваньнях можна заўжды — нават пад любое адценьне чырвонага. Раварыста збоку на прастастаўнай вуліцы, што ляціць на зялёны, прапусьцяць. Як правіла. Не заўжды.

Вільня — аўтацэнтрычны горад. Тое, што для раварыстаў там робіцца шмат, не адмяняе таго, што робіцца гэта па рэштавым прынцыпе.


Зусім сьвежая дарога на скрыжаваньні Вількамірскай (Ukmergės) і Железнага Ваўка (Geležinio Vilko). Раварыстам, што едуць з боку «Акропаліса», прапануюцца сходы і парослая крапівой сьцяжына пад мостам

Узбочыны


Звычайна адсутныя. Нечакана. Едзеш па дарозе, дзе двум аўтосам разьехацца, а няма куды збочыць. Зусім. Ці палатно дарогі ніжэйшае за ўзбочыну. Суцэльны пераляк. Прадавец у роварнай краме з сумам сказаў: «Гэта такі эўрапейскі стандарт. Праўда, па стандарце яшчэ і веладарожка павінна быць».

Нерэгуляваныя велапераезды


Absoliutus egzotiškas. Едзеш ты едзеш, а тут веладарожка безь нічога ніякага — кулець на той бок. А машыны ніхто не адмяняў і прапускаць цябе з дабрамеру ніхто не абавязваў. Вось і стаіш, адзінокі раварыст спаміж тлумнага места, і чакаеш, калі табе выпадзе шанец перабрацца на той бераг.


Ходнікі


Звычана выкладзены нацыянальнай літоўскай квадратнай буйнакалібэрнай пліткай. Але месцамі плітка парасьцярушаная настолькі, што раварысты пратарнавалі раўналежна ходніку роварныя сьцежачкі ў траве.


Веладарожка на вуліцы Шымулёніса. Нерэгуляваны велапераезд — 0:43, нацыянальная літоўская плітка — 1:41

Дарэчы, тэарэтычна раварыстам па ходніках езьдзіць няможна, але амаль усе яны там.

Багата велапалос. Віленчукі ходзяць па велапалосах, як беларусы.


Велапаласа на вуліцы Нарбута

Бывае, што ўздоўж дарогі ходніка няма, а сама дарога такая, што толькі самы адчайны раварыст на яе сунецца. Дарог такіх у Вільні стае. Гэта так званыя магістралі няспыннага руху, пра якія так мройліва пішуць у нас.


Oslo gatvė


Няма нічога страшнейшага за магістралі няспыннага руху.

Гэтая пошасьць раздрабляе места, як рака. Каб бясьпечна трапіць з адной віленскай выспы на другую на ровары, трэба ведаць месцы. Балазе, віленчукі выдалі адмысловую роварную мапу.

Роварная мапа


Неабазнанаму турысту можа падацца, што віленская роварная мапа — гэта праваднік па веладарожках. Не, гэта дапаможнік па выжываньні. Што хрысьціянам крыжовы пакутны шлях — тое віленскаму раварысту роварная дарожка, хоць там і не заўжды дасі рады праехаць.


Гэтая брукаваная гара, частка 7-кілямэтровага Крыжовага шляху,  пазначана як велапуцявіна. 
Бо лепшага выбару і праўда няма.


Бяз роварнай мапы ў Вільні з роварам рабіць няма чаго. Усе дарогі вядуць на магістралі няспыннага руху. А веладарожка тым часам можа ісьці праз суседні двор, як на вуліцы Нарбута, але бяз мапы ты ніколі не даведаешся, дзе яна ёсьць і як туды трапіць, не празяваўшы апошні пераход на дарозе.

Неасфальт

 

У Вільні назіраецца перавытворчасьць дробнага белага пясочку. Нават некаторыя асфальтавыя дарогі ім перамецены, што казаць пра тое, што ў нас называлася б гравейкамі. Ехаць па іх на тонкаколым гібрыдзе рашуча немагчыма. Трэба быць гатовым, што і лясныя дарожкі акажуцца непраезнымі пясочніцамі.

Рэгуляваныя пераходы


На ўсіх пераходах з кнопкай, што мне трапляліся, даводзілася чакаць вечнасьць. Час не засякаў, але хвіліны тры дакладна. Таксама вельмі часта зялёны гарыць толькі да сярэдзіны вуліцы, хоць той вуліцы ўсёй 2 на 2 паласы.


Вільня не аказалася велавыраем
 
Але накруціўшы па ёй дзьве сотні кілямэтраў, толькі больш упэўніваешся:

у Вільні бяз ровара рабіць няма чаго.

Бажніцы на Кальварыі, палац у Верках, Крыжовы шлях з больш як трыма дзясяткамі капліц, млын у Замэчку, вуліца Якуба Коласа над Тупуцінішскім сэрпантынам у Павільнюсе, магутная плынь Вяльлі (пляж — ля віленскага «велабану»), хараство мастоў, вадаспадаў і стром у Бяльмонтах, тэлевежа, процьма ўзвышшаў па ўсім горадзе, зь якіх чароўныя краявіды, Зялёныя (напраўду зялёныя!) азёры — і гэта я не кранаў Новага і Старога Места, і гэта я яшчэ не кранаў сучаснай архітэктуры, і гэта я яшчэ не павярнуў у бок Трокаў, а там прыгодаў на дзень сама меней.

Ровар перавозіцца ў цягніках бясплатна, самае зручнае — у плацкарце, чахол шыецца з шчыльнай тканіны за вечар, зьняў кола, павярнуў руль — зэканоміў 30 літаў на дзённым велапракаце. Велапракат, калі што, на Вастрабрамскай, 12.

Трэкі на Everytrail: першы і другі.

Jul 18, 2012

КППМ веластаянках. Партызанскі, 9



Страх і вусьціш! Велабанныя колазьнішчалкі распаўзаюцца па горадзе! Нездарма яны нагадваюць шыбеніцы ў цемры. Іх канструкцыя старанна прадуманая, каб пагнуць пярэдняе кола з найбольшай верагоднасьцю.

Адно што я спадзяюся, што нават такія веластаянкі абудзяць у якога-небудзь мінака цікавасьць да роварнага пытаньня, а што такімі стаянкамі карыстацца небясьпечна, новасьпечаны раварыст зразумее, толькі калі прыдбае ровар.

Мапа.

КППМ веластаянках. Незалежнасьці, 18








У Менску часам здаецца, што летнія вэранды на праспэкце наўмысьля пастаўленыя, каб насаліць раварысту. І пабачыць ля вэранды кавярні «Лондан» веластаянку — прыемная нечаканка.

Але прыемнае сканчаецца, калі паспрабаваць гэтай веластаянкай скарыстацца. Канструкцыя — горшы прыклад колаўторквалкі. Вілка ня ўлазіць, ровар боўтаецца на сьпіцах, прычым боўтаецца з такой амплітудай, што я хваляваўся за роўнасьць кола нават тыя дзьве хвіліны, пакуль фатаграфаваў.

Падобная нягегласьць стаіць і ля кавярні «Ньютон». Як так выходзіць, што людзі, якія разьбіраюцца ў каве, ня могуць разабрацца ў веластаянках?

Мапа.

КППМ веластаянках. Гарадзецкая, 30





Густоўна, зручна, ляканічна.
Побач кавярня і супэрмаркет «Гіпа».
Мапа.

Jul 7, 2012

КППМ веластаянках. Платонава, 22

На Платонава, адной з самых бардзюрыстых вуліц сталіцы, зьявілася дэманастрацыйная стаянка БАЭС. Дэманстрацыйная — бо проста стаіць гайдаецца, а тэарэтычна мусіць быць укапанай ці ўбрукаванай гэтымі палазамі, наколькі я разумею.

Стаянка ніяк не асьвятляецца і ня ведаю, ці праглядаецца відэакамэрамі.







Праваднік па менскіх веластаянках

Ёсьць яшчэ дзённыя фатаграфіі й навіна на сайце Менскага роварнага таварыства.

Jun 29, 2012

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. БелОМА

VI.2012. Арматура redesigned

На БелОМе перарабілі веластаянку і павесілі знак. Форма стаянкі — як у старой з арматурных прутоў, але новыя пруты не іржавыя і не шурпатыя. Калі новая стаянка рабілася не бясплатна, то можна было за грошы нагледзець больш зручную форму. Але, налаўчыўшыся, карыстацца можна і гэтай. А можна не налаўчацца. Дрэваў ля БелОМЫ хапае. А калі стаянкі будуць мяняць кожныя паўгода, то, магчыма, калісь нарэшце зьявіцца і такая, як ля менскай ДАІ.






V.2012

Менскі завод імя Вавілава славіцца вытворчасьцю асабліва складанай оптыкі ды электронікі, і чаго толькі ня робіць — ад танных штатываў да касьмічных комплексаў, камплектацыю і цану якіх нам ведаць не абавязкова. Завод нейк нат былі ўганаравалі за выбітны ўнёсак у эканоміку краіны.

Але, відаць, паводле нейкіх прадпісаньняў такому перадавому ва ўсіх сэнсах флагману належыць вонкава выглядаць дэпрэсіўнай дзірышчай.

Таму, трэба думаць, завод акаляе крывы паўразбураны плот зь ліхтарнямі безь ліхтароў, якім з выгляду гадоў пад сто. Таму, трэба думаць, тут — лічы ў цэнтры, адразу за паркам Чалюскінцаў — поўная цемра, толькі пражэктар асьвятляе калючы дрот для ахоўніка. Таму, трэба думаць, тут паставілі зьляпаную з абгрызкаў арматуры безгустоўную, бессэнсоўную, звыродлівую і небясьпечную для ровараў веластаянку.



Пра зручнасьць і запатрабаванасьць красамоўна сьведчыць прыцяты да парканчыка ровар на заднім пляне.


(Хай цябе не бянтэжаць два ўторкнутыя ў гэтае страхоцьце ровары. Абодва належаць адрыўшчыкам. А ровары ў адрыўшчыкаў жывуць нядоўга і паміраюць прыгожа). 

На мапе

Jun 2, 2012

ВелаВільня. Веладарожка на Шымулёніса




0:02 Віленчукі не баяцца рабіць велапалосы на дарогах
0:05 Гэта велапаласа на вуліцы Ігнаса Шымулёніса
0:08 Вуліца названая ў памяць забітага 17-гадовага абаронцы тэлевежы ў 1991 годзе
0:23 Велапаласа не прыціскаецца да бардзюраў
0:41 Нерэгуляваны велапераезд
0:49 Вуліца дастаткова спакойная, але ўвесь час на такіх пераездах я пачуваўся няўтульна
0:58 Пакрыцьцё велапаласы на ходніку відочна лепшае за плітку на пешаходнай частцы
1:17 Вуліца 13 студзеня (Sausio 13-osios gatvė)
1:25 Пад коламі — «фірмовая» віленская плітка
1:32 Яна даволі старая і месцамі ўжо ня дужа роўная
1:45 А месцамі зусім непрыдатная для транспартнага руху
1:51 Добра хоць што велапаласа не абрываецца перад кожным выездам, як гэта прынята ў нас
2:07 Зьлева - недарагі гатэль, папулярны ў экскурсійных агенцтваў
2:09 Але ёсьць і таньнейшыя =)
2:24 Неўзабаве велапаласа зьнікае
2:26 У літоўскіх правілах дарожнага руху няма дазволу ехаць па ходніках
2:29 Але й перасякаць праезную частку абы-дзе таксама няможна
2:31 Раварыст апынаецца юрыдычна ў павешаным стане
2:33 Балазе ў Вільні не зьвяртаюць увагі на язду па ходніку
2:34 Я там увогуле за дзень паліцыянтаў бачыў разы два

May 31, 2012

Віленскі «велабан»

У Вільні таксама ёсьць веладарожка ўздоўж гарадзкой ракі. Яна ў пяць разоў карацейшая за менскі «велабан», і гэта не адзінае адрозьненьне. Глядзім відэа і ўключаем тытры.



1:54 Тым часам за Баравым мастом (Šilo Tiltas) дарожкі зьліваюцца ў адну
1:57 Пешаходам аддаецца няпоўная траціна
2:01 Неўзабаве мінакам і ўвогуле прапануецца перайсьці на грунт
2:26 Паласа побач з раварыстамі — і зноў на грунт.
2:48 Заканамерна на веладарожцы зьяўляюцца мамы з вазкамі ды іншыя мінакі.
2:54 Веладарожка мае нумар як частка EV11 (Эўравела-11)
2:58 EV-11 — гэта веламаршрут Атэны — Нордкап, амаль 6 тысяч кілямэтраў
3:01 Кажучы больш сьціпла, гэтая веладарожка некуды і аднекуль вядзе
3:04 Або ў Веркаўскі заказьнік
3:06 Або далей да Зялёных азёр
3:08 Або ў Эўрапейскі музэй
3:11 Ці хоць да Нордкапу.
4:32 Раз-пораз стаяць стылёвыя ўказальнікі кірункаў зьезду.
4:52 (Кампанія падшыванцаў расступілася зь неахвотай)
4:57 Веладарожка мае і ўласную назву — «Вялейская вуліца» (Neries gatvė)
7:02 Урэшце веладарожка выходзіць на Веркаўскую вуліцу (Verkių gatvė)
7:07 Мясьціна называецца Трынапаль (Trinapolis)
7:22 Зьлева — Касцёл Святой Тройцы і кляштар трынітарыяў
7:30 Веладарожка скончылася, але на дарозе праглядаецца велапаласа
7:41 Разьметка амаль сьцёрлася
7:44 Неўзабаве высьвятляецца, што яна ўвогуле закрэсьленая
7:49 Цікава б было даведацца пра гісторыю яе зьяўленьня і скасаваньня
7:54 Дарэчы, зьвярні ўвагу на ўзбочыны і шырыню дарогі
8:00 У Вільні багата такіх вузкіх дарог, дзе няможна збочыць, бо ўзбочча няма
10:08 «Скасаваная» веладарожка сканчаецца ля веркаўскага млына
10:11 Цяпер там рэстарацыя
10:12 Ад млына налева ідзе маляўнічая сьцежка да веркаўскага палацу
10:15 Далей адразу пачынаецца велашлях да Зялёных азёр
10:17 Або ў іншы бок — да віленскіх ускраін.

May 30, 2012

ВелаВільня. Веладарожка ад Вострай Брамы

Велапаласа па Базылянскай вуліцы можа падацца нягеглай. Яно так і ёсьць. Мінакам цесна, раварыстам нязручна. Раптам паласы становіцца дзьве, і незразумела, якая зь іх сапраўдная.
Але віленчукі спрабуюць, эскпэрымэнтуюць. І таму ў іх мусіць атрымацца.



0:19 Велапаласа заціснутая між мурамі, стаянкай і высадкай турыстаў
0:37 Незразумела, якая зь дзьвюх велапалос сапраўдная
0:42 Спачуваньні мінакам. Ім трэба ціснуцца да сьценаў
0:45 І ўсё ж віленчукі спрабуюць, экспэрымэнтуюць
0:48 Таму ў іх раней ці пазьней атрымаецца

May 29, 2012

ВелаВільня. Веладарожка на праспэкце Гедыміна

Запрашаю пракаціцца па ўзорна-паказальнай веладарожцы на ўтульным віленскім праспэкце Гедыміна.

А заадно празь няўзорна-паказальны раён Зьвярынец, дзе жылі Цётка і Купала, даехаць да папулярнай між турыстаў «Панарамы» (адтуль некаторыя міжнародныя аўтобусы адпраўляюцца раней, чым ад аўтавакзалу).

Кіно — з музыкай і субтытрамі.

У фільме паказваюцца такія дзівосы, як велапаласа на праезнай частцы, вуліца з абмежаваньнем хуткасьці 30 км/г, а таксама нерэгуляваны адасоблены велапераезд цераз вуліцу.

May 12, 2012

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. МТЗ


Фантастычная, велізарная стаянка насупраць прахадной МТЗ. Каб не пабачыў на свае вочы, дык не паверыў бы.
Праўда, як я там пабачыў... Цёмна там, як у коміне, па праўдзе.

КППМ веластаянках. Адміністрацыя Маскоўскага раёну

Адміністрацыя Маскоўскага раёну паставіла звычайную колаўторквалку. Але дзе! Пад самымі сваімі дзьвярыма, у дворыку, які выдатна праглядаецца з вокнаў калідораў. Вытворцы веластойку крыху разагнулі, і ровар ня вісьне на сьпіцах, што ўжо дасягненьне. Ды ня ў гэтым нават справа. Веластаянка ля такіх аб’ектаў — прыемны знак увагі. Лёд крануўся?


Адрас: праспэкт Дзяржынскага, 10.

Чырвоныя палосы на новых ходніках

Неспавядальныя пуцявіны айчыннага дарожнага будаўніцтва. Размаітыя фантазійныя фігуры з пліткі на ходніках у гэтым сэзоне зьмяніліся модай на чырвоныя палосы бліжэй да праезнай часткі.



Я ведаю, што ты падумаў. Я таксама гэта падумаў. Але ў мяне няма пэўнасьці ў тым, што тое самае думалі праектавальнікі. Прынамсі я не зьдзіўлюся, калі чырвоныя палосы так і застануцца чырвонымі палосамі, а ня будуць абазначаныя як веладарожкі.

Але надзея на тое, што новыя вуліцы будуць зь веладарожкамі ёсьць. А вось на  безбар’ернае асяродзьдзе — не.

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. Менскае ДАІ

Узорна-паказальная стаянка зьявілася ля будынку Ўпраўленьня ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму. Адрас экспаната — праспэкт Дзяржынскага, 3. Больш дадаць няма чаго.

Хаця ёсьць. Дабрацца да гэтай стаянкі на ровары — задача няпростая. Заезды перагароджаныя шлагбаўмамі, а абодва вузкія праходы праз плот абазначаныя высокім бардзюрам.

May 8, 2012

КППМ веладарожках. Нікіфарава


Велапаласа на Нікіфарава не паспявае нічым зьдзівіць. 350 мэтраў камфортнага руху — нават прызвычаіцца не пасьпяваеш перад пазастаўляным машынамі ходнікам ля паліклінікі, або перад разьбітым асфальтам за рынкам на Старынаўскай, або перад бардзюрамі-волатамі на Русіянава, або перад выездам у горад праз разьвязку між МКАД і праспэктам, на якой нават зебры і знакаў пешаходнага пераходу няма.
Добрая, якасная, бессэнсоўная паласа.

Менскія веладарожкі

Jan 22, 2012

Непраезная частка


Зімой рэдкі дзень абыходзіцца без чыноўнікаў у навінах, якія расказваюць пра посьпехі ачысткі сталіцы ад сьнегу. І кожную зіму паўтараецца тая самая карціна: веладарожкі ня чысьціцца пераважна, ходнікі чысьцяцца ўрыўкамі.

Нягледзячы на дэклярацыі ўладоўцаў, роварная і пешаходная інфраструктура не ўспрымаецца як камунікацыйная і аддаецца занядбаньню пры першай нагодзе. 


Глядзі яшчэ: Відэа леташняга фрырайду па Радыяльнай.

Jan 19, 2012

Канцэпцыю прыняць, дарожак не будаваць

«Фэшэнэбэльная» веладарожка
ля Цнянскага вадасховішча
19 студзеня Onliner публікуе цытату чыноўніка з адміністрацыі Цэнтральнага раёну наконт будаўніцтва веладарожак:
«У нас былі гатовыя чатыры прапановы. Напрыклад, зрабіць веладарожку вакол вадасховішча. Альбо пракласьці яе ад Лагойскага да Даўгінаўскага тракту. Пачаўся нейкі рух. Мы хацелі здаць аб’ект да 2013 году. Але ў канцы 2011-га прыйшоў ліст за подпісам аднаго з намесьнікаў старшыні Менгарвыканкаму з указаньнем прыпыніць праектаваньне і будаўніцтва веладарожак у Менску».

Цікава, што акурат у канцы 2011-га была зацьверджаная «Канцэпцыя забесьпячэньня сыстэмы роварнага руху ў сталіцы».