Jun 29, 2012

Кароткі праваднік па менскіх веластаянках. БелОМА

VI.2012. Арматура redesigned

На БелОМе перарабілі веластаянку і павесілі знак. Форма стаянкі — як у старой з арматурных прутоў, але новыя пруты не іржавыя і не шурпатыя. Калі новая стаянка рабілася не бясплатна, то можна было за грошы нагледзець больш зручную форму. Але, налаўчыўшыся, карыстацца можна і гэтай. А можна не налаўчацца. Дрэваў ля БелОМЫ хапае. А калі стаянкі будуць мяняць кожныя паўгода, то, магчыма, калісь нарэшце зьявіцца і такая, як ля менскай ДАІ.






V.2012

Менскі завод імя Вавілава славіцца вытворчасьцю асабліва складанай оптыкі ды электронікі, і чаго толькі ня робіць — ад танных штатываў да касьмічных комплексаў, камплектацыю і цану якіх нам ведаць не абавязкова. Завод нейк нат былі ўганаравалі за выбітны ўнёсак у эканоміку краіны.

Але, відаць, паводле нейкіх прадпісаньняў такому перадавому ва ўсіх сэнсах флагману належыць вонкава выглядаць дэпрэсіўнай дзірышчай.

Таму, трэба думаць, завод акаляе крывы паўразбураны плот зь ліхтарнямі безь ліхтароў, якім з выгляду гадоў пад сто. Таму, трэба думаць, тут — лічы ў цэнтры, адразу за паркам Чалюскінцаў — поўная цемра, толькі пражэктар асьвятляе калючы дрот для ахоўніка. Таму, трэба думаць, тут паставілі зьляпаную з абгрызкаў арматуры безгустоўную, бессэнсоўную, звыродлівую і небясьпечную для ровараў веластаянку.



Пра зручнасьць і запатрабаванасьць красамоўна сьведчыць прыцяты да парканчыка ровар на заднім пляне.


(Хай цябе не бянтэжаць два ўторкнутыя ў гэтае страхоцьце ровары. Абодва належаць адрыўшчыкам. А ровары ў адрыўшчыкаў жывуць нядоўга і паміраюць прыгожа). 

На мапе

No comments:

Post a Comment