Nov 9, 2013

Сьвежавыяўленыя веластаянкі, лістапад 2013

«Акадэмкніга»,  Незалежнасьці, 72.
Мой гібрыд стаяць не захацеў і ўпёрся колам у сьценку.
Там насупраць ёсьць плот уздоўж дарогі — аб яго паркавацца зручней.

А вось завод колавых цягачоў паставіў ля прахадной на Машынабудаўнікоў правільную стаянку.
На жаль, высокія бардзюры і нахабна-хаатычная паркоўка на прылеглых хоніках таксама засталіся.


Гэта ровар вісіць на сьпіцах ва ўколаўторквалцы на Асаналіева, 40-1.
Дарэчы, праз дарогу былі намалявалі веладарожку, але потым перадумалі.


А гэтай гаргарынай загарадзілі зручныя парэнчы ля гастранома на Ангарскай, 10-1.

Энэргетычны каледж уразіў аб’ёмамі і пачуцьцём прыгожага.
Пачварная канструкцыя, але карыстацца можна, калі няма сумневаў у зваршчыку.
Радыяльная, 38а-1.

Гандлёвы цэнтар Bonus на вуліцы Ўладзіслава Галубка, 2
Стаянка даказвае, што нават бліскучая колаўторквалка не перастае быць проста колаўторквалкай


Стаянка ў выглядзе рыбіных рэбраў ля «Віталюра» на Налібоцкай, 8.

Колаўторквалка агромністая, а кола ня ўлезла.

Перапынак на велавешалку зь фінціклюшкай ля «Замка» на Пераможцаў, 65

І зноў да веларэбраў «Віталюра»
Тут воська ўлезла, але кола ўпёрлася ў курасадню. Жыновіча, 7



Зноў «Віталюр», Матусевіча, 2.
Колавырывалка, у якой ровар вісіць на сьпіцах.

І каб скончыць на мажорнай ноце — колаўторквалка побач з Спэцкамбінатам побытавага абслугоўваньня, Альшэўскага, 12.

Oct 30, 2013

Велапаласа на Нёманскай



Ідзе ад Казіміраўскай да Прытыцкага.
На відэа — адзін квартал, далей - тое самае.
Цікава, што палова ходніка забрукаваная чырвонай пліткай — так прынята абазначаць веладарожкі на Захадзе. Магчыма, такая задума была і ў праектавальнікаў. Але ў выніку ўсё скончылася традыцыйным фарбаваньнем.
Велапераездаў няма.
У праблемных месцах паласа абрываецца.

Oct 29, 2013

Напаўзьніклая велапаласа на Матусевіча



А вось яна сьвежанамаляваная ў справаздачы alex_radko.

Велапаласа на Прытыцкага



Праз год пасьля зьяўленьня вела(неда)паласы на праспэкце Незалежнасьці — новы прарыў.

Велапаласа гэтага году цягнецца амаль ад пачатку вуліцы Прытыцкага да канца — дзесь на 5 км. Гэта першая добрая навіна.

Другая — белая лінія ўздоўж маляваных роварчыкаў. Трэцяя з чацьвёртай — права ня злазіць з ровара на пераходах і нізкія бардзюры. Гэта важкі прагрэс.

Глядзіш, яшчэ год-два — і велапалосы навучацца рабіць суцэльнымі, а не пункцірнымі,
бардзюры паніжаць усё-ткі да нуля,
лаўкі ставіць збоку ад ходніка, а не на траекторыі,
ну і рабіць у год не па адной паласе.

Раварыстам пакінулі траціну ходніка, а не палову, як звычайна. Траціна — сама тое. Для пешахода — гэта ўсяго адзін крок убок, каб апынуцца на сваёй тэрыторыі бязь «іміджавых стратаў».

Застаецца, праўда, пытаньне, як так выйшла, што на нядаўна забудаванай фактычна з нуля вуліцы даводзіцца ўпіхваць велаінфраструктуру па прынцыпе «куды ўлезе хоць бы як»?

А што рабіць, каб пешаходы радзей хадзілі па веладарожках? Відаць, трэба раварыстам езьдзіць тамака часьцей.

Jul 29, 2013

Сьвежавыяўленыя веластаянкі, ліпень 2013


7-мы інтэрнат БДУ, Кастрычніцкая вуліца, 10a. Брак і грошы на вецер

Новае «Лідо» на Камароўцы. Чым яны думалі?

Някепская веластаянка ля «Экспабела» ў Баравой.
Магчыма, празь нейкі час адміністрацыя зразумее, чаго тут яшчэ людзям не хапае.

Бязглуздая колавырывалка ля «Казачнага замка» на Незалежнасьці, 83.

Добрая стаянка ля ЦУМа. Яе б яшчэ пад плітку схаваць…

Колавырывалка ля «Навасёлкіна» ў Баравой

Колаўторквалка ля «Мацерыка» на Прытыцкага, 101. Паркавацца лепш збоку.
Здымак ілюструе падтрымку народам году беражлівасьці. Другі раварыст прыпаркаваўся ўпрыцірку пры свабоднай стаянцы.

Jul 3, 2013

Велапаласа на Голубева

На Паўднёвым Захадзе разьлінавалі шырачэзны ходнік на вуліцы Голубева.
Сьвежы асфальт сустракае 3D-эфэктамі (зьнята ў красавіку)
Бардзюры амаль усюды амаль у ноль. Аднак ня варта траціць пільнасьці…
…Палова ходніка выкарыстоўваецца пад паркоўку.
Дзе не стаяць машыны, ходзяць пешаходы.
У трэндах сёлетняй моды менчукоў — ставіць машыны так, каб абавязкова палова вытыркалася на ходнік.
А ўвогуле грэх не запаркавацца на такім ходніку. Нікому ж не замінае — яшчэ два шэрагі машын улезе.
Намаляваць велапераезд цераз праспэкт «Звязды» не адважыліся.
Далей веладарожка ідзе то з разьметкай, то без.
Зрэшты, ці з разьметкай ці без — ніхто на яе не зважае.

Шырокі ходнік з добрым асфальтам і нізкія бардзюры — ужо дасягненьне. Што да знакаў і разьметкі — яны не выконваюць сваёй функцыі. І пакуль веладарожкі будуць урыўкавай экзотыкай, а не камунікацыйнай сыстэмай, іншага чакаць не выпадае. Інспэктары ДАІ наўрад ці выйдуць на велапалосы тлумачыць правілы дарожнага руху. А вось у школах трэба расказваць вучням, што хадзіць па веладарожках  ня варта і небясьпечна, каб хаця б тады, калі яны стануць бацькамі, нешта паціху пачало зьмяняцца ў галовах.

Jun 30, 2013

Узялі моду

Калі горад ужо задумаўся пра спрыяльную інфраструктуру для пешаходаў і раварыстаў, але пакуль вяла і нясьмела — ёсьць правераны і надзейны шлях: рабіць яе падчас рамонту вуліц. Адслужыў асфальт сваё — прыйшлі, паламалі і зрабілі як сьлед — для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Менскае кіраўніцтва робіць прагрэсіўныя заявы пра раварызацыю сталіцы, але на справе нават ня топчацца на месцы, а здае назад. Што там заікацца пра новыя веладарожкі — апошнімі гадамі ўзялі моду рабіць капітальны рамонт праезнай часткі, не зважаючы на ходнікі, у якім бы стане яны ні былі.

Верагодна, моцныя гаспадарнікі пры ўладзе, думаюць, што ашчаджаюць капейчыну. Насамрэч яны пасылаюць сыгнал двум мільёнам беларусаў: гэй вы, у Менску яшчэ дужа мала аўтамабіляў, купляйце хутчэй і кідайце дзе абы — мы заплюшчым вочы — бачыце ж: аўтобусы перапоўненыя, ходнікі разбураныя, раварысты бяспраўныя. Калі мы й будзем паляпшаць умовы руху па горадзе, то толькі для машын, а ровар можаце прывезьці на выходных на якую пакручастую веладарожку і пагойсаць туды-сюды, калі дзяцінства з галавы ня вылецела.

Вуліца Сьвярдлова. Сьвяжуткі асфальт — машынам. Раварысты едуць па сьцежках у насыпе! (Пераход на той бок Сьвярдлова, дарэчы, — 500 м і 2 падземныя пераходы — чым не красамоўны ўрбаністычны стымул).






Кашмар на вуліцы Сталетава скончыўся толькі для аўтамабілістаў. Бугрыста-выбоістыя ходнікі праслужаць яшчэ сто лят?






Вуліца Сурганава. Элітныя навабуды, Акадэмія навук, батанічны сад і спартовы комплекс... Ну, вы ўжо зразумелі, што горад хоча, каб вы туды ехалі не на ровары. Хай нават стаяць у заторы — але на новым асфальце. На раструшчаным асфальце ходнікаў ці недавынішчанай траве можна і варта ставіць машыны — іх жа так нестае сталіцы.




Радыяльная вуліца. Цераз правалы ў ходніку можна назіраць за цягнікамі. Летась тут міма праяжджаў прэзыдэнт, і самыя вялікія дзіркі насьпех заляпілі, той цяп-ляп, ясная справа, неўзабаве высыпаўся на дахі электрычак. Цяпер ходнік распаўзаецца ў розныя бакі, пакуль для аўтамабілістаў паліруюць навюткі асфальт. Як вынік мудрай эканоміі павялічыўся велатрафік па праезнай частцы.




Гэткая ж гісторыя на вуліцы Філімонава. Па новым асфальце праскочыць яе можна зь ветрыкам на хуткасьці 50. Так, на ровары — не па ходніку, вядома. Зрэшты, гэта яшчэ ходнік яшчэ ці ўжо «ямнік»?



Эталонам чыноўніцкай ашчаднасьці зьяўляецца дрыгва ўздоўж праспэкта Дзяржынскага ад Уманскай да Чыгуначнай. Праезную частку адкрылі яшчэ летась, а раварысты, а пешаходы... «А что там пешеходы...»



Jun 27, 2013

Сьвежавыяўленыя веластаянкі, чэрвень 2013

Радыяльная, 52. Бровар «Крыніца». Колаўторквалка, уторкваць кола ў якую дурных няма. У краму пры заводзе заскочыць — самае тое. А вось для работнікаў варта было зрабіць штосьці побач за плотам на пільнаванай аўтастаянцы.



 
 
Вуліца Калініна, 19. Разьлікова-касавы цэнтар № 3.. Васьмімесцавая колаўторквалка, у якой з адрывам выйграюць парэнчы ля прыступак.


 
 
Праспэкт Ракасоўскага, 3. Прадуктовая крама. Кола, вядома, лепш ня ўторкваць — лепш прыладзіцца збоку. Вышыня дазваляе. Хоць, вядома, брак і грошы на вецер



 
 
Машэрава, 1. Coffeebox


Па выглядзе ды габарытах колаўторквалкі вымалёўваецца вобраз ідэальнага кліента кавярні:


 
 
Вуліца Якуба Коласа, 36. Крама «Падарункі».

Гэта веластаянка ў Менску, каля якой усе фатаграфуюцца. Адпаведны надпіс мусіць зьявіцца неўзабаве. Дарослы ровар у яе катэгарычна ня ўлазіць — і гэта нармальна! Прыгожанька, чырвоненька, рамбавідненька — а тут потныя раварысты з сваімі бруднымі коламі?! Каб раварыстам было зусім сорамна, колавырывалка зроблена так, каб уторкнуты ровар перакрываў пешаходныя траекторыі крыху менш як цалкам.